Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Я паспрабаваў. І здарылася дзіва. Былы палясоўшчык Андрон Сай па-ранейшаму жыў, праўдзівей, дажываў век у той жа самай леснічоўцы ля Замшан ва ўрочышчы Цёмны Бор.Дзень ладна ўжо хіліўся да вечара, калі я злез з аўтобуса і заглыбіўся досыць добра ўбітай, хаця крыху і затравелай сцежкаю ў лес. Спачатку празрысты, прабіты наскрозь ружовымі прамянямі сонца, ён з кожным крокам рабіўся ўсё больш і больш цёмны. Сям-там нават пераспелыя хвоі стаялі так густа, што святло пачынала спачатку блытацца ў іх, высвятляючы то мядзяны – не абхапіць – стаўбур, то выварацень велічынёю з хату, цёмны і кашлаты, як мядзведзь (калі ўявіць такога – неіснуючага па велічыні – мядзведзя). Спачатку яшчэ трапляліся крыжыкі заечай капусты, пярэсты падалешнік, плеці завільца, але ўсё радзей і радзей, аж пакуль не саступілі месца пругкай гліцы, якая капілася тут дзесяцігоддзямі.“Відаць, заказнік”, – падумаў я, і пазней выявілася, што меў рацыю.Цямней і цямней. Сцежка ўжо ледзь святлее ў цемрыве. Зашалахцела нешта ў траве каля сцежкі. Вожык? Або мышкуе куніца?Мне зрабілася ўжо зусім непрытульна, і гэта ўсяго за нейкі кіламетр ад дарогі, калі наперадзе нібы крыху заяснела. У досыць моцным прысмерку я ўбачыў ці маленькую рачулку, ці вялікую ручаіну, якая трохі лявей пашыралася не то ў копанку, не то ў натуральны ставок, абкружаны вянком з цёмных у гэты час вербаў.Крыху правей стаўка, чарнейшыя за сцяну лесу, бачныя былі нейкія будыніны, і раптам на адной з іх бліснуў аранжавы цьмяны прастакутнічак. Акно.Я перайшоў ручаіну – два бярвенцы з хісткімі парэнчамі – і папрамаваў у бок агню. Рэдкімі прывідамі праплывалі паўз мяне беластволыя яблыні і змрочныя высокія грушы.Перад ганкам – хоць ты яго ў панскі фальварак – шырокі, з драўлянымі слупамі-калонамі навес. Аднекуь з цемры высунуліся бязгучна два чорныя цені. І амаль адразу адчыніліся дзверы, і на парозе ў пляме святла стаў яшчэ адзін цень (бо святло было за ім) са стрэльбаю ў руках.– Гэта яшчэ каго нячысцік начамі носіць? – хрыплаватым голасам спытаў цень. – Вар! Вецер! Легчы. Дык што вам трэба?– Я Антон Косміч. З горада. Мне патрэбен палясоўшчык.– Ну, я палясоўшчык. Салвесь Цяцерыч.– А-а... Андрон Сай.– Гэта мой цесць.– Пабраліся з яго дачкой? – спытаў я, як быццам чалавек можа прыдбаць сабе цесця нейкім іншым спосабам.– Угм. З Ганнай.– А цесць дзе?– Дык ён на спакоі цяпер. Толькі які там спакой? Кожны дзень “вячэрні абход” робіць. Зусім як дзіця. Ды часам на магілцы сына пасядзіць.– Чуў я гэтую гісторыю.– Бываюць прасвятленні, але не часта. Вось ужо бліжэй да лета, – ён гаварыў па-ранейшаму суха. Не асэнсаваў падтэксту маіх слоў. – Дачка таксама была сведкай, але цяпер на Нарачы ў санаторыі. А я што ведаю? Я прымак, чалавек старонні.– А мне вось і трэба паспрабаваць разблытаць гэтае павуцінне.– Было такое, – зноў жа суха і спакойна казаў ён. – Быў у яе брат... І што быў правакатар, хадзілі такія чуткі. Але гэта я мог бы гэткае казаць, – голас ягоны падвышаўся і раптам сарваўся ледзь не на крык: – Сам пра сваю сям’ю я вольны казаць усё. Тут я сабе пан. А іншаму, які ўздумае паўтараць нахабна мярзотную брахню, я таго абарваць здолею ў секунду. Чым швэндацца пад чужымі платамі – займаліся б справай. Адвальвай, пакуль не пакаштаваў, што такое зарад буйной солі ў с... Цалуй прабой ды прамуй дамой.Псы, пачуўшы гнеўную інтанацыю, усталі. Утаропіліся ў мяне. Злева здаравенны мардасты ганчак, чорна-рабы, у падпалінах, з шырокай галавой і тупой мордай, магутнага складу, а росту – мінімум васемнаццаць вяршкоў.