Чорны замак Альшанскі, ч. 3

А потым паўсюль ужо была ярка-сіняя вада, а над галавою такое ж сіняе неба. А я ляжаў на спіне, адчуваючы неба вачыма, а ваду спінай.І я быў цэнтрам сусвету. А пасля ў гэтым сусвеце з’явілася чыёсць аблічча. І я, ані не здзівіўшыся, чамусьці сказаў уголас:Усё бачнае ізноў укрыюць воды, І божы твар адвобразіцца ў іх.– Спіцё. – Як праз туман, убачыў я аблічча Леанарда Жыховіча.– Не.Вочы ксяндза як навейвалі нешта.– Гэта добра, – злавесным, як мне праз паўсон здалося, голасам сказаў ён. – Думайце аб людзях, думайце аб сабе.І знік. А мне раптам так захацелася спаць, што я ледзь дабраўся да ложка і, як у яму нейкую, праваліўся ў сон.І гэта зноў быў той сон. Той і не той, працяг таго і нібыта не працяг.Удар і падзенне, імклівае, з рыштаванняў вакол шпіля касцёла. Бліжэй і бліжэй зямля. Чырвона-зялёны, як ззянне фосфару, а пасля – выбух яго. І цемра.

Не, гэта проста цемра ночы. Гэта ажылі тыя словы Змагіцеля аб людскім погаласе пра тыя ўцёкі.І вось ноч, волатавыя стаўбуры дрэў, рэдкія зоркі ў рэдкіх прасветах лістоты і коні, што з хрыпеннем ірвуць грудзьмі паветра, не, вецер, амаль ураган. Але коні стаміліся, але за спіной усё бліжэй і бліжэй ляск іншых, варожых падкоў.І вось паляна, скупа асветленая бледна-зялёным святлом ветаха. На ёй, у дальнім яе канцы, трохкутныя або чатырохкутныя піраміды з дзікага, шэра-зялёнага ад моху камення.“Дзе я іх бачыў? Ага, ля Бяздоннага возера пад Слонімам і яшчэ… і яшчэ ля сцежкі, якой ішоў з Замшан у Цёмны Бор.Там мы прабіліся, мы вырваліся з іхняга кальца, але які ў гэтым толк, калі яны гоняцца, наступаючы на пяткі, а нашы коні змучаныя і ўжо вось-вось ворагі будуць тут. Конь Ганны, маёй цяпер ужо назаўсёды, Гардзіславы маёй, змучаны менш. І далей яна павінна ўцякаць адна, бо ратуе цяпер ужо дзве душы. А я застануся прыкрываць яе адыход. На каго яна падобная абліччам пад гэтым капюшонам? На Станіславу? На Сташку. На якую такую Сташку?”– Скачы, Ганусю. Ты лёгкая, твой конь не так выснажыўся… Ляці!– Дурны… “І ложа, і пошасць, і радасць, і болесць, і смерць адна на дваіх”.– Ляці!Позна. З трох бакоў паляны выязджаюць з пушчы коннікі, абкладваюць нас дваіх. Паўкруглы аршак1 усё болей замыкае кола вакол нас. Чалавек сорак. Некаторыя ў цэльнакутых латах, некаторыя ў калантарах, жалезных, пласцінамі, сёй-той проста ў кальчузе, два ці тры ў рабрыстых, кутых палосамі панцырах (з суцэльных шлемаў праз шчыліны відаць толькі бязлітасны бляск вачэй). А унь трох у лускатай усходняй зброі. А там некалькі ў карацановай зброі, таксама кальчужнай, але кожнае колца прыкрыта зверху сталёвай лускавінкай. У некаторых тыгрыныя шкуры на плячах (гусараў, ці што, пазычыў у нейкім бліжэйшым вайсковым аддзеле ці, можа, некаторыя сябры-гусары самі вызваліся прыняць удзел у ловах). Дзіды, шаблі, чаканы. Нібы на вялікі бой выехалі, а не на спайманне дваіх знясіленых людзей.І ўсярэдзіне паўмесяца – сам. Едзе на вараным кані, укрытым карацановай папонай. З-пад чорнага кунтуша ў залатыя травы выбіваецца адамашкавы2 жупан. На галаве шапачка футраная з блакітным пяром. Падпяразаны вясёлкавым турэцкім шалем. І аніякіх латаў.“Брэшаш, вельмішаноўны. Я ведаю. Пад жупанам амаль заўсёды ў цябе кальчуга. Дый пад шалем – паручуся – для вернасці пас металёвы”.А аблічча?! Крый божа нават у сне ўбачыць такое падабенства сатанінскае. Твар як з медзі літы, чорныя вусы, чорныя, але ўжо з сівінкай хвалістыя валасы, рот цвёрды, вочы колеру сталі, пранізлівыя. Вусны крывяцца, як дзве змейкі.