Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– А ты яшчэ пачухай свой глобус, – сказаў Змагіцель, – можа, нешта надумаеш.І сапраўды, што заставалася рабіць?І тут раптам за шчыкетамі кветніка пачалася дзікая какафонія. На розныя ступені гвалту брахалі дзесяткі сабачых глотак, і нечы голас верашчаў на ўсю вуліцу:– Забойцы! Забойцы!Мы падышлі да агароджы. Справа рухаўся ўжо вядомы мне картэж: Лапатуха ў суправаджэнні дзесятка сабак. А насустрач яму ішлі старшыня Альшанскі і бухгалтар Ганчаронак. І адчувалі сябе, відаць па ўсім, як дзве мухі ў місцы з кіслым малаком. Усе робяць вывады, усе бачаць, а задавальнення аніякага.– Забойца! – гарлаў Лапатуха.– Чаму, Людзвік? – спытаў Альшанскі.– І вы! І вы! Заб’ець мяне! Схаваюся!– Чаму я забойца? – спытаў Ганчаронак.– Таму, – і да Альшанскага: – Бычкоў забіваеш! Цялятачак! Авечачак! Схаваюся!– Ідзі, Людзвік, – сумна сказаў старшыня.Але вар’ят, заўважыўшы, пераключыўся ўжо на мяне:– Ага, да праўды ідзеш? Тым хутчэй галаву скруціш. Абселі ўжо цябе, абселі. І бац табе не паможа. Бац у сутане. Вось Боўбель, Боўбель прыйдзе. Прыйшоў.І мы, і тая пара рванулі ад яго, нібыта ён размахваў вядром з варам.Ледзь адсапліся, пакуль не перанеслі рэшткі “бальсану” і рэшата з трускалкамі на другі, садовы, столік, за хатай.– Ну, джэнтльмены, – спытаў я, – як самаадчуванне? І што гэты сон увогуле павінен азначаць?– Не ведаю, сказаў Шаблыка. – Можа, сапраўды, з розуму з’ехаў чалавек. А можа… надта ўжо зручны спосаб замаскавацца.– Ну кінь, – сказаў Змагіцель. – Тут тады такое чынілася, што і самы здаровы чалавек з’ехаў бы з глузду. А ў гэтага, відаць, псіхіка была хірлявая. Добра яшчэ, што хаця душою не загавеў.– Як гэта ўсё было? – спытаў я.– Ну ў маі сорак чацвёртага па загаду Гімлера, як вядома, была створана “Kommеndа 1005”, – сказаў Шаблыка. – Знішчэнне слядоў усяго, што яны тут нарабілі. “Акцыі санітарныя”. Прысуд загібелі на вёскі і хутары, дзе маглі быць сведкі. Нам яшчэ пашанцавала. Не паспелі знішчыць, надта хутка лыжы падмазвалі. Але выселіць людзей – выселілі. У лес. А акцыі былі падпісаны, гэтыя, аб масавых экзекуцыях. Быў тут такі шэф кладненскай акругі гестапа. І падпісваў ён іх як “Przewodniczacy sadu gestapo”. Старшыня “суда” гестапа… Ну і пачалі тут па акрузе машыны гойсаць. А ў машынах – нашы з лесу сачылі за імі. А ў машынах СС – оберштурмбанфюрэр, доктар права (як быццам можа быць нейкае права ў краіне бяспраўя) і ён жа вышэйпамянёны шэф кладненскай гестапаўскай акругі, нехта па прозвішчы Гешцёбер ды з ім нейкі штандартэнфюрэр, палкоўнік, значыць. Ды оберштурмфюрэр Зейтц з памочнікам унтэрштурмфюрэрам Штофкенам (зямля яму бітым шклом, такая сволач). Ну і ў іншых машынах драбнейшыя, шарфюрэр Лінц (гэты аховай кіраваў) і чамусьці фон Эйхгорн, маёр “ТОДТ”аўскіх частак, ваенна-будаўнічай арганізацыі. Ясна, што не будаваць яны нешта тут збіраліся, а хаваць… А мо шукалі нейкага натуральнага яра, каб менш было работы па засыпанню…– І дакументаў няма? – спытаў я.– Шукалі мы іх некалькі год назад. Бо некаторыя нашы людзі часам усё ж пракрадаліся ў вёску забраць нешта забытае ці трохі ежы са схованак і, хочаш не хочаш, сёе-тое бачылі.– Хто?– Мультан. Арганіст. Ды ці мала яшчэ хто… Ну вось. У сярэдзіне ліпеня падступалі нашы. І тут зноў пачалася катавасія. Гэтай акцыяй кіраваў ужо камендант Альшан граф Адальберт фон Вартэнбург.– Часам не з тых? Не сваяк таго Іёрка фон Вартэнбурга Іягана-Людзвіга, што з генералам Дзібічам у 1812-м Таўрагенскую канвенцыю заключыў? – спытаў я. – Ну, што немцы з расейскімі войскамі будуць супраць Напалеона ваяваць.