Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Таму што цацкамі былі тыя масайскія дзіда ды шчыт. Таму што сцены амаль спрэс укрывалі чукоцкія і тунгускія шаманскія маскі, мангольскія маскі для “цама”, ад аднаго позірку на якія пасівееш, і тыбецкія рытуальныя маскі, настолькі жудасныя, што нечакана сустрэўшы ў цёмным калідоры чалавека з такім абліччам – анямеў бы да самага скону. Стаялі тут пачварныя бенінскія бажкі і кітайскія багі з выразам вар’яцкай жорсткасці і злосці на тварах. Віселі шчыты з Квінсленда і з вострава Сандэй, аўстралійскія травяныя бранзалеты, фецішы афрыканскіх жрацоў, злавесныя ўборы ўдзельнікаў мужчынскіх саюзаў з Новай Гвінеі.Агідныя рытуальныя маскі з Саламонавых астравоў (чорны яшчар, што надзеў старажытнагрэчаскі шлем), калебасы для вапны, тупазлосныя бажкі з астравоў Адміралцейства, кінжалы з ракавін і касцей казуара, цыноўкі і палотнішчы тапы, індыйскія анкі і яванскія крысы.І паўсюль морды, выскаленыя, вірлавокія, ікластыя.– Не страшна вам тут?– На рабоце часам бывае страшней, – крыху жоўчна і з’едліва сказаў ён, абводзячы разумнымі вачыма сваю калекцыю. – А гэта? Гэта ўсё мае бадзянні. І за кожнай рэччу – гісторыя, выпадак, жах або смех. І таму яны мне – не рэчы. Яны мне – кавалкі жыцця.Мы прайшлі ў маленькі лялечны кабінецік, пафарбаваны ў шэра-блакітны колер і, ясна ж, без усякіх масак.– Ну расказвайце.І я пачаў расказваць. Увогуле, пра ўвесь гэты куток, нібы яшчэ з самай вайны заражаны нейкім вірусам невядомага шаленства, пра дзівацтвы многіх яго насельнікаў, пра ненатуральны ледзяны подых даўно мінулай вайны на некаторых жыхароў, пра вар’яцтва Лапатухі і пра свае начныя кашмары.Ён рабіўся ўсё больш і больш сур’ёзным, відавочна змрачнеў.– Не магу зразумець вашых сімптомаў. Нагадвае сярэдневяковую беларускую пану, трызненне наяве. Але не тое. І яшчэ нешта падобнае давялося мне бачыць у трыццаць пятым годзе, у паўночна-заходняй Індыі. Чулі вы, вядома, пра ўсе палюсы зямлі: і геаграфічныя, і магнітныя, і холаду, і гарачыні. А вось пра полюс біялагічнай недаступнасці, мабыць, не чулі?– Не.– І мала хто з цывілізаваных людзей чуў. Лічаныя адзінкі. Акрамя навакольных жыхароў.– А гэта што?– А гэта вялізны кавалак прасторы, скалы ды непраходны трапічны лес на берагах ракі Нарбада. Джунглі – гэта стрыжаны англійскі газон у параўнанні з тым зялёным пеклам. З пачатку гісторыі гомо сапіенс туды ані разу не ступіла чалавечая нага. Уявіце, з часоў аўстралапітэка.– Як то? Чаму?– Там, як кажуць, з пачатку дзён найвялікшая на зямлі, на многія дзесяткі кіламетраў уздоўж і ўпоперак, калонія дзікіх пчол. Пчаліны мегаполіс ледзь, скажам, не як той мегаполіс, што ад Нью-Йорка да Вашынгтона. І пчолы там нейкай асаблівай расы. Хмары, процьма нясметная полчышчаў, легіёны. Аж занадта. Бо ўкус адной пчалы – вельмі балесны, рана часам тыднямі не зажывае; пяток укусіць – паралюш, бывае – часовы, а бывае, й не. А калі ўжо большая колькасць пакусае – канец немінучы.– Гэта бывае, – сказаў я. – Што мы ведаем пра яды? Вынайшлі вось вучоныя універсальную процізмяіную сываратку. Хоць кобра кусай. хоць гюрза – нічога табе не будзе.– Вось-вось. А чаму не ўжываюць? Здаецца, панацэя такая, уратаванне для ўсіх людзей. Аж не. Таму што такі, застрахаваны ад усіх змей, немінуча памірае ад першага ж укусу звычайнай пчалы. Вось і разбярыся, што лепей. Дзіўна, што гэтыя пчолы зусім не чапаюць жывёл. І жыве іх там мноства. Малавывучаных, а то й невядомых навуцы. Некаторых бачылі. Выносіць іх адтуль часам на навакольныя палі ды ў джунглі. Але яны і назад адразу выбіраюцца. Ведаюць, дзе яны ў поўнай бяспецы. Але выносіць адтуль не толькі жывёл, часамі і насенне розных нікім не бачаных раслін. І вось за адной з іх, калі толькі раз на многа год прарасце яна па-за межамі пчалінага рэгіёну, палююць усе жыхары. Сушаць, адвар п’юць, і тады ў іх таксама розныя... трызненні ды праявы. Але дзе Нарбада і дзе Альшанка? Я не разумею, што ў вас такое. І таму асабліва баюся... Вось што, ці не падлячыцца вам? У мяне. І я б за вамі асабіста прыглядаў. І сябар у мяне там у клініцы малады, таленавіты. Ён вас у два месяцы паставіць на ногі.