Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Настрой у мяне – хоць вешайся з такой прычыны. І тут папка, а ў папцы паперкі. І я тыя паперкі павінен “умарыць” з той прычыны, што няма складу злачынства і не наша зямная справа яго судзіць, а судзіць яго будзе бог, таму што самагубства – гэта парушэнне божага закона і злачынства супраць бога і сваёй неўміручай душы.Што ў папцы? Рапарт пастарунковага, прызнанні сведкі, нейкага Язэпа Шаўца, што, збіраючы вясною журавіну, выбіўся проста на мёртвае цела, нічым не прыкрытае, пратакол лекара судовага, пісаны, відаць, левай нагой, адна гільзачка ад пісталета – а калібр ягоны 7,65. Ну і аркушык бруднаваты паперкі, на якім чорным па белым:“Бывайце, людзі. Бывайце і вы, мае сваякі, што не паверылі майму цяжкаму становішчу і цягнулі з тым, каб памагчы мне. Маю на імя Крыштоф сын Леана Высоцкі. Дзякуючы няўхільнаму, фатальнаму збегу абставін учыніў у Кладна махлярства і растрату. Баюся не таго, што за мною па пятах ідзе паліцыя. Ад яе я уцёк бы. Але куды ўцячы ад уласнага сумлення! Не хачу жыць заплямленым і таму адбіраю ў сябе жыццё”. І подпіс з вензэлямі. І аніякіх, да яснай халеры, дакументаў.Сабраўся я ўжо і гэтую справу падмахнуць, але шкрабе нешта ў мяне на душы. “Не, – думаю чамусьці, – марыць гэтую справу шчэ ранавата”.Чаму? А таму, што раны дзве (у ямку на мяжы шыі і грудзей, тую, дзе “душа жыве”, і ў левую скронь). Першае месца смяротным сяляне лічаць, а мяшчане ды яшчэ з прэтэнзіямі на “культуру” – радзей. А левая скрронь? Ляўшун быў, ці што? Ці, можа, па старой “царскай” яшчэ памяці? Тады леўшуноў (здаецца), ды людзей з пляскатай ступнёй, ды яшчэ імпатэнтаў у армію не бралі. І столькі іх тады ў нас развялося – Нарач запрудзіць можна. А пасля, гядзіш, такі са “ступой” так ад палясоўшчыка ўцякае, што лаўжы трашчаць. А пасля ў такога імпатэнта поўная хата дзяцей. І правальваецца справа аб пастаўцы дзяржаве толькі паўнацэнных егераў. З трэскам.Прытым гільза адна. Прытым нідзе ў справе ані слова пра пісталет.Ну, праз дзяжурнага асэсара загадваю высветліць справу са зброяй, зрабіць ускрыццё трупа. І тэлефаную ў паліцыю, ці не аб’явілі яны росшук такога і такога махляра і растратчыка.Не паспеў філіжанкі кавы выпіць, з камісар’ята адказваюць: зброі пры тленных астанках не знайшлі (сам, мёртвы, занесці нікуды, вядома ж, не мог, значыць, падабраў нехта і цяпер чакай новых эксцэсаў, калі яна, зброя, у нягожыя рукі трапіць).Марудзіць тут не было чаго. Замовіў машыну (памятаю як зараз, што нямецкі “мерседэс-бенц”) і еду ў каменду павятовую ў мілай кампаніі суддзі-следчага, кіраўніка седчай брыгады і пары пастарунковых.Едзем на месца здарэння.Спыніліся, помніцца, на ўзлессі і папрамавалі на месца здарэння. Пастарунковы торкае пальцам у месца, на якім, “здаецца”, знайшоў астанкі той мужык.– Як ляжаў?– Галавою вось сюды, да таго малога ўрвішча. І песць адной рукі звешвалася з яго.Глянуў я ўніз – у пары метраў унізе дрыгва. Ды не такая, на якой сівец расце, а значыць, пры асцярожнасці прайсці можна, а тая, што зеляненькі такі дыванок, а ў рэдкіх разрывах ягоных – нешта накшталт толькі што замешанай вадкай цамянкі. Калі адкінуў руку пасля стрэлу, то да старшнага суда ніхто таго пісталета не знойдзе. І якраз разрыў на гэтым месцы.– Левая рука была адкінута?– Гм… дайце саабразіць… Не, правая. Правая была.“Што ж ён, – думаю, – цераз галаву страляў? Або, прабіўшы скронь, акуратна пераклаў пісталет у правую, будучы практычна ўжо мёртвы, і толькі тады руку адкінуў? Не клеіцца нешта”.