Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Казаў… аднаго… не таму што ракета ўзарвецца… Космасу не баліць… загад урада… магло там… Аэліта.Адзін з дзесяткаў магчымых разгадак гэтай галаваломкі мог быць такі:– Казаў жа я, каб паслалі мяне аднаго. І не таму, што ракета ўзарвацца можа, калі лішні ў экіпажы. На зямлі не ўзарвецца. Космасу не баліць. І гэта быў загад урада, а на месцы не паслухаліся. Самае горшае, што ўзарвацца магло там, а там Аэліта.А яго змяняў другі, які быў упэўнены, што жонка рвецца да яго (калісьці яна не толькі здрадзіла яму, але й прадала яго), ужо дзесяць год чакае, ды яе да яго не пускаюць.– Яна выйшла другі раз замуж дзевяць год назад, – буркнуў Лыганоўскі, калі чалавека, які захлынаўся ў рыданнях, павялі.І яшчэ. І яшчэ. А тут голас чалавека, які звыкнуў да такога, хаця недзе ўнутры яму, можа, і баліць. Каменціруе:– Псіхоз Корсакава – асобая форма псіхічных расстройстваў на глебе алкагольнай інтаксікацыі. Характарызуецца змяненнямі памяці і множнымі паражэннямі нерваў. Або: рознасць палёў зроку. Але праведзена праверка з дапамогай вымяральніка мазгавых хваль, і розніцы ў іхняй форме я не бачу.Ці яшчэ:– Ні вар’ятам, ні эпілептыкам, па ўсім відаць, яго лічыць нельга. Няма ніякіх падстаў казаць аб арганічных мазгавых зменах. Трэба лічыць, што прычынай, хутчэй за ўсё, псіхічныя, душэўныя ўласцівасці.Ён пільна пакасіўся тады на мяне:– Як у гэтага вашага тыпа з Альшанкі. Хацеў бы я неяк пагаварыць з ім.– Хто забараняе? Збярыцеся вось ды прыедзьце туды на дзень-два. Паназірайце.– А можа, і трэба будзе. І не толькі за ім, – дадаў ён са значэннем. – Можа, і ў вас некаторыя “начаткі” пачалі праяўляцца.– Воля ваша. Але што гэта дасць?– Вопытнаму дасць. Хаця, вядома, лепей было б правесці тэсты на здольнасць запамінання і элементарныя разумовыя здольнасці і… зрабіць праверку рэакцыі на наркоз.– Запамінаю – на выдатна, здольнасці – ну, як здольнасці. Наркотыкаў не ўжываю. Дый і мала хто, відаць, у нас іх ужывае. Гэта не Ганконг.– І трэба было б правесці, – гнуў ён сваё, – больш усебаковую праверку разумовых здольнасцей і аналіз характару па метаду Роршаха .А перад намі ішлі новыя і новыя цені. Адзін, дэгустатар з вінзавода:– Да 1878 года – прафілаксера. Пасля яе віны ўжо не тыя… Корак мянялі, а то трэба было адбіць рыльца… Пад рыльцам трымалі свечку, каб быць упэўненым, ці не трапіла ў віно парушынка. І ані гарчычнай лыжачкі асадку. Вы ўжо такіх, тых вінаў, не будзеце піць.– Ні аб чым іншым гаварыць не можа.А за ім акцёр, які граміў кагосьці кавалкамі з п’есы, якой ніхто не бачыў і ніхто бачыць не будзе. Жэсты аратара на форуме.– І ролю ў ёй мне не далі… Англійская… Мова Шэкспіра – гэта ясна. А тое, што вы называеце проста англійскай, – гэта шэраг мыканняў і варыяцый аднаго-адзінага галоснага, пры дапамозе якога маюць зносіны дзевяць дзесятых жыхароў гэтага вострава. – І кінуўся да акна, нібы расчыняючы яго. – Слухайце! Перазвон! Звон па нас! Слухайце вы ўсе. Хай паможа бог гэтаму старому дому.Я не мог болей.– Што, адчуваеце faux pas ? – спытаў псіхіятр.– Felix opportunitate mortis . Мне сорамна.– Што зробіш. Многіх з іх не вылечыш. І саромецца няма чаго. Прыйдзе час, на гэтых, безнадзейных, мы накопім матар’ял надзеі для іншых. І тады адзіным невылечным адхіленнем у псіхіцы будзе тое, пра якое і зараз кажуць: “Балван, якіх мала”.– Абы не пры штурвале.– Ну гэта ўжо не псіхіятраў справа.