Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Горад мой горад, са сваімі тварамі, пахамі, поліфаніяй гукаў, са сваім нязмерна прыўкрасным абліччам.“Казёл” спыніўся ля скверыка на плошчы. Я вылез.– Мы тут на Аптэчную звернем, а ты, хлопча, шыбуй па Замкавай і пасля ўправа. Падвозіць цябе пад ганак няма чаго. Ды тут і недалёка. Даем табе пяць гадзін максімум. Пасля чакаем ля Бернардынаў. Застанешся – прыходзь папярэдзіць. Не – падкінем цябе да Альшан.– Ну а я тут у гасцільні затрымаюся, – сказаў Адам. – А прыеду ці то заўтра, ці на трэці дзень.…Дом пад патрэбным мне адрасам стаяў на адной з тых зялёных ці то вулачак, ці завулкаў, што збягалі ў прырэчны яр. Унізе бегла адна са шматлікіх рэчак (ці не Кладнічанка), і кожны завулак канчаўся мосцікам цераз яе, а на другім беразе зноў караскаўся па схіле яра, на гэты раз угору.“Мой” дом быў тыповы фальваркова-шляхецкі дом, якія тысячамі калісь былі раскіданыя па Беларусі, а зараз сустракаюцца ўсё радзей і радзей і якія так любіў і ўмеў маляваць Генрык Вейсенгоф. Доўгі, аднапавярховы, з высокім дахам і пабеленымі драўлянымі калонамі на ганку, з блакітнымі акяніцамі і вясёлкавымі ад старасці шыбамі, якія глядзяць у запушчаны сад, у стары дрэвападобны бэз.Здавалася б, такія някідкія, сціплыя, мілыя, нават нібы несамавітыя – яны, аднак, сэрца краіны нашай. Бо гэта ў такіх вось дамках нарадзіліся, акрылелі і ўзмужнелі не толькі нашы, беларускія, але і польскія хвала і слава. З такіх вылецелі ў свет Багушэвіч і Чачот, Купала і Каліноўскі. У такіх заззяла першая іскра жыцця Міцкевіча, Манюшкі і Касцюшкі.Я, вядома, не чакаў, што мяне дзівам сустрэне ў дзвярах нейкая з вышэйпамянёных асоб. Штурхнуў рыплівую фортку, прайшоў алейкаю пад бэзамі, перамяшанымі з брызглінай, бружмелем і махровай шыпшынай, таргануў за язык меднага цмока (забрынчаў недзе ў доме званочак) і пачуў праз хвіліну досыць яшчэ ўпэўненыя крокі. Дзверы адчыніліся, нечая рука зрабіла запрашальны жэст, закрыла за мной дзверы (на падлогу ляглі рознакаляровыя плямы ад двух акон, што былі паабапал дзвярэй) і толькі тады націснула на выключальнік.Стары ў трэніровачных портках і палатнянай кашулі з кароткімі рукавамі разглядаў мяне зусім не старэчымі, не выцвілымі шэрымі вачыма.– Антон Косміч, – сказаў я.– Мне званілі, я чакаў вас, – голас быў барытанальна-басісты, крыху надтрэснуты, але таксама яшчэ досыць малады. – Яраслаў Мірашэўскі, былы акруговы пракуратар, а цяпер… гм… пенсіянер. Праходзьце.Хата была абстаўлена, мабыць, модна ў часы сэцэсійнага сімвалізму, стылю, які на нашым беларускім усходзе і ў Маскве на рубяжы стагоддзяў называўся “купецкім мадэрнам”. Гэта вельмі б не пасавала з вонкавым выглядам хаты, каб не тое, што “мадэрну” ў той час заўсёды спадарожнічала так званая “хлопаманія”. Таму побач з вітражамі ў некаторых вокнах, з дзвюма-трыма карцінамі, якія былі б якраз да месца на сценцы ў Яме Міхаліковай1, побач з іншым такім, вычварным, віселі на сценах і ляжалі на падлозе і тахце народныя кілімы, віселі дубовыя, разьблёныя паліцы і лыжнікі. Віселі груба намаляваныя на шкле “Уцёкі ў Егіпет” і беластоцкія, з аленямі, тканіны, стаяла і некалькі старых мэбляў. І ўсё гэта разам стварала нейкае падабенства гармоніі.Ён правёў мяне ў кабінет (груба абгабляваныя паліцы з кнігамі, пісьмова стол велічынёю з поле бою пад Оршай, драўлянае, саматужнай работы крэсла з вышыванай падушкай на ім).