Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Адно было кепска: начныя кашмары пачалі паўтарацца з зайздроснай рэгулярнасцю, усё часцей і часцей. І асабліва моцны здарыўся са мною ў ноч майго вяртання з Кладна. Пэўна, размова з пракуратарам, спрэчка з Клепчам, няўдачы апошніх дзён усхвалявалі мяне да таго, што я сапраўды вычарпаўся, што я балансаваў на краі. Я, відаць, і сапраўды быў падрыхтаваны да пачэснага месца сярод іншых такіх у “загарадным доме” Лыганоўскага або проста быў гатовы сарвацца ўніз, у бездань.Дзед Мультан, можна меркаваць, быў у адным з начных абходаў. Я выпіў шклянку халоднага чаю, выкурыў на сон цыгарэту і заваліўся спаць. І амаль адразу заснуў дзіўным сном: не разбярэш, у сне гэта адбываецца з табою ці наяве.…У партрэтаў і ікон на сценцы і на падлозе ля яе раптам аджылі вочы і пачалі ў нейкім непаразуменні паглядаць туды і сюды, круціцца, вырачвацца на мяне. І вусны крывіліся ўсё мацней.І я, як яны, пачуў бязгучнае набліжэнне чагосьці нядобрага.Здалёк яшчэ, праз дзверы, якія раптам адчыніліся, я ўбачыў, як нехта няўлоўным ценем, без аніводнага шолаху, набліжаецца да вартоўні.Бліжэй, бліжэй. І раптам партрэты ўсе скасілі вочы ў бок дзвярэй. І ў вачах быў несамавіты жах.Нешта, якое блізілася, матэрыялізавалася на парозе і ўступіла ў пакой. Кшталт гэтага нечага ўвогуле быў чалавечы. Толькі шыі не было. Патыліца з усіх бакоў спадзіста пераходзіла ў апрафігіяльныя канцы ключыц, у плечы. І вачэй не было, і рота. Проста футра на гэтым месцы ішла невялікімі паглыбленнямі. Таму што істота была ад патыліцы да ступакоў пакрытая белай і тоўстай, як лішайнік, даўжынёю сантыметраў у сем поўсцю.Ён набліжаўся ў нерухомым паветры, і партрэты вадзілі поўнымі жаху вачыма з яго на мяне.…І тут я нібыта разарваў нябачныя ланцугі на руках і нагах, скочыў, нейкім дзівам мінуў яго і кінуўся ў дзверы. Ногі не хацелі бегчы, і тады я пачаў рабіць скачкі. Так, як гэта заўсёды бывае ў сне, калі не можаш уцячы ад пагоні.…Конь перада мною. І я ўзвіўся на яго, не абапершыся ні нагою на стрэмя, ні рукамі на карак.Дзіва здарылася, ці што? Ае не было ўжо замка, касцёла, плябаніі. Была тая паляна, на якой вымушаны быў адпусціць нас Вітаўт Альшанскі і Сташка, ды не, Ганна, побач, і заблытванне слядоў і падсвядомае адчуванне намі наперадзе чагосьці нядобрага.Такое балючае, такое трывожнае адчуванне нейкай немінучай, няўхільнай, неакрэсленай бяды.Коні імкнуцца шалёна. Забіцца да смерці, але не збочыць. Вось-вось ужо будзе рака, і чаўны, і шлях да Нёмана, а там – да свабоды.Вось і чаўны. Але нешта занадта многа чаўноў.Не тыя чаўны.І, адгароджваючы нас ад чаўноў, ад срэбнай лускі на вадзе, выцягнуўся роўнай лініяй конны аршак. Другі конны аршак.Дасланы вадою перасячы нам шлях. Адразу дасланы вадою, без патрэбы блукаць у нетрах і блытаць сляды.Цьмяна адсвечваюць у промнях месяца сталёвыя і пасрэбленыя латы. Узнятыя забралы і твары ўсіх у ценю і таму здаюцца сляпымі або снулымі. Звісаюць з шаломаў сутаны, валасяныя, грывамі, і з пер’яў.Выразныя павады апушчаны. І ртутны бляск на наканечніках доўгіх дзідаў, на шаблях, на буздыганах і баявых кляўцах.Цяпер ужо не ўцячэш. Набліжаецца вершны ланцуг.– Ну вось. Лёс не быў літасцівы да нас.…І тут жа нейкая камяніца, і туды кідаюць рознага памеру цюкі, мяхі, скрынкі. Яны слізгаюць некуды ўніз, як кіль па прасаленым жолабе, калі карабель ці ладдзю спускаюць на ваду. І ноч. Крыху цямнейшая, бо месяц вось-вось зойдзе. А вакол нас з Гардзіславаю дзесятак воінаў і Вітаўт Альшанскі на вараным кані.