Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Справа – здаравенны кабель (але меншы за сабрата, усяго сантыметраў восемдзесят), шэра-рабы, вышэйшы на нагах, параты. Пры поглядзе на яго стала мне ніякавата.– Не дрэйф, – з адценнем пагарды сказаў гаспадар, – не калаціся. Пакуль не скажу – не кінуцца.– А я і не калачуся. – Гаспадар, відаць, быў здзіўлены маім нахабствам, бо я дастаў цыгарэту, працягнуў пачак яму (не ўзяў) і сказаў: – Тут во гэтага, шэра-рабага, трэба баяцца. Камусьці, вядома, іншаму, а не мне.– Чаму? – пакепліва спытаў Цяцерыч. – Ён жа меншы.– Парода злосная.Даводзілася мне калісьці пісаць у адной з прац пра сабакаводства на старадаўняй Беларусі. І, здаецца, гэта быў адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі такая адцягненая матэрыя прыдалася мне ў канкрэтным жыцці. Адсюль вывад: абстрактных, непатрэбных ведаў няма. Такое можа здарыцца ў жыцці, што толькі веданне таго, які чэшскі кароль разбіў манголаў, уратуе табе жыццё, і тады ты з радасці і Кузьму бацькам назавеш.– Якая ж бы то?– Гэта вандэйскі грыфон, – сказаў я. – Парода ад “шлюбу”, так бы мовіць, вандэйскіх ганчакоў з брэтонскімі грыфонамі (бачыш, ад іхняй рыжай масці і ў гэтага падпаліны ёсць). Страшэнна злосныя. Лепшых пры паляванні на дзікоў не знойдзеш. Ну і ў ганітве на ваўка амаль першыя...Салвэсь раптам сеў побач са мною і выцягнуў цыгарэту.– Ну а гэты, гэтыя – добрыя да людзей. І дзіўлюся я, дзе гэта ты, палясоўшчык і, відаць, добры егер, дзве такія рэдкія пароды здабыў. Бо ў Мінску мне сустракаць не даводзілася.– Удалося дзівам. – Гаспадар відавочна палагаднеў.– І сапраўды, дзівосы на калёсах. Такіх брудастых, як ваш Вецер, мне не даводзілася бачыць. А Вар? Гэта ж стэгхоунд, або аленны ганчак. У мінулым стагоддзі нават Сабанееў Леанід Паўлавіч (а ён паляванне і сабак ведаў, як ніхто, і я хутчэй богу ці сабе самому не паверу, чым яму) налічваў у Англіі – і толькі ў Англіі – усяго дванаццаць зграй, ці свор, бо кожная з адной своркі, з аднаго налыгача спускаецца.– Ну, можа, з тых часоў развяліся.– І тое. Толькі вось занадта ён рослы для стэгхоунда. Ці не павязвалі калісьці некага там з ягоных продкаў з гончай святога Губерта? Што ён, злобны, пешы, вязкі? Голас нізкі, моцны?– Усё гэта ёсць. А рост? – Ён зусім ужо адтаў. – Можа, акселерацыя не толькі сярод людзей ідзе?– А дзе ўсё ж стары? – занепакоіўся я.– Прыйдзе. З ім на гэты “вячэрні абход” заўсёды мой Горд ходзіць, ньюфаўндленд. Нават прыцягне ў выпадку чаго.– Га, ды ў вас тут чыстапародная псярня.– Ды яшчэ Джальма, лягавая, хорта па-нашаму. – І раптам угледзеўся ў мяне. – А вы выпадкова не з лягавых?– Выпадкова не з лягавых... Мне тут праўду з забойствам вашага Юлляна ўстанавіць трэба. Бо занадта вяжацца яно з некаторымі цёмнымі справамі. І ў вайну, і цяпер.– А што толку. Павесілі ж забойцу. Не дапамаглі яму ні апеляцыі, ні касацыі. Ні з кога ўжо той помсты спагнаць нельга... Дый дзед мала што вам сказаць можа. Стаў зусім як дзіця малое. І гаворыць – мала што зразумець можна. А ў вайну ж праваднік у партызан. А ўжо пад семдзесят яму было. І дачка, жонка мая, у партызанах. А дзед ужо і тады быў горам сагнуты ды бядой біты. А зараз яшчэ горш... О, ды вунь ён і ідзе... Самі ўбачыце.Садам набліжаўся да нас пры эскорце ў два сабакі вельмі высокі (хаця і сагнуты трохі), вельмі кашчавы і вельмі стары чалавек. Ішоў, цягнучы ногі і гледзячы ў нікуды.Сеў побач з Салвэсем на прыступку, не павітаўся, можа, нават зусім не заўважыў старонняга. Глядзеў у ноч выцвілымі вачыма. А зусім сівыя, вілападобныя вусы (ні даць ні ўзяць перагорнутая дагары нагамі “іжыца”) адцянялі выпнутую, нібы ад векавечнай крыўды, ніжнюю губу і няголенае падбароддзе, а пасля спускаліся амаль да сярэдзіны грудзей.