Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Нешта такое адбывалася і ў нас, толькі што без падножак. А калі ўсе ўдосталь нагарланіліся, раптам умяшаўся Шаблыка:– Ні пад якой вежай, ні ў якіх катакомбах іхніх скарбаў украдзеных шукаць не трэба. Абставіны ведаеце самі. Падскарбі, дзяржаўны казначэй, не занёс гэтых скарбаў у роспісь. Значыць, шэсцьсот тысяч залатых і на шэсць мільёнаў каменнямі, пабраныя Пятром Альшанскім са змоўшчыкаў, Міхала Слуцкага і іншых, ды пад шумок з каралеўскіх земляў, – у казну не вярнуліся ні тады, ні пры Вітаўце Альшанскім, што абрабаваў усіх паплечнікаў Валюжыніча, выдаўшы іх, ды яшчэ і павінен быў тыя грошы аддаць каралю. Уцяклі, відаць, з грашыма Грыміслаў Валюжыніч ды Ганна-Гардзіслава Альшанская.– Іх дагналі, – сказаў ксёндз.– Але іх і выпусцілі, – сказаў Шаблыка. – Бо да пагоні прыяднаўся суддзя Станкевіч. І патрабаваў, каб выпусцілі.– Маглі і перастрэць пасля іншыя людзі князя, – сказала Валя Волат.– Адкуль гэта вядома? – кінуў Шаблыка.– Божа мой, – умяшаўся раптам Змагіцель, – чаму вы такія сухія, чаму вы такія рацыяналісты? Чаму не верыце людскім байкам, чуткам, паданням? Бывае ж і ў іх зерне праўды. А што легенда тут кажа? А кажа яна, што ўцякалі яны, заганяючы коней. Па гэтых непралазных нетрах, яшчэ горшых, чым тады пад Навагрудкам. А там у той час нейкі князь памёр у дзесяцёх – на нашы грошы – кіламетрах ад горада, бо не маглі прывезці лекара. І што гналіся за імі, і што наздагналі недзе ля Замшан, а кіраваліся яны ва ўрочышча Цёмны Бор, каб пасля Альшанкай і “іншымі рэкі” сплысці ў Нёман, а адтуль бог-бацька ведае, куды кіравацца. Ці на захад, бо на ўсходзе часы былі смутныя, ці некуды пад Кладна, дзе яшчэ блукалі рассеяныя аднадумнікі. Але іх наздагналі і збіраліся ўжо вязаць, але Станкевіч, які адстаў, якраз выцерабіўся на паляну і загадаў адпусціць. І з грузам. І не аслухаўся Вітаўт Хвёдаравіч вярхоўнага суддзі.– То адпусціў? – жвавенька чаму ён з крадзеным спытала Таня Салей.– Што ж ён, прызнаўся б пры суддзі, што яны тое крадзенае вывозяць, якое князь у бунтаўшчыкоў украў і казне не вярнуў? – строга кінула і сваё пытанне-адказ Тарэса Гайдучык. – Прамаўчаць мусіў.Змагіцель вёў сваё далей:– Паехалі ўсе назад... І вось тут пагудка людская мовіць, што другая была перастрэча, што гналі яны ракой, хутчэй, вядома, чым нетрамі, і абагналі і ўцекачоў і пагоню, а засаду зрабілі ля Бярэзіны. І ўзялі абодвух. І нібыта (тут ужо кожны канчае па сваім гусце) ці, адабраўшы скарб, пусцілі на ўсе чатыры бакі, ці забілі.– Ды ці была тая другая засада? – спытала скептычная Таня. – Можа, тыя грошы і іншае даўно ўжо ў свеце рассеяліся.– Не ведаю, – сказаў Змагіцель, – але байку таксама трэба браць пад увагу. І калі грошы забралі, то чаму пазней, калі рэвізія каралеўская прыехала, Станкевіч на Евангеллі кляўся, што загадаў адпусціць уцекачоў, а Альшанскі – таксама на Евангеллі – кляўся, што, відаць, Валюжыніч з Ганнай грошы звезлі, а ён таго не ведаў і адпусціў, а сам тых грошай ані дэнарыя ў руцэ не трымаў, ані падвойнага літоўскага білона пад пазногаць не заціснуў.– І ўжо тыдні два мінула, – сказаў ксёндз, – калі ён разам з тым, і таксама на Евангеллі, кляўся, што ўцекачы жывыя. Не мог таго часу чалавек на крывое свядоцтва на святой кнізе пайсці. І сведкі кляліся, што жывыя.– Ну вось, – зноў сказаў Змагіцель, – і рэвізія была, і падчас той рэвізіі князь Альшанскі Вітаўт Хвёдаравіч нагла і хуткім чынам памрэ. Калі было, калі і ведаў нешта...