Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Ясна, што жыве, і ясна, амаль з поўнай поўнасцю, што гэта ён зрабіў тады ў лесе тое паршыўства.І тут хада падзей, гэткая павольная, раптам сарвалася на шалёны намёт. Галопам прыбягае ў Кладзенскі камісар’ят панна Антасевіч і кажа, што ішла са сваім “новым” па Замкавай вуліцы (вы ішлі ёю да мяне) і, здаецца, бачыла Крыштофа, і ён юкнуў у натоўп, і што цяпер ён яе нажом ці яшчэ нечым “залатвіць”, як у славутай песні “Чтэры мілі за Варшавон”, той самай, што зараз уваходзіць у залаты фонд рэпертуара спевака Ярэмы Стэмпкоўскага.Ну абклалі яе дом, устанавілі назіранне над раёнам. І ўжо праз два дні функцыянеры паліцыі перастрэлі яго ў пад’ездзе дома “на Кладніцы”, дзе жыло былое каханне. Невядома, ці сапраўды яно “не ржавее”, ці павінна было змоўкнуць.Спыталі, ці не Высоцкі? Не, я Юллян Сай. І метрыку адпаведную паказвае. Але не скандаліў, калі яго пасадзілі ў “кошык для радыскі” і адправілі куды трэба.І вось тут я падумаў, што метрыкай карыстаюцца пераважна на вёсцы, што шукаць, між іншым, трэба і ў леснічоўках. І ўжо ў сёмай з іх жыла сям’я па прозвішчы Сай, і нічога там пра забойства не чулі, а сын іхні Сай з’ехаў, каб паступаць у школу “на ляснічага”.І тут закруцілася кола.І паказанні Саяў: бацькі і дзвюх дачок. І паказанні сваякоў Высоцкага. І пазней вочныя стаўкі – усё пайшло ў ход. А карціна злачынства зрабілася такой яснай, як быццам я яго назіраў ад пачатку да самага канца.Ну, спачатку біяграфію. Біяграфія звычайная. Выслухалі яе з суддзёю-следчым і віцэ-пракуратарам і не здзівіліся.Байструк, бацькі не памятаў, дый матка яго, відаць, не ведала. Таму прозвішча – матчына. Пасля і маці паехала кудысь – ці на працу ў Баварыю (вербавалі тады), а яго, двухгадовага, кінула бабцы, сваёй маці. Праз дзесяць год тая памерла, і падлетак перайшоў на рукі цёткі, малодшай сястры маці. Тая настаўніца, муж яе – таксама. І яна за хлопца старэйшая толькі на дзесяць год, і… словам, з тых, пра якіх кажуць: “Пробы ставіць няма дзе…” Вучыўся хлопец і нават розум і здольнасці паказваў не абы-якія, але вучыўся няроўна. А тут яшчэ родная цётка дапамагала. Адкрыла яму, пятнаццацігадоваму, усе, якія сама ведала, “таямніцы Амура”. Словам, зрабіла з няўстойлівай асобы, ды яшчэ й не асобы пакуль што, матар’ял на скончанага, закаранелага нягодніка.Дзядзечка нешта падазрае. Дзядзечка пляменнічка і сабрата выпіхвае ў лясную школу ў Бялай-Падляскей. Той канчае, нават з поспехам. На службе ў дзяржаўных лясах. А пасля калейдаскоп. Жаніцьба на ўдаве, прадажа гаспадаркі, пераезд у Варшаву. Абкраў маладую да ніткі і ўцёк. Спаймалі. Далі восем месяцаў. Добрыя людзі часам гадамі чакаюць дарэмна, а нягодніку, як заўсёды, амністыя тут жа падваліла. Прыказка гэтая наша непрыстойная, але “багатаму чорт і ў кашу валіць, а беднаму і ў поліўку лье”. Словам, дзе і так густа, то каб яшчэ гусцей было.На волі ўладкаваўся практыкантам у ляснічага Хмялевіча. Амаль адразу выпараецца разам з грашыма, асабістым пасведчаннем і пісталетам (вось яна адкуль віцца пачала, нітка замшанскай трагедыі).Зноў Кладна. Тут і пазанаёміўся з Антасевіч. Што ж, хлопцу дваццаць восем (ёй дзевятнаццаць), прыстойны, ясна ж, “не жанаты”. Коміваяжор, але ж не так складана і якар кінуць, скажам, у фірме “Ян Пліцка і сын”. Лясная фірма. І ён – знаходка. Лес ведае, знаёмствы ў LP (lasy panstwowe) ёсць, ледзь не да вуліцы Вавельскай, 54, дзе дырэкцыя галоўная (прынамсі, так кажа). Спец і па дыхце, і па тэрпентынарнях, і па дыстылярнях жывіцы. Ён табе і кнігі весці і інкасатар – знаходка, і толькі. Расце давер – расце і махлярства і ашуканства. Ну, тут падрабязнасці не патрэбны. Тонкае было круцельства. Так і накруціў ён сабе восем тысяч злотых. Ну і тут чамусьці адкрыўся Антасевічуўне. Тая – каб вярнуў. Ён – у аніякую. Пасварыліся. І тады ён “звяў” адзін.