Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Якую? – спытаў я.– Бачыў, але не да канца. Цягнулі палонныя скрынкі да гарба (там возера з аднаго боку, а рачулка-роў і замак з другога). Смяротнікам пасля вочы завязалі, павялі туды, а праз пару гадзін, зноў з завязанымі вачыма, – адводзяць назад. І ў лесе – залпы. Жывыя зносілі мёртвых у купы. І тут ці Лапатуха спалохаўся (ён, відаць, ужо і тады быў – таго...) і кінуў назіральны пункт, ці ўдалося яму дзівам уцячы. А астатніх паклалі там, на горцы. Дзе пахаваныя – ведаеш.– А хто ведаў і ведае, дзе яны тое схавалі?– Ну нашых туды не пусцілі. Вартэнбург пад бомбы трапіў у Дрэздэне, а “мастацтвазнаўцу” Керна нашы ў Беластоку пасля прылюдна павесілі.– Вось яно, – уздыхнуў я. – Атрымоўваецца, ніхто не ведае, што хавалі, дзе і як.– Ускосна здагадацца можна: архіў і нарабаванае і асабістае майно Альшанскіх. То ж бо замак пуставата выглядаў, як мы ўвайшлі. А ведаеш? Лапатуха ведае. Ды гэта ўсё адно што сабака ведаў бы. Не кажа... І ніколі не скажа.– А можа, так, што прасвятленне?..– Наўрад ці, – сказаў Змагіцель. – Што могуць даць бязладныя лапатанні накшталт: “І вы... Заб’еце мяне... Забойцы... Запавет іхні там”. Калі і ёсць недзе там запавет Альшанскага ды княскія граматы ды сцверджанні годнасці магнацкай – каму яны зараз патрэбны? Апошні, апошні Альшанскі воляю божай “Умре”.Так, вясёлага было мала. Мы сядзелі ўжо амаль у цемры, і такая ж цемра была ў нашых мазгах. Я ўспомніў пра сваё абяцанне Хілінскаму і першы парушыў маўчанне:– Хлопцы, а што яно такое – Боўбель? Гэта я для аднаго там чалавека. Ён і сам трохі ведае, але яму цікава, што ведаюць, як глядзяць на гэта тут, на месцы.– Кгм. – Змагіцель кінуў у рот трускалку. – Гэта, браце, славуты бандыт. Тэрарызаваў з бандаю ўсё наваколле ў 1945–1947 гг. Два іх тут такія былі. Ён ды Кулеш. У акупацыю “партызанілі”. А папраўдзе іхняя партызанка ў асноўным была – харчамі разжыцца ды каня ці кажух у мужыка ўзяць. Ну, хлусіць не буду, нападалі часам і на немцаў. Пасты здымуць, камендатуру падпаляць, мост спалілі аднойчы, два эшалоны пад адхон ракам паставілі. Яшчэ пакуль такое – цярпелі. Але перад вызваленнем бывалі ў іх ужо сутычкі і з намі. Амаль як анархісты ў грамадзянскую: “Бі справа – белага, злева – краснага”.– Так, – сказаў Шаблыка, – аж па сорак восьмы пекла было ў нас. Праз іх. Вяртаюся аднойчы са сходу ўначы – аж нехта цыгарку курыць за нядальнім хмызам. Ясна, перастраюць. Засада. Ну я “вальтэр” з кішэні, крадуся, думаю: “Гэта яшчэ хто каго”. Падышоў бліжэй – цьху ты, маць тваю не займаць... Светлякі! Звычайны святляк!Пасмяяліся. І зноў Шаблыка:– А бывалі і сапраўды засады. Дужа палявалі. За ўсімі, а за мною чамусьці асабліва.– Можа, баяліся.– Сам думаю. Магчыма, у бандзе быў нехта з калабарацыяністаў. А я мог яго выпадкова ведаць, бо пэўны ж час “немцам служыў”. Мог апазнаць. Цалкам магчыма, што па гэтай прычыне і палявалі... Ну не ўпалявалі, і добра. А пасля міліцыя ды ястрабкі ды звычайныя людзі, якім ён горш за гнілую рэдзьку агоркнуў, пачалі яго ганяць, прыціснулі да балота – і гамон. Боўбель сам, здаецца, забіты.– Чаму “здаецца”?– Ніхто з нашых яго ў твар не ведаў, а “ягоныя” ўсе паляглі.– Так ніхто і не ведаў?– У цемры – толькі нехта Шчука. Здаецца, у чынах цяпер. У Мінску жыве. А з тых, што бачылі пры няпэўным святле і ўсё ж жывыя выйшлі, – бадай што, ці не адзін Ганчаронак.– Ганчаронак?– Ну так. Боўбель паслаў з ім “праважатым у апошнюю дарогу” хлопца, ды, відаць, малавопытнага. А ў Тодара ў кішэні махра была... Другая памылка, рук яму не звязалі... То ён у балоце пасля два дні сядзеў, аж пакуль ноччу ў Альшаны не прыйшоў і ў жонкі не даведаўся, што Боўбеля напярэдадні разбілі ўшчэнт.