Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Малодшая цяпер за Салвэсем Цяцерычам, – сказаў я.– А старэйшая за маці-зямелькай. Пасля суда вешацца хацела (і яна і стары давалі паказанні, ясна ж, пры замкнёных дзвярах, але ўявіце сабе адчуванне: абдымаць забойцу брата). Знялі. То пасля ніводнага хлопца да сябе не падпускала, а ў партызанах, як знарок, лезла ў самыя небяспечныя справы. І смерць яе мучыла-мучыла, а пасля і злітавалася.І ведаеце што? Я не быў ані ў якой меры прыхільнікам пана Мацыеўскага1, але пасля таго як даведаўся пра гэтую гісторыю Крыштофа з Агатаю, з ахвотаю кароткі час пабыў бы з Крыштофам і панам Мыцыеўскім у адной кампаніі. А пасля нават з прыемнасцю запрасіў бы яго на чай і пазнаёміў з сям’ёй.Хаця мне вельмі не падабаліся гэтыя яго штукі з белымі пальчаткамі. Неяк не быў я ад іх у захапленні.Але да Мацыеўскага яшчэ быў акружны суд. Пасілены эскорт паліцыі, варожасць народа.Прызнаўся ва ўсім, і нічога тут не мог дапамагчы адвакат (псіхіятр прызнаў Высоцкага адказным за свае ўчынкі) з ягонай канцэпцыяй “канстытуцыянальнага псіхапата”, пазбаўленага ў дзяцінстве пяшчоты і цеплыні.Прысудзіў суд (раіліся дзве гадзіны) да пакарання смерцю. А той, хоць і казаў, што “жыць не хоча і не можа” – падаў на апеляцыю.Выводзілі яго з суда праз чорны ход. Іначай лінчавалі б. Бо нянавісць аж віравала, як кіпецень у катле.Суд апеляцыйны ў сярэдзіне жніўня зацвердзіў прысуд суда акруговага. Бо і што можна было дадаць яшчэ, якія абставіны маглі б змяніць погляд людзей на рэчы. Хіба гэта было нешта вартае паблажлівасці? Выключная жорсткасць, зверства, бесчалавечча, нуль маралі, аніякага раскаяння. Небяспечныя люты звер, кат і вылюдак.Шаноўны пан Мацыеўскі выехаў у чарговую дарогу, даруй яму бог парачку больш дробных грахоў за адну гэтую паездку.Я не прысутнічаў на апеляцыйным судзе, не быў сведкам выканання прысуду. Быў за мяжою і застаўся там яшчэ на год, бо 1 верасня грымнула вайна.Палякі нібыта напалі на радыёстанцыю Гляйвіц.– А ўсё-такі як гэта адбылося?– Кажу, Мацыеўскі выехаў. І добра, што скончылі хаця з адным падонкам перад тым, як Польшчы як ніколі спатрэбіліся сапраўдныя людзі.Яны ўсё ж былі людзі слова, мае спадарожнікі.Сказана – зроблена. З’явіўся ў прызначаны тэрмін да касцёла і кляштара бернардынаў – умова застаецца ў сіле. Дакладны – значыць, дакінем амаль да Альшан з Кладна. Нават Хілінскі быў у наяўнасці, хацеў паслухаць пра маю размову з былым пракуратарам, пасля вярнуцца ў Кладна і назаўтра прыехаць зноў, ужо аўтобусам.У тую хвіліну, калі я ўлез у наш “казёл”, яны якраз канчалі нейкую спрэчку, якая ўзнікла значна раней.– Кідаецеся вы тэрмінамі, што далі людзям, юрыспрудэнцыяй, – рэзка кідаў Хілінскі. – А на мой погляд, самае брыдкае ў кожнай прафесіі, асабліва калі ты надзелены ўладаю, – прымушаць людзей рахмана, ціхмяна і пакорліва, без скандалаў цярпець несправядлівасць. Я гэта бачыў… У розных краях.– Перажыткі, – буркнуў Клепча.– Ну так, – сказаў Шчука. – Змяшаў божы дар з яешняй. Перажыткі капіталізму ва ўсім, што яму не па душы, бачыць. А ён гэтага капіталізму і не нюхаў. А што, скажам, дзед нейкага таварыша быў… ну… губернскім казначэем, то давай абвінавацім у гэтай нашай гісторыі ўнука першага лепшага загадчыка АблФА. Дык вось твой “падазроны” гэта чалавек добры, гэта чалавек на сваім месцы – якога табе яшчэ ражна? І запамятай, наперад сабе такіх штук не дазваляй. Невіноўны – пусці. Не бойся, самалёта ён не захопіць. У яго аўтамата няма. І іншай радзімы таксама.