Чорны замак Альшанскі, ч. 3

І я зразумеў, што, вядома, буду маўчаць. І зразумеў адначасова, што на свеце нішто ўжо не здолее выдзерці гэта, вялікае, з маіх грудзей. Ніхто не дапаможа, ніхто не пазбавіць мяне ні ад яго, ні ад безнадзейнасці.Што мне заставалася рабіць. Перакінуцца парай нейкіх пустых слоў, а потым ляпнуць ні з пушчы ні з поля:– Давайце сёння ў клуб сходзім. Кіно, кажуць, новае.– Давайце, – згадзілася яна.І гэта звычайная згода, якая ні да чаго не абавязвала, пасяліла ўва мне такую беспрычынную радасць, што я не заўважыў ні Альшанскага, які пра нешта размаўляў з Лапатухам, ні Высоцкага, які перастрэў мяне ля самай плябаніі і працягнуў белы квадрацік складзенай тэлеграмы:– Вось, на пошце быў. Чаго, думаю, чалавеку дарэмна ў Альшаны швэндацца?– Дзякую вам, Ігнась Якаўлевіч.Ён пайшоў. А я некалькі разоў перачытваў надрукаванае, не ловячы аніякага сэнсу, аж пакуль не засяродзіўся. Тэлеграма была ад Шчукі: “Выязджай. Знайшоў шмат цікавага, знайшоў чалавека, які шмат ведае пра тую адправу ў трыццаць дзевятым. Андрэй”. Божа мой! Якое гэта ўсё было глупства ў параўнанні з тым, што перапаўняла мяне!Клуб, куды мы пайшлі вечарам, быў з тых клубаў, якія яны і дасюль бываюць у былых асобных калгасах, а цяперашніх “брыгадах”, “прыгарадах” цэнтральнай сядзібы. Там ледзь не паўсюль панастроілі ўжо новых, двух-, а то трохпавярховых будынкаў з глядзельнай залай, бібліятэкай-чытальняй, пакоямі для рэпетыцый і чорт яго ведае яшчэ з чым. А ў такіх, “прысёлках”, у чаканні лепшых часоў і лішніх грошай так і засталіся звычайныя, хіба што толькі па нейкай прычыне больш прасторныя хаты, у якіх раскашней.У Альшанцы такім “клубам” быў стары дом свяшчэнніка, крыху ў баку ад вёскі, на ўзгорку, побач з руінамі царквы, разбуранай у вайну прамым пападаннем бомбы. Досыць вялікая зала з будкай кінамеханіка і некалькімі міні-пакойчыкамі для грыміравання і рознага рэквізіту за сцэнай, на якую ў выпадку кінасеанса вешалі экран. І яшчэ пакой, крыху меншы, які служыў узімку і ў дождж фае і танцавальнай залай. Летняя танцпляцоўка была пад вялікімі папоўскімі ліпамі, на пустым пляцы, ля якога сям-там яшчэ дажывалі свой век каравыя і замшэлыя, даўно ўжо не пладзюшчыя ад старасці яблыні.Сюды нават электрычнасці не ўдасужыліся правесці, у чаканні ці новага філіяла-будынка, ці яшчэ чагосьці, і калі на ўзгорку пад вечар пачынаў тахкаць рухавічок – усім без усялякіх аб’яў было ясна, што ў клубе кіно, спектакль або танцы. Бо чуваць яго ў вячэрнім пацішэлым паветры было далёка, у самых ускраінных хатах.Шчыра кажучы, я не памятаю, ні які фільм ішоў, ні хто з публікі прысутнічаў. Адмеціла толькі чамусьці вока Генку Седуна ды сіямскіх блізнят, Шаблыку са Змагіцелем.Нехта бегаў па экране, гучалі стрэлы з пацалункамі і слязамі ў антрактах. Я, шчыра кажучы, і не глядзеў туды, а скоса глядзеў на танюткі ў паўзмроку профіль Сташкі і бласлаўляў бога, што наперадзе сядзеў нейкі бамбіза і я “вымушаны” быў, “каб нешта бачыць”, хіліцца ў бок Сташкі, дакранаючыся рукою яе рукі і, часам, датыкаючыся плячом яе пляча, хаця, вядома, з тым самым поспехам мог бы хіліцца да суседкі злева.Божа, якое гэта было шчасце, просты, нібы ненаўмысны, на імгенне, дотык. І божа, як я, вопытны і відалы чалавек, нагадваў зараз сабе самому таго натхнёнага, нясмелага і захопленага шчанюка, якім я быў даўно-даўно, калі гэтая, побач, была яшчэ дзіцем.