Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Не. – Тады хаця адпачніце. – “Божа, на каго ж з кандацьераў ён падобны?” – Месяцы два на моры. Вада, сонца, соль. І ніякіх думак. Вы проста ператаміліся з гэтымі сваімі гістарычнымі пошукамі, з гэтай справай... І вось што, вы ўсё думаеце, што гэта глупства...Ён глядзеў пранізліва:– Глядзіце, гэта страшна. І каб вы ведалі гэта і не манкіравалі сваім здароўем, а лекаваліся – паедзем заўтра са мной. Паглядзіце, што гэта такое. Ну і абследаванні некаторыя зробім. Гэта занадта важлівая штука – здароўе, гэта адзіна вартая рэч – розум. А мы, аднак, гэтага не цэнім.– Добра, – хутчэй каб адвязацца, сказаў я.Крыху адпачнуўшы, я ўрэшце вырашыў зайсці да Хілінскага і амаль не здзівіўся, што гэтыя двое цалкам дарослых людзей (ён і Шчука) сядзяць у паўцемры і разглядаюць праз эпідыяскоп слайды.– Сядай, зараз скончым, – сказаў Адам.Слайды былі з “маіх” мясцін. Кладна. Дарога на Альшаны. Замак. Касцёл.– Дзе гэта вы іх настругалі? – спытаў я, калі запалілі святло.– Ды даўно ўжо, гады два як зняў, – сказаў Хілінскі, і я чамусьці не паверыў яму. Асабліва таму, што каля брамы замка не відаць было ахоўнай дошкі.“Ой, круціш ты, Адам Пятровіч”, – толькі й падумаў я.Калі на стале з’явілася кава і тое, што да кавы, часам спажыўнае, а часам і не дужа, і мы ўжылі і тэго і другэго (ці овэго?), як кажуць браты-палякі, Шчука адкінуўся на спінку крэсла:– Расказвай.Я расказаў. На гэты раз нічога не скрываючы, аж да недарэчнасцей, да маіх начных кашмараў, да размовы ў леснічоўцы і да ўчарашняга нападу ў балацявіне. Відаць, раздражненне прарывалася ў маім голасе, таму што Шчука раптам сказаў:– Лічыш, што мы тут “гаў!” ловім? І што мы ўвогуле, яе шведы спяваюць: “Паліцыя, паліцыя – бульбянае пюрэ”?– Я толькі раз чуў, як спявалі шведы. Імчалі ў турысцкім аўтобусе. І спявалі, на жаль, не пра пюрэ, а па-руску: “І-ван І-ва-на-вітш, І-ван І-ва-на-вітш энд містэр Шчука тоже э-ро-тыч-ный”.– Брэшаш.– Ясна, што брашу. Спявалі. “Энд бе-ло-рус он тоже э-ро-тыч-ный”.– Добра, добра, не злуй… Та-ак, пачынае рабіцца горача. І канцэпцыі адзінай пакуль няма. З’ехаў бы адтуль, хлопец.– Яшчэ чаго?! – абурыўся я. – Нехта вінаваты, а з’язджаць павінен я. У вас няма канцэпцыі, а я адказвай.– Канцэпцыі няма. Затое, як мяркую, падазроных шмат.– Вось і паспрабавалі б найбольш падазроных абмежаваць у дзеяннях. Паслаць некуды. А то дойдзе да гэтых вашых, як іх – пісталетаў, рэвальвераў, – тады позна будзе.– Бывае, даходзіць і да пісталетаў.Шчука раздражняў мяне. З гэтым яго падвойным хобі: чытаць дэтэктывы і здзекавацца з іх, і яшчэ ведаць назубок усю, якая ёсць і была на зямлі, зброю. Аж да шасцістрэльнага (круціліся рулі, а не барабан) рэвальвера бельгійскай сістэмы Марыет, вырабу 1837 г. І таму я быў несправядлівы:– Рэвальверы… Слухайце, а вы ўмееце з імі абыходзіцца?Пакасіўся на мяне:– Не сумнявайцеся.– Тады нічога, а то, бывае, пальне, сам не думаючы.– Вы затое многае думаеце. І плачаце: “Ох, курку забілі”, – нечакана суха працадзіў Хілінскі. – А я не плачу. Затое я ведаю іншае. Курцы, можа, пакуль і трэба быць засмажанай, а вось наконт твайго “абмежавання ў дзеяннях” – дык я вось ведаю, што абмяжоўваць не трэба, што чалавеку ні ў якім разе не трэба сядзець у турме, хай сабе і некалькі дзён.– І такім?– А раз ужо сеў – гэта няшчасце. І наш агульны позор, – ён чамусьці сказаў па-руску “позор”, а не “ганьба”. Мабыць, так здалося мацней.