Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– І чорны рынак? – здзівіўся я.– А ты б паспрабаваў на нямецкую платню без рынку пражыць.– Адкуль ведаеце?– Я… жыў. Быў такі выпадак. Вось і гэты. І што яго трымала? Мог бы да брата, на вёску, на гаспадарку. Можа, і сапраўды падполле, патаемная сувязь з партызанамі, адкрылі выпадкова перад самым акружэннем?– Што ж, не помніць ніхто яго сапраўднага аблічча? – хмыкнуў я.– А хто мае помніць? Можа, косці іхнія даўно зямлю параць, сведкаў гэтых, якія дамаўляліся, ведалі аб ім. Ведала, скажам, два чалавекі (больш і немагчыма, канспірацыя). І вось – адзін бой, налёт, блакада – і гатова, не разведчык, а здраднік. Ці мала такіх, сумленных, у якіх сведкі загінулі, пасля вызвалення і ў нас пасядзела?– А бывала, – буркнуў Адам, – што з-за нейкіх разлікаў і жывыя сведкі не пацвердзілі.– Як то?– Ну, хлопец, ты хіба на Месяцы жыў, ці што? – І сказаў пасля змрочнай паўзы: – Там таксама не толькі героі. Там розныя людзі былі. Была і выпадковая сволач, накіп… Залілі такому сала за шкуру – ці свае, ці немцы. Адчувае – застанешся на месцы – каюк, а ў лесе, можа, і ўратуешся. Дав-вай у партызанку!Пусціў цыгарэтны дым, не зацягваючыся. – І вось пасылаюць кагосьці на самае страшнае, на службу ў немцаў “верай і праўдай”. “Ідзі, – кажуць, – даражэнькі, туды і сюды: у бургамістры, ва ўправу, перакадчыкам, трасцай, халерай…” І вось, уявім, застаўся адзіным сведкам адзін вось такі, медузападобны. Адзіным сведкам, адзінай надзеяй таго, хто “ў немцаў” працаваў, “у СБМ кіраваў”, і каго зараз за месца між нагамі і спінай бяруць. – То што? – амаль злосна спытаў я.– А тое. Бывае, што і адхрысціцца гэтая “адзіная надзея”. “Не чуў, не бачыў, можа, забыў, але, здаецца, не, не ведаю”. Адрачэцца. Каб цень не лёг, каб, крый божа, кар’еры не сапсуць, каб вылезці наверх, як паганка… Баіцца, дрыжыць: а раптам не разбяруцца дый мяне як саўдзельніка. А можа, той, калабарацыяніст, нешта пра яго ведаў? Думаеце, ён на карысць другога, абылганага, пасведчыць? А ўжо на карысць добрага імя мёртвага? Нашто? Гэта яму, – ён так, паскуда, лічыць, – жыць і жыць, лезці ўгору і лезці. А мёртваму што, мёртваму ж не лягчэй? Мёртвым усё роўна, ім не баліць.– Магло быць і так, – сказаў Шчука. – Чаго не бывае?Зноў раздарожжа. І па якой, урэшце, дарозе ехаць, каб дабрацца да праўды.Мы ехалі з Лыганоўскім у горад у ягоным блакітным “Масквічы”. Вярталіся з псіханеўралагічнай клінікі.Гэтаму было як быццам усё нічога. Прыгожыя моцныя рукі цвёрда ляжалі на баранцы, і здавалася мне, ён не глядзіць на дарогу, не адчувае машыны, а проста зліўся з імі ў адно, як кожны ас аўтамабілеваджэння.А мяне ледзь не калаціла ад гэтага візіту ў дом вар’ятаў, ад павароткі з шашы ў доўгую і цемнаватую алею з высачэзных туй і ядлоўцаў, ад двара, па якім хадзілі бы ў сне нейкія невыразныя фігуры, нават у сваіх піжамах і халатах падобныя на тую маўклівую постаць у саване, што, стоячы, падплывае ў ладдзі да “Вострава мёртвых” Бёкліна.Я ўдзячны быў Лыганоўскаму, што ён не павёў мяне па палатах, а проста папрасіў санітараў прыводзіць тых хворых, якіх ён укажа, і кожнаму з іх выдаваў мяне не за старонняга чалавека (магчыма – я страшыўся такога – будучага іхняга суседа), а за лекара, які паглядзіць іх пакуль, а пасля абавязкова дапаможа.Я толькі ўрыўкамі лавіў яго каментарыі, калі чарговага хворага адводзілі. Перада мною ўсё яшчэ стаяў твар, вочы, пастава няшчаснага, ягоная мова, часам, здаецца, і складаная, а часам як на дзве трэці сапрэлая тканіна з кургана, па рэштках якой толькі з цяжкасцю можна ўявіць першапачатковы ўзор.