Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Абстрактны гуманізм!Дзіўныя пачуцці выклікаў ува мне гэты чалавек.– Абстрактны гуманізм, – зноў умяшаўся Хілінскі, – гэта калі б Гітлера бараніў за тое, што вегетар’янец і сабак любіў. Гэта калі б я падлюгу, што сабрата ў пяцьдзесят год інфарктам задушыў – і не аднаго, – па галоўцы гладзіў. Глядзі, Клепча, не давядзе цябе гэта да дабра. Не цяпер, то ў чацвер… Расказвай лепей, Антосю, што там было.Я расказваў падрабязна, і таму, калі скончыў, мы былі ўжо на пад’ездзе да клуба ў Альшанцы, сёння нежывога і замкнёнага на замок.– Н-на, гісторыя, як кажуць, страшней за страхавітую выдумку, – сказаў Шчука. – Дык гэта клуб? – Ага.– То пройдземся на месца, дзе на цябе напалі.Праз пару хвілін усе рассыпаліся па лагчынцы, а я паказваў ім, што і як тут было.– Малайчына, – сказаў раптам Шчука.– А мне якраз гэта і падазрона, – гаварыў, як рэзаў, няўхільны Клепча. – Чацвёра не здолелі адолець аднаго. І запавет на вашу карысць. І запіска тая. Хто яго ведае тую графічную экспертызу. – Ён гаварыў досыць з’едліва, але так гжэчна, што здавалася, вось-вось пачне дыгаць ножкай.– Перастаньце быць такім нудна-гжэчным, – гэта сказаў палкоўнік, ціха і суха. Ён, відаць, не саромеўся мяне і быў у стане ціхага шаленства.– Тут вам не Нясвіж, а група міліцыянераў. Дый нават Радзівілам было пляваць на ўмоўнасці. Ім радавітасць даводзіць не было прычыны.Я развітаўся з імі па дарозе ў вёску. Яны пайшлі да машыны, усё яшчэ ціха гаворачы між сабой. А пэўна, маўчалі б, каб ведалі, які ў мяне слых.– І ўвогуле, Клепча, – сказаў Шчука. – Ты ведаеш, чаму нас у Польшчы “глінамі”, у Францыі – “каровамі”, а тут часам “лягавымі” абзываюць?– Не.– А гэта вось праз такіх, як ты.Клепча паскорыў крокі, а яны, памахаўшы мне рукой, зноў пайшлі сваёй дарогай. І зноў даляталі да мяне ўрыўкі іхняй размовы.– То што, перавядуць яго? – спытаў Хілінскі.– Я б яго звольніў, – сказаў Шчука.– Та-ак, то на самай справе вялікая страта, – нечакана ўмяшаўся шафёр. – Такі хлопец, як ён, – гэта ж прыкраса міліцыі.Астатнія прамаўчалі.Машына кранула з месца і хутка знікла за павароткаю дарогі. Я ішоў да сябе, і мяне калаціла. Усе гэтыя дні я быў на грані нервовага вычарпання.

РАЗДЗЕЛ VУ якім я амаль складваю лапы, падводжувынікі паражэння, але своечасова ўспамінаюпра пэўную аптымістычную жабкуНе падумайце толькі, што ўсе гэтыя дні я адно займаўся паездкамі дадому, у Кладна, туды-сюды, што я захапляўся выключна аналізам людскіх характараў і адносін (хаця гэта і забірала пэўны час), самааналізам, самакапаннем і іншымі малапаважанымі “сама”…Асноўнае – гэта было ўсё ж пошукі ў трэцяй вежы. І аднаму богу толькі вядома, колькі кошыкаў друзу і пылу мы вывалаклі адтуль праз пралом, колькі вынеслі насілак бітага каменю і ўсяго такога. Сам я прыдбаў такія мазалі на руках, якіх не меў з юнацтва, два Іванавічы таксама працавалі ад душы, ды прычым нічога не хацелі браць, акрамя рэдкіх (і ўзаемных) пачастункаў. І яшчэ я адбіў у археолагаў шасцёх вучняў старэйшых класаў (былі, дзякуй богу, канікулы), за што мяне клялі нават дзяўчаты, не кажучы пра Генку Седуна. Урэшце і яны часам прыходзілі памагчы.Зямлі за тры з паловаю стагоддзі з гакам нарасло ўдосталь. Замак, як кожная старая будыніна, “рос у зямлю”, але з дня на дзень мы павінны былі ўжо дабрацца да “мацерыка”.Ну што яшчэ? Перасталі з’яўляцца “дама з манахам”. Прынамсі, як бы позна ні вяртаўся я ў сваю “плябанію”, мне ні разу не давялося ўбачыць іх. Але я ані на крок не пасунуўся наперад. Праўдзівей кажучы, я пасунуўся і нават шмат новага зведаў, толькі не ведаў, што з гэтага новага сапраўды важлівае і набліжае мяне да мэты і адгадкі, а што не. А між тым час ішоў, і маладзік адзначыў канец траўня, і вось павінен быў прайсці і прынесці новую поўню чэрвень.