Чорны замак Альшанскі, ч. 3

І таму я не мог быць іншым. Таму мудрая натура так і распарадзілася.…Скончылася кіно. Моладзь засталася на танцы, сталыя, паглядзеўшы крыху, пайшлі бітай дарогай дамоў.– Застанемся? – спытаў я яе.Яна адмоўна пахітала галавою і павярнула мяне на сцежку, што вяла нацянькі, спачатку ўзгоркам, пасля маладымі зарасцямі ліпы, дубнячку і бяроз, пасля між вербаў, перавітых ліянамі ажыны, пасля ў нізінку-вымачыну, такую сабе дыхаючую на ладан паляну-балотца, а потым, праз невысокую граду, адразу да касцёла, замка і Белай Гары.Мы маўчалі. Я быў упэўнены, яна таксама думае пра тое, што ўзнікае паміж намі і што гэтаму нельга даваць волю.Зацёхкаў салавей у зарасцях, спачатку “пёк” сала, а пасля аж захлынаўся ад смакоцця і асалоды “тць-а, тць-а”, прыцмокваў.Яна парушыла маўчанне першая:– Якія ў вас смешныя выпадкі жыцця звязаны з кіно?– Ды вось… Ага, адзін прыйшоў у галаву. Як я адкрыў італьянскі неарэалізм. Адносіны да італьянскіх фільмаў у мяне пасля вайны былі… ну як да ўсіх, узятых “у якасці трафея пасля перамогі”… Можа, яны і не італьянскія былі, – я гаварыў гэта з палёгкай, бо вось урэшце знайшлі мы аб чым гаманіць, – але абавязкова тоўсты Джылі спявае нешта лакрычным голасам, ці графы з графінямі нешта там пакутуюць. Словам, перастаў я на іх хадзіць. І вось была ў мяне сустрэча важлівая якраз у час апошняй пары лекцый. А раз так, то я й дзвюма першымі вырашыў зманкіраваць. Дадому ісці – далёка і нязручна. Швэндаюся па вуліцах. Дай, думаю, у кіно схаджу. Афіша вісіць: “Усцін Малабазі”. Ну, думаю, грузінскае нешта, накшталт “Георгі Саакадзе”. Ну, на грузінскі можна схадзіць. Ды яшчэ калі гістарычны: у-га! Пайшоў! І тут надпіс на экране: “Італія”. Ледзь не плюнуў ды прэч не пайшоў. А потым назва: “У сцен Малапагі”. Адзін з першых неарэалістычных, якіх я, і насмяяўшыся і наплакаўшыся, слова нават гэтага яшчэ не ведаючы, пасля ніколі не прапускаў.Яна звонка засмяялася, ціхім і ласкавым смехам.– Так я і адкрыў… Стой! Стой, ані кроку!Мы былі якраз у самай катлавінцы. Месяц ці ўжо зусім збіўся на сход, ці, ветахам на апошнім дыханні, узыходзіў пазней, і ў мокрай нізіне было амаль зусім цёмна.Хіба ад слабых весніх зорак даходзіла нейкае падабенства святла. І ў гэтай цемрыве я хутчэй адчуў, чым убачыў, як аддзялілася ад стаўбура тоўстай чорнай вольхі не менш чорная постаць. Рушыла да нас.– Хто гэта? – як мага спакайней, спытаў я.Цень і надалей рухаўся моўчкі. Мала таго, справа ад цёмнай сцяны зарасцей аддзяліўся другі. Ісці далей было нельга. Я пакасіўся назад: яшчэ два цені адразалі нам паступова дарогу да клуба.Кідацца ў зарасці таксама было нельга: балота, хай сабе і неглыбокае, хай па калена ці па пояс – не ўцячэш, голымі рукамі возьмуць. Калі толькі яны – а наўрад – збіраліся абысціся голымі рукамі.Які ж я дурань. Як жа я мог страціць пільнасць? Не пайсці з людзьмі. Пайсці тут, ды яшчэ з дзяўчынай, ды яшчэ ведаючы пра ўвесь клубок таямніц, які звіўся ў гэтым гадзючым кубле.Яны набліжаліся ў цяжкім свінцовым маўчанні. Зараз кінуцца адразу чатырох, і тут ужо нішто не дапаможа.“Усё. Гэта канец”.І тут адзін з іх, той, што ззаду і злева, дапусціў нязначную памылку: кінуўся на некалькі імгненняў раней. Я зрабіў невялічкі скачок убок і рабрынай далоні секануў яго па тым месцы, дзе павінен быў знаходзіцца адамаў яблык.– Хлып! – пачулася ў цемрыве, і я зразумеў, што трапіў.