Чорны замак Альшанскі, ч. 3

ЧАСТКА ІІ

КАТАКОМБЫ, ЗМРОК І АГОНЬРАЗДЗЕЛ ІУ якім ніхто з “трох мушкецёраў” амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць Май быў такі, што каб такіх не бывала на зямлі – яго варта было б выдумаць. Начамі некалькі разоў ласкава шапталіся з дахамі цёплыя, ледзь не парныя дажджы. Раніцамі зямля курэла добрай парай нават праз шматлікія густыя парасткі, а на травах віселі падвескі з расы: зробіш крок і раптам заззяе, зробіш другі – і ўжо ў іншых месцах успыхваюць маленькія аранжава-зялёныя сонцы.Май абяцаў спакойнае лета, добрую восень, сытую зіму, і мала хто з мужыкоў не бласлаўляў яго.Акрамя, мабыць, мяне.Для мяне ён быў не квеценню садоў, якая пасля ўкрыла цёплым снегам зямлю, не дажджамі, не росамі, што прарочылі раскошныя жыватворныя дні, а хутчэй нейкімі змрочнымі падземнымі сутарэннямі, пераходамі, бясконцымі катакомбамі ды кашмарамі па начах.Я жыў, кажучы словамі старога ананіма:На мяжы святла і змроку, На мяжы жыцця і смерці.А калі прыйшлі тыя падзеі – да ўяўлення аб гэтых лазах, ямінах, правалах, падземных калодзежах прыйшлі і яшчэ радкі (чые, я забыў) аб тым, як:У змрочным пекле, дзе з чорнымАгністы схапіўся бог.Таму настрой у мяне, як кажуць браты-палякі, быў “на псы”, калі недзе ўжо ў дваццатых чыслах месяца я сядзеў на лавачцы ля Шаблыкавай хаты разам з гаспадаром і Міхасём Змагіцелем, займаючыся вельмі ўхвальнай справай (мы паволі-паволі папівалі “беларускі бальсан”, змешаны са слязой божай, і закусвалі з рэшата парніковымі трускалкамі (хай яго бог любіць, гэтага Шаблыку, усё на свеце ў яго ёсць або знойдзецца).Дундзелі ў залатым вячэрнім паветры хрушчы. Зусім ужо нізкае сонца зрабіла з Альшанкі райскую раку святла. Густыя ўжо шаты дрэў нерухома рыхтаваліся да сну.І размова ў нас ішла нейкая сонная і, спачатку, ні аб чым.– Ты вось заўсёды што – “БТ” гэтае курыш? – лянотна спытаў Змагіцель.– Так.– А я вось выключна “Нёман”.– Дый я люблю, але як пакуру доўга – кашаль. Кінуць не спрабаваў?– Раз дзевяць месяцаў не курыў. А тут выбары. Піва рэдкага на вёсцы прывезлі: “Лідскае”. Сушаная рыба знайшлася. Ну, а я ўрну вазіў па тых, хто сваімі нагамі прыйсці не можа. Сябры набралі ўсяго на маю долю і, заразы, забыліся, тры пачкі “Нёмана” купілі. Як толькі галасы падлічылі – складчына. А я намёрзся за дзень на марозе, адвёў каня, прыйшоў, ну, выпілі. Забыўся, закурыў. І… як не было гэтых месяцаў.Шаблыку гэтая бяседа была такая цікавая, што здохнуў бы разам з мухамі. Таму размова перайшла на тэму, ад якой, мяркуючы па нашых літаратурных газетах, здохлі б мухі ўва ўсім свеце: на “кніжнасць”.– Ну вось якой ты, Міхась, думкі пра Быкава?– А нічога. Не выдумляе. Відаць, што сербануў гэтай ваеннай раскошы аж пад пілотку. Не тое што нейкі піша, як Саня лазенным венікам роту немцаў разагнаў… з танкамі.Мылі, мылі костачкі інжынерам чалавечых душ (пачулі б яны гэта з трыбуны), і скончылася размова яшчэ на адной асобе, да якой я ўвогуле стаўлюся цярпіма.– Ну а гэты… Караткевіч? – спытаў Шаблыка.– А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае… Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць.– Кажуць, бабнік, – сказаў Змагіцель.– А пра каго гэтага не кажуць? Ты вось лепей, Антось, скажы, што ты так нарасшыфраваў? – перавёў нудную размову на іншае Шаблыка.Я коратка расказаў пра літарэю. Сказаў толькі, што цвёрда ўпэўнены, што патрэбная мне вежа – з паўночнага боку, там, дзе была замураваная пасля Слуцкая брама. Сказаў і пра вугал намотвання (я верыў гэтым хлопцам і дужа спадзяваўся, што яны, былыя дзеячы партызанкі і падполля, умеюць, калі трэба, заціскаць у ціскі язык), але сказаў (даруй мне, божа, за хлусню), што прадмета, вакол якога трэба матляць, у мяне няма і што вызначэнне па транспарціры вугла між асявой лініяй стужкі і кірункам напісання слоў мала што дае, а канец мне і зусім няясны (і гэта было праўдай). Няясна было толькі, якую вежу трэба лічыць ад кутняй. Трэцюю?