Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Хадзем, хадзем адсюль.Ён гаварыў з усмешкай, хаця і сумнай. А на мяне каціліся хвалі чалавечага гора. Вялізныя хрыбты чорнай вады. І гэта былі нашы няўдача і непаспяховасць, нашы нядоля і злашчасце. Усе грані нашай нядолі: атамнай, мілітарысцкай, сексуальнай. Пагрознай. Чым мог памагчы супраць гэтых няспынных навал нейкі там стары добры бром. Стары экіпаж Флінта цяпер нават сваю славутую песню спяваў бы зусім іначай:Йё-хо-хо, і бутэлька брому.Я не мог больш глядзець у вочы гэтым людзям і ўзмаліўся перад Лыганоўскім аб літасці.І вось мы ехалі назад, паступова ўязджаючы ў позняе весняе сутонне.– Ну вось, – сказаў лекар. – Цяпер вы самі бачылі гэты адчай. І менавіта каб не дайсці самому да такога, кіньце ўсе вашы заняткі, перастаньце думаць аб усім і – куды-небудзь, куды хочаце. На мора, у горы, у стэп. Сцеражыцеся ілюзій.Добрая ілюзія, калі я сам бачыў цені на галерэі і іншае… Гэта што, неаб’ектыўнае ўражанне?Ён усміхнуўся гожым ротам:– Сярэневяковыя вядзьмаркі, каб “лётаць”, націраліся маззю. У яе склад уваходзіў аканіт. Ён даваў цалкам “аб’ектыўнае” адчуванне палёту. Але ж вы не будзеце адмаўляцца, што гэта была чыста суб’ектыўная ілюзія.– А гэта што, таксама суб’ектыўная ілюзія, што мае паперы пару разоў былі пераварушаныя?– А вы не маглі самі гэтага зрабіць… гм… ва ўзбуджаным стане?– Клянуся вам, што падчас гэтых “ілюзій” я з месца не мог скрануцца. Як прыкуты. Усе мускулы здраўнелі… Вы лепей, чым разважаць, парады мне нейкія далі б.Сказаў я гэта ці не занадта палка. І не дзіва: я такі досыць моцна спалохаўся тых дантавых колаў пекла, праз якія ён мяне сёння правёў.– Парады? Ну, піць. Вы шмат п’яце?– Выпадкова і досыць рэдка.– Курыць… Лепей за ўсё… Абавязкова кіньце курыць.– Ну, гэта вы занадта патрабуеце.– Можа. Ды гэта ў вашым выпадку, можа, і не дужа шкодзіць. Лепей, вядома, кінуць, калі хопіць волі. Проста выдатна было б, каб кінулі. Але тут я дрэнны парадчык дый патрабаваць не маю права. Сам дымлю, як цягнік. З вайны. З фронту. Самі разумееце… Ну, можа, крыху меней курыце… Урэшце гэта не самая вялікая бяда. А вось кінуць справы, каб сонца, зелень, свежае паветра, спакой, – тады і дыміць можна. Крыху.Прыпаркаваўшы машыну, мы ішлі да сваіх хатаў.– Што, Герардзе? – спытаў Пахольчыка лекар. – Як там з дамоўленасцю?– Ды вініцца мушу. Не дастаў, і пэўны час, мусіць, не будзе. Перабоі.– А, ладна, – махнуў рукой Лыганоўскі. – Пакурым пару тыдняў штось іншае.…Падымаліся да сябе. І на пляцоўцы, дзе была кватэра лекара, убачылі Хілінскага, які спускаўся ўніз.– Дзень добры панству. А дзе гэта вы, Косміч, прападалі цэлы дзень? Кампанія? Кабеты?– Кампанія ў мяне была невелька, але бардзо пожондна, – сказаў я словамі не дужа прыстойнага польскага анекдота.– Пробашч? Арганіста?– Не, тыя ў Альшанцы…– Няўжо астатнія з таго анекдота?– Ды не…Я гатовы быў ляпнуць нешта праўдзівае пра падзеі гэтага дня. Але тут, дай божа яму здароўя, мяне перабіў Лыганоўскі. І праўда, калі кліент не хоча берагчы лекарскай таямніцы, то гэта хочаш не хочаш павінен рабіць за яго сам лекар. Нават наступаючы дурню на язык.– Ён не скажа, – сказаў Лыганоўскі. – Бываюць такія рэчы, што трэба трымаць язык за зубамі. На мой погляд, ён сёння цалаваўся з чужой жонкай.– Божа мой! – уздыхнуў Хілінскі. – І ўсё гэта адбываецца ў прававой дзяржаве.Памаўчаў.– Хаця цяпер пайшлі мужчыны спрэс як з анктдота: “Ваша мэта што? Пацалаваць маю жонку? Ну то, скончыўшы сваю справу, вы можаце пайсці…” Словам, Антоне, калі ты кажаш, што рыба добра ловіцца, то я, можа, неяк днямі заеду да цябе. Стаць там на пастой можна ў каго?