Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Свецячы запалкамі, я ўбачыў, што коркі крыху адкручаныя, і ўкруціў іх. Пасля выйшаў на двор і спытаў у курыльшчыкаў:– Даўно вы тут разам?– Пару хвілін, – сказаў Кухарчык. – А вось як, скажыце вы мне, грыфель у аловак засоўваюць. Колькі ўжо думаю.– Склейваюць вакол яго дзве палавінкі, – сказаў я, махнуў рукой і паплёўся наверх.Тут мне прыйшла у галаву яшчэ думка, што ён мог заскочыць у пакой дзяўчат, і хаця я падумаў, што ад віску тут бы й дом рухнуў, пазваніў і зайшоў.Звычайны, па-студэнцку, па-дзявочы абстаўлены пакой, толькі што з парай афіш, на якіх гэтыя прыгажуні былі адзначаны самым дробным шрыфтам.На крэслах (ложкі былі бялюткія) сядзела трох гожанькіх дзяўчат і стаяў… малады чалавек, на гэты раз без вядра. Ён быў моцна ў куражы і злёгку пахістваўся. А тыя падхіхіквалі як ні ў чым не было.– Дзяўчаты мае, сонца майго жыцця! Вы, мае нефертушачкі…– Колькі ён тут?– З паўгадзіны, – віскнула гожая брунетачка з хітранькай усмешкай. – Насмяяліся.– Ганіце яго ў шыю, – махнуў я рукой.І палез да сябе наверх, і толькі ля самых сваіх дзвярэй мяне як стукнула, і я пачаў зноў спускацца.І ў гэты час ляснулі парадныя дзверы. Я кінуўся да іх, расчыніў, але па вуліцы вяртаўся з кіно народ, і чорт яго на ёй было каго заўважыць.Дзверы ў сутарэнне: павуціння няма.“Ёлуп з дэдуктыўным мысленнем! Павуціння яму! Пад ім можна прапаўзці, не зачапіўшы парога. І няўжо ты думаеш, што той не абмысліў слядоў адступлення? Ідыёт! Перачніца старая! Ясна, што калі палез бы, то атрымаў бы, пэўна, па чэрапе. І добра. Па такім чэрапе толькі й атрымоўваць”.Але на гэтым вечар не скончыўся. Ледзь я паспеў запаліць святло і ляснуцца на тахту, зазваніў тэлефон. У мяне заўсёды прадчуванне, калі тэлефон – дрэнна. Я не хацеў падымаць трубкі, але той аж разрываўся. Давялося зняць, і тут я пачуў здалёк роспачны лямант Косціка Красоўскага:– Антон! А-антон!– Я. Што такое?– Антон!!! Божа! Божа!– Ды што з табою?– Зо… Зо… Зо…Тут я зразумеў: не толькі нешта не да ладу. Здарылася нешта непапраўнае.– Кастусь, супакойся.– К… К…– Ну што? Што?– Зоя… памерла.– Як? – па-дурному спытаў я, яшчэ нічога не разумеючы.– К… к… калій цыян. І запіска: “Я прадала свайго сапраўднага, – ён зрабіў націск на гэтым слове, – мужа. Не вініце нікога, акрамя мяне”.– Я еду! Еду!– Н… не. Я еду… Туды, – рыданні былі такія, якія мне рэдка даводзілася чуць.І ён паклаў трубку. І тут на мяне абурылася ўсё. І, галоўнае, я не ведаў – чаму? Што здарылася ў два апошнія прыходы? Нічога. Усё тое ж, і нават рукапісы на стале, і ўсё на сваім, упарадкаваным, месцы: чыстая папера – справа, спісаная – злева, попельніца – тут, цыгарэты – тут. Свет перавярнуўся, але толькі для мяне. І тая самая пахмурая красавіцкая ноч за акном, і зноў, здаецца, сячэ вокны дождж. Ну так, расставаліся.Але ж гэта было вырашана даўно – пры чым тут раптам яе слёзы.“Яна рыхтавалася, гэта ясна, цяпер я зразумеў. Чаму? Калі ў ёй было шкадаванне па мне толькі як аб згубленай забаўцы. У мяне было крыху больш сур’ёзна, але таксама… Чаму ж зараз так ломіць душа? Што я падмануў Красоўскага? Я не ведаў аб гэтым, а яна не надавала гэтаму значэння. Што раптам змянілася?”Я сядзеў і тупа глядзеў за акно ў ноч. Пасля пайшоў, узяў том энцыклапедыі. “Цианистый калий”. “Ужываецца ў працэсе атрымання золата і срэбра з руд…” Нашто мне золата і срэбра? “Вельмі атрутны”. Прызнакі атручвання: лоб жаўтаваты, сінюха на выліцах і шыі, вусны злепленыя, скура ледзяная і сухая.