Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Угм. А раней, у 1778–1789 удзельнічалі ў вайне за Баварскую спадчыну. Не прамыя нашчадкі, а, здаецца, ад траюраднага брата.– Ты скуль ведаеш?– А я ў прамежку паміж дзвюма партызанкамі не толькі па падазрэнню ў “бандытызме” ў гестапа сядзеў, а да гэтага ў гестапа некаторы час перакладчыкам служыў.– Як?!– А так.– Ну і што?– Сам бачыш. Не з белымі мядзведзямі выхаваўчую работу вяду, а з юнацтвам. Значыцца, ясна, як я немцам наработаў.– Н-так, – упершыню азваўся “каўбой”, – не жыццё, а слоены пірог: лес – перакладчык гестапа – падвальны падапечны гестапа – выкуп – зноў да лесу.– Добра, канчай. Ну вось. А з графам Франц Керн з айнзацштаба, з ведамства Розенберга. Рабунак каштоўнасцей. Значыць, і іх вывезці не здолелі, бо кальцо амаль замкнулася... А з імі штандартэнфюрэр Зігфрыд (прозвішча не ведаю) і – трымайся за нешта, закачаешся – апошні Альшанскі стары, Юзаф-Ксаверы.– Ён, кажуць, памёр скора пасля, – сказаў я. – А я думаю, яго памерлі, – сказаў Змагіцель. – Магло быць і гэта.– Як?– А ты што думаеш, Вартэнбургу і Керну патрэбны былі лішнія сведкі? Дык вось, увальваюцца тады ў Альшаны і сюды пад непрабойнай аховай некалькі “опеляў”, два “даймлербенцы”, адна машына сістэмы “Монці” (дзень п..........ь – год на рамонце) з эсэсманамі і тры легкавушкі: “бээмвэшка” сіняя, “опель-капітан” і “мерседэс” з генералам. І амаль ва ўсіх машынах нейкія скрыні, цюкі, зашытыя ў брызент і цырату рулоны. А ля адной увесь час круціцца, рукамі махае і распараджаецца стары Альшанскі, а на астатнія і плюнуць не хоча... Ну, а пасля пагналі калоны вязняў і проста мірных... Эсэсманы сваімі “вальтэрамі” ды “манліхерамі” трасуць, блокэльтэстары, блочныя старосты ды блокфюрэры кіямі махаюць: “а мо за руплівасць ды дбайнасць не будзе ім апошняй ямы”. Бо прадчувалі, ой прадчувалі ўсе. Як добры сабака землятрус ці пажар у доме. Скулля гэтым старостам з макам, і не прысудзілі ім немцы іншы лёс... Там і нашы былі ў напаўвайсковай форме – Мультан бачыў. Некалькі чалавек. Але далёка было, не пазнаеш у твар. А нашы ж, сволачы.– Якая эпоха, такія і таленты, – з чорным гумарам сказаў Змагіцель.– Ты б, Міша, і пра іншыя таленты нашай эпохі ўспомніў, – злосна буркнуў Рыгор.– І ўспомніў бы, ды тыя забыць не даюць.Ужо ладныя прысмеркі ляглі на вёску, на Альшанку, лясы і грувасткі чорны сілуэт далёкага замка. Шаблыка ўздыхнуў:– Ну вось. Мультан у лесе сядзеў. Бачыў, як разгружалі скрыні, як валаклі некуды.– Ён пасля вайны іх нават шукаў. Мацаў латай дно замкавага возера. “Глей, – кажа, – засмактаў”, – працадзіў “каўбой”.– А я думаю – дарэмна там шукаць, – сказаў Шаблыка. – Думаю, не там. Думаю, ці не ў рачулцы пад замкам, там прамоіны пад берагам. Або, вярней за ўсё, недзе ў катакомбах. Бо там д’ябал нагу зломіць, бо да канца іх ніхто не ведае. Ведаў толькі стары Альшанскі, у яго план старадаўні быў.– Хто бачыў? – уздыхнуў я.– Лапатуха.Я бязмерна здзівіўся.– Ён гады два да трыццаць дзевятага ў замку бібліятэкарам працаваў. Бо куды было паткнуцца беларускаму хлопцу, хай сабе і з універсітэтам.Памаўчаў:– І ўвогуле, ён зашмат бачыў. Аж да небяспекі жыццю шмат бачыў. І апошнюю “акцыю” бачыў. Трызніць, балбоча, а сэнс нейкі ёсць. Я вось толькі не ведаю, ці ён яе таксама назіраў аднекуль, ці быў у калоне смяротнікаў. Я з паасобных словаў гэтага ягонага блекатання склаў для сябе такую карціну, можа, і няверную.