Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Прыглядаўся да розных месц, куды можна было б укласці капітал. А тым часам раз’язджаў на веласіпедзе ў мундзіры палясоўшчыка прыблізна ў шматкутніку Аўгустоў – Беласток – Навагрудак – Альшаны – Ліда. Кладна, вядома, мінаў.І вось Замшаны і леснічоўка ў Цёмным Бары. Стары Андрон Сай, старэйшая дачка Агата, сын Юллян ды малодшая доня – Ганна. Зайшоў папіць дый начаваць застаўся. Ну, а дзе начег, там у нас і вячэра. Знайшлася і бутэлька. Знайшлася пад яе і добрая бяседа… Даверлівасць гэтая наша, прастата – горш яны за любое крымінальнае, за кожнае нават дзяржаўнае злачынства.Стары быў старой школы, калі ад палясоўшчыка толькі і патрабавалася, што веданне лесу на ўчастку ды сумленнасць. А новыя часы патрабавалі яшчэ і сякой-такой асветы. І палясоўшчык “з асветаю” выдаўся ім асобай прыблізна таго самага гатунку, што ў нашым коле доктар ганорыс каўза Сарбоны або лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне кібернетыкі.Разгаварыліся па душах. Андрон паскардзіўся, што яго наседны прынц не ўспадкуе пасля яго ляснога каралеўства Замшанскага, што адзіны цяпер спосаб вывесці дзяцей у людзі, уратаваць іх ад галечы – даць ім асвету або хаця б патрэбную спецыяльнасць. І вось і хацеў бы Юллян у палясоўшчыкі, але грошы ўзяць дзе, дзе заручыцца падтрымкай? Ясна, што нейкі з горада заўсёды мае перавагу над вясковым, тым болей над лясным чалавекам. І чуў многае, і чытаў, і, нават хай сабе без ахвоты, бачыў. Хаця, можа, і дурнейшы за таго вясковага, як амаль кожны пародзісты сабака дурнейшы за дварнягу. І куды больш не прыстасаваны да жыцця.– А можа, і я дапамагу, – сказаў Крыштоф. – Я скончыў Вышэйшую лясную школу ў Цешыне. Знаёмствы ў лясніцтве засталіся.Не ведаю, магчыма, з гэтага выхвалення, якое не мела аніякай мэты, – от, так сабе, хлестакоўскае выхваленне! – усё і пачалося.Юллян з’явіўся. Год на шэсць маладзейшы, але фігура, колер валасоў, рысы аблічча былі крыху падобныя. Усміхнуўся – двух пярэдніх зубоў няма.Пачалася размова. Дзе, ды што, ды як з хлопцам вялося, ды ці мае сяброў недзе на Кракаўшчыне, ці недзе там пад Бельскай-Бялай, Цешынам, Рыбнікам ці Жыўцам. Не меў аніякага, дый тут – мала.– Там перавагу аддаюць людзям стопрацэнтна здаровым. Нават каб гландаў і апендыкса не было.– Апендыкс выдалілі.– Там на здароўе не менш глядзяць, як у арміі. Адбор і адбор.– Ясна, што адбор, – уставіў і стары. – Толькі ж і маем права на трыста шэсцьдзесят тысяч войска.– Па Версальскаму дагавору, – сказаў Крыштоф, “прасвяціў” цёмных. – Ясна, што ўжо няшмат, але патрэбны адборныя.Гэта пазней ужо, калі мы яго, скурвысына, раскалолі, ён прызнаўся, што ўжо тады задумаў “падстаўку”, бо паліцыя яго і сапраўды рана ці позна спаймала б.Раніцаю сказаў, што хутка вернецца, вось толькі ў Цешыне спраўкі навядзе і на каго трэба націсне. Ну, а паколькі пашпарты тады былі не абавязковыя і многія, асабліва з вёскі, іх не мелі, то досыць і метрыкі і пасведчання за чатыры класы школы паўшэхнай. Ну і грошай крыху на вопратку і на першы час.І пасведчанне ляснічага Хмялевіча – на стол. І дзе ўжо тым было, простым, нямудрым людзям, нязвыклым да ашуканства, заўважыць, што Хмялевіч год на пятнаццаць старэйшы і што “дыстынкцый” ляснічага ў Высоцкага на мундзіры няма.Ні ў які Цешын ён, ясна, не ездзіў. Вярнуўся дзён праз колькі, прадыктаваў заяву ў дырэкцыю, заверыў, што прымуць. Толькі трэба трыста злотых за інтэрнат заплаціць (з поўным пансіёнам, хаця хатняй каўбасы вэнджанай ды паляндвіцы падкінуць і не шкодзіць). І трэба яшчэ дзесяць злотых за маркі казны.