Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Не, не мог я ўявіць Зою з жаўтаватым лобам і ледзяной скурай. “О божа неўблажымы! Што ўсё ж здарылася?”Усё было скончана між нас. Усё было ўвогуле скончана. Чаму ж у мяне пачуццё такой віны?! Я ж умаўляў, ледзь не ўмаляў яе.І вось канец.Чэрап мой расколваўся… Стужка… Крокі пад акном. Смерць Мар’яна…Яшчэ адна смерць…Зноў згасла неба.І тут пачалося маё… няладнае.За акном дождж. Мокрыя плямы ліхтароў. Цягнецца нябачны саладкавы дымок тытуню. І раптам дробныя рознакаляровыя кропкі, як на карцінах пуантылістаў і як выбух, як чорныя крылы. І цемра, і я ляжу на тахце, і павольна, слаіста сцелецца нада мню блакітны туман, у якім устаюць мілыя абліччы.…Раніцай я пазваніў Хілінскаму і расказаў пра ўсё.– Нікуды не заходзь, – устрывожыўся ён. – Ні аб чым не думай. Ні аб экспертызе, ні аб чым. І ўвогуле, збірай ты манаткі і едзь у свае Альшаны. За маю галаву, у выпадку чаго, не непакойся, знойдуць.

РАЗДЗЕЛ IXКладна. Дарога. Адрашэнне.Я люблю Кладна больш за іншыя гарады. Люблю за прытульнасць зблытаных на павуцінне, залітых ранішнім сонцам вулачак, за шырокую плынь ракі, што змяіцца водарасцямі, за грыфель сцен і аранжава чашуйчатую чарапіцу касцельных дахаў, за ўсё тое, што недабурыла вайна.За дзікі вінаград, што абвівае крэмавыя муры, за зелень. І хаця зелені не было, а над горадам проста горача і сіне свяціла неба канца красавіка – я ўсё адно нібы крыху адышоў ад закамянення. Ва ўсякім разе, дзейнічаў не па інерцыі.Аўтобус на Альшаны быў толькі пад вечар, але я не зайшоў нават у цудоўны мясцовы музей: мне не хацелася глядзець на рэчы, мне хацелася глядзець на людзей. І крыху адыходзіць, прыпаўшы да іх цеплыні. Першае маё прыпадзенне адбылося, аднак, не зусім у тым ключы. Я зайшоў у другарадны рэстаран, адзін з тых, што раніцай чайная, а рэстаран толькі а другой палове дня. І, аднак, ужо натрапіў на тое, чаго не люблю, на тое, як невялічкі аркестр рыхтаваўся да сваёй занадта гучнай музыкі. Папрасіў біфштэкс, яшчэ сёе-тое і бутэльку піва.“Рэстаран” быў сучасны, без копій Хруцкага на сценах (бедны мастак!), але затое з роспісамі, на якіх плылі розныя “царэўны-лебедзі” і “лады” (дзеўкамі б ім старымі застацца ці замуж далёка выйсці, ды каб ім бог сем дачок даў). І страшэнна не гарманіравала з гэтым мэбля: шафкі для посуду, сталы, крэслы і цяжкая старая стойка. І тут ужо зараз было хмельна і моцна накурана.Афіцыянтка ў белым венчыку прынесла мне ўсё і прытулілася да падаконня непадалёк ад мяне.Я еў і слухаў “гвар”.– Нічога, алкаголікаў лечаць.– Пазычыў ёй грошы. Ніхто ў гэта не паверыць, але гэта так.– П’яныя, як гарылы, былі.– Глупства зрабіў. Пачаў бараніцца ад міліцыі. А гэтага рабіць не след. З уладаю не звязвайся, – павучаў нейчы станоўчы голас. – Проста пайдзі дарогаю. Прэч.Біфштэкс быў з гумы са сталёвым каркасам. Але, як казаў калісьці камісар нашага атрада: “Вычарпай усе сілы пры выкананні задання, мабілізуйся – а зрабі”.Я – мабілізаваўся.Тым часам аркестр, відаць па заказу, раўнуў апрацаванае ў сучасным суперджазавым духу папуры з беларускіх песень. І гэта было ўжо занадта. Два смаркачы з кудламі, за суседнім столікам, падпявалі і рыдалі адзін аднаму ў камізэлькі.Афіцыянтка прыкрыла ружовай далонькай рот, хаваючы пазяханне.– Гэта што ў вас, заўсёды такая гнюсь? – спытаў я.– Амаль заўседы, – сумна сказала яна. – Акрамя позняй ночы і выхадных. У вялікія рэстараны перасталі хадзіць.