Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Выклікалі яе асабіста – вынік не лепшы: “Бадай што, ён, але вельмі змяніўся”.– Асобныя прыкметы былі?І зноў прыйшлося тлумачыць, што гэта такое.– Ну як жа, – узрадавалася, – след па выдаленні апендыкса.Паглядзелі – ёсць шнар, цэлых дванаццаць сантыметраў даўжыні. Яна ўжо хацела ісці, але тут мне нібы цюкнула:– Калі яму выдалілі адростак?– Ну, добра не ведаю (“была галава ці не”), але год сем-восем назад.– А з якога часу гэты шнар? – гэта да лекара.– Ну, труп нават на лёдзе пачаў пакрысе… гм… цяжка каб з дакладнасцю. Але здаецца, што год гэтаму шнару. І не болей як два.– Ды не, даўней было, – абурылася цёцечка. – Яшчэ ў лясной школе вучыўся.“Трэба будзе памышкаваць па лясніцтвах і леснічоўках ад Кладна да Альшан”, – падумаў я, ды на некаторы час і забыўся на гэта. А між тым графічная экспертыза дала катэгарычнае заключэнне: запіска напісана рукою Крыштофа Высоцкага.Ніхто з нас не падумаў, што гэта, уласна кажучы, не мае аніякага значэння. Дык вось, і нявеста Высоцкага, нейкая Антасевіч, апазнала на фатаграфіі жаніха. Словам, адначасова і тупік і выйсце, гледзячы, хто чаго хацеў ад следства.І вось тут я і перадаў справу ў рукі віцэ-пракуратара Рышарда Мыслоўскага. Не таму, што баяўся цяжкасцей, а таму, што хацеў ягонай перамогі, хацеў, каб ён цвёрда стаў на свой шлях. Абодва мы ўнутрана былі перакананыя, што гэта не метад Іуды, але метад Каіна, не самазабойства, а забойства і што забойца – сам Высоцкі. Назавіце гэта інтуіцыяй, плодам вялікага вопыту і назіранняў. Але я быў упўнены. Ён таксама. І няма, як кажуць, прычыны тлумачыць чаму. Заставаліся пытанні, на якія мы не маглі адказаць.Хто быў забіты? Чаму пераапрануўся ў вопратку Крыштофа? Як быў заваблены ў гэтыя нетры?А тут яшчэ папаўзлі чуткі, што забойства адбылося на глебе палітыкі (язык без костак, а палітыку тады – і, на жаль, не толькі тады – шукалі ва ўсім). Трэба было спяшацца. Кожны наступны акт, сапраўды ўчынены ў імя палітыкі, мог зрынуць з месца лавіны. Мы не ведалі, што праз нейкія паўгода Польшчы будзе не да палітычных паляванняў за вядзьмаркамі і ведзьмакамі, а адзінае, што ёй будзе важліва, – гэта ні менш ні больш, як права дыхаць і ўвогуле жыць.Антасевіч, праўда, прызналася яшчэ, што пасварылася з жаніхом дні за два да смерці таго (ён расказаў ёй пра грошы, і яна патрабавала іх вярнуць фірме, а ён не хацеў) і больш з ім не бачылася. А паколькі няма чаго святому месцу стаяць пустым, то завяла яна сабе ўжо і новага “рыцара”.І вось што азначае перасаліць, нагрувасціць больш, чым трэба, яўных і ўскосных доказаў. Больш, чым іх магло быць. Прыбегла панна Антасевіч у камісар’ят і кажа: ліст ад Крыштофа. А ў лісце словы, што, “калі атрымаеш гэты ліст, мяне ўжо не будзе ў жывых. Мне не шкада пакінуць зямлю і цябе. Шчасця!”А штэмпель нашай пошты… на пяць дзён пасля самагубства пазнейшы. А штэмпель адпраўлення такі неварызны, што невядома, адкуль дасланы ліст: з Кракава, Гдыні, Навагрудка або яшчэ аднекуль.А здымак – на вуліцы. І недзе я тую вуліцу бачыў. І здаецца мне, што ў Варшаве. І ці не кракаўскае гэта прадмесце? І ці не рог гэта касцёла свентэго Кшыжа? І ці не пашукаць недзе ў раёне Свентакшыжскай, дзе-небудзь на Новым Свеце або на Крулеўскай фотамайстэрні, дзе тое фота зроблена?Запытанне. І адказ. Ёсць такі вулічны фатограф. Ёсць фатаграфія, што аперыруе ў гэтым раёне горада. І змяшчаецца яна якраз на Крулеўскай. І фотку вышэйпамянёнага пана аддалі друкаваць праз два дні пасля ягонага самагубства, а наступнага дня ён сам зайшоў за ёю. Як кажуць, повен жыцця.