Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Людская ўдзячнасць.– Ну людскую ўдзячнасць і ўзаемадапамогу мы ведаем: “Як п’юць ды ядуць, дык нас не завуць. А як с...ць і д...ць, дык нас ішчуць”.– Гэ-э, браце, плюнь. З часам усё-ўсё ўсплыве наверх. – Вознік пакасіўся на мяне, але нічога не сказаў.

РАЗДЗЕЛ IIIПерад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерціУ тыя наступныя дні зачасцілі да мяне ў маю “плябанію” госці. Часцей за ўсё Шаблыка са Змагіцелем, часам археолагі ў поўным ці частковым складзе. Бывала, што на культурную бяседу з’яўляўся дзед Мультан (адзін або са Стасікам і Васількам). Разы два ці тры наведваўся наш ксёндз.У той вечар кампанія сабралася ў поўным складзе. На бервяне, што замест прызбы ляжала ля “нашых” дзвярэй у “плябанію”, размясціўся худзенькі “Волат” (“Наша таўстуха Валянціна”), “бяляначка і замазурачка”. Таня Салей з Тарэсай Гайдучык, сама Сташка Рэчыц ды Шаблыка са Змагіцелем. Дзеду Мультану і ксяндзу я вынес крэслы, а мы з Генкам Седуном не без выгоды размясціліся проста на траве. Я паспеў ужо расказаць ім аб такіх-сякіх рэзультатах пошукаў, абмінуўшы, вядома, самае важнае. У прыватнасці, чамусьці, пра Лапатуху, пра братоў Высоцкага і, вядома ж, пра цень, які падаў на айца Леанарда Жыховіча, прысутнага тут.Гамарня была як на кірмашы. Атрымалася нешта накшталт сярэдневяковага дыспуту: кожны высоўваў свой тэзіс, а ўсе накідваліся на яго са сваімі антытэзамі, кожны быў як бы “адвакатам д’ябла”, асобай, неабходнай на кожным сярэневяковым дыспуце (не выключаючы і Беларусі), асобай, якая павінна была абвяргаць кандыдата, скажам, у бакалаўры, рознымі падступнымі і нават недазволенымі, ерэтычнымі пытаннямі. Дапусцім, кандыдыт высоўваў тэзу аб тым, што зачатак Марыяй Хрыста быў незаганны і нявінны і што ў дзень Успення (15-га, значыць, а па-новаму 28 жніўня) яе, яна адышла цнатлівай. На гэта “адвакат д’ябла” ставіў яму недазволеную падножку, за якую, каб гэта не на дыспуце, – гарэць бы “адвакату” на вогнішчы або сядзець у каменным мяху год і шэсць тыдняў (вядома, калі ў месцы суда быў каменны мех, а то пайшоў бы бяскарна). Дыялог між іх мог бы адбыцца такі:Д ы с п у т а н т: “... і ва ўспенні была цнатлівай”.А д в а к а т д ‘ я б л а: Не, былі ў яе пасля браты Хрысту. “...Маці і браты яго стаялі вонкі ля дома, жадаючы гаварыць з ім”... (Мацея 12,46).Д ы с п у т а нт: Тут маюцца на ўвазе аднадумцы, браты па ідэі.А д в а к а т: Не, ілюстрысіме. Крыху далей “І паказаўшы рукою... на вучняў сваіх, сказаў: вось маці мая і браты мае” (Мацея 12,49).Д ы с п у т а н т: Магчама, і тыя былі “браты па ідэі” (пачынае запінацца), але менш пасвечанымі, другога гатунку перад вучнямі.А д в а к а т (поўны трыумфу): А як тады зразумець крыху далей у таго ж Мацея (13,54 – 57), што, калі Хрыстос прапаведаваў у сінагозе ў Бетлеме Іудзейскім, усе здзіўляліся і казалі: “...адкуль у яго такія прамудрасць і сілы? Ці не цесляў ён сын? Ці не яго маці завецца Марыя, і браты яго Іякаў і Іёсі, і Сымон і Іюда? І сёстры яго ці не ўсе паміж нас? Адкуль жа ў яго ўсё гэта? І спакусілася аб ім. ” І ў пакаранне за іхняе бязвер’е ён не стварыў там шматлікіх цудаў. “Не бывае прарока ў сваёй айчыне”.Д ы с п у т а н т (прыперты да мура, але пагрозліва): Дык ты ў догмат непарочнасці Дзевы Марыі не верыш?А д в а к а т д ‘ я б л а (спалохана): Не, не. Лічу, што варты ступені бакалаўра, а пытанне хай вырашаюць на вышэйшым узроўні.Гул ухвалення!