Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Ну а вы адкуль, так бы мовіць? – спытаў Высоцкі.Маніць не выпадала. Шмат людзей бачыла мяне ў Замшанах, некаторыя (познія смаржкі, відаць, збіралі для аптэкі) – на сцежцы, што вяла да ўрочышча. Дый не люблю я гэтага занятку, акрамя тых выпадкаў, калі іначай – зарэз. І, самае галоўнае, чаму вучыла нябожчыца маці і што я запамятаў на ўсё жыццё: “Хлус павінен мець добрую памяць”. Сапраўды, павінен, каб пра нейкія падзеі не збрахаць таму ж самаму чалавеку зусім па-іншаму. Або проста прагаварыцца ненарокам, што не ў Магілёў ты ездзіў, а зусім у Гомель, дзе жыве былая каханка, пра існаванне якой жонка або, яшчэ горш, нявеста вельмі добра ведалі, але лічылі гэта “грахом маладосці, калі ён яшчэ не быў знаёмы са мною”.– З Замшан еду.– І ў Цёмным Бары былі. – Мне здалося, што ён нібы на хвіліну напружыўся, але гэта ён проста крыху пагладзіў каня па рэпіцы. І зноў тая ж лянотная грацыя.– І там быў.– Ну і што ж вы там выкапалі? Гэта ж, пэўна, справа таго ж Юлляна Сая?– Таго.– А божа, як жа яна мне абрыдла. Столькі год мінула, а ўсё адно як пачне ўспамінаць нехта “дела давно минувших дней” ды што было “за польскім часам”, і варта яму тую справу ўспомніць – неадменна нейкая зараза на мяне пакасавурыцца. Хоць ты ад людскіх вачэй у самбук бяжы ці ў каноплі. – То чаму б вам не з’ехаць адсюль?– Я не адчуваю сябе вінаватым. Не хачу, каб нехта думаў: “Ага, дапякло... Мабыць, ведала аб нечым кошка”. Ну і потым, што я ў іншым месцы? А тут мая зямля, спрадвеку мая.– Родны той куток, дзе рэзан пупок?– Ды не, проста там, дзе ўпершыню сябе адчуў. Што можаш рабіць сёе і тое, думаць сёе і тое, ісці туды і сюды. Дзейнічаць. Пупок мне маглі недзе і ў Рыме рэзаць, а калі, скажам, немаўляці і месяца не было, як яго адтуль вывезлі, то што яму Рым? Вось і мне так. Маё ўсё тут.Памаўчаў. Квакша крычала недзе ў шатах дрэў:– Ну і што? У чым пераканаліся?– Ні ў чым. Правакатар або не – таямніца сія вялікая ёсць.– Не лезу я ў гэтыя справы, – хвіліну памаўчаўшы, сказаў ён. – Дый потым справа цёмная, правакатар ці не. Хто давёў? Хто адваротнае, ядры іх у корань, давёў?.. То ж бо... Можа, правакатар, а можа, проста ахвяра. Хто можа судзіць? Торкнуў нехта з вышэйшых пальцам, і добра там разабраліся ці памыліліся – і вось ужо на табе, чалавеча, колькі там залатнікоў свінцовага бобу.– Так, – сказаў я, – довадаў ніякіх. Пустая справа. Чым хутчэй пра яе забудзем – тым лепей.Золкай сырасцю павеяла з цёмных нетраў пушчы (відаць, непадалёк дарогі быў вільготны яр). І зноў прарэзаў ноч крык пугача.– Пагамонім? – спытаў раптам Высоцкі з гарэзлівай усмешкай.– Як пагамонім?– А вось так.Ён прыклаў далоні чоўнікам да рота, і раптам у дваццацёх сантыметрах ад мяне прагучаў злавесны, жудасны кліч-прызыў:– Ку-га. Ку-га-а-а... Гха-га-га-га-га.Падмануты пугач адказаў з лесу. І зноў адказаў яму Высоцкі. І зноў. І толькі потым пала ціша. Пугач, відаць, усё ж адчуў нейкую ненатуральнасць у адказе-вызаве. І, можа, яму проста абрыдла.– Ведай нашых, – засмяяўся Высоцкі. – Падманулі мы ўсё ж яго.– Совы – сімвал мудрасці.– Значыць, і мудрасць падманулі.– Не заўсёды гэта канчаецца дабром.– У жыцці вельмі многае не канчаецца дабром. – Паціснуў плячыма. – І скажыце вы. Усе гэтую няпэўную гісторыю памінаюць. А я яго толькі раз бачыў на дні нараджэння брата (заскочыў Крыштоф на гадзінку), а вось брата гэтага, Уладка, якога немцы за падполле расстралялі, ніхто і не ўспомніць.