Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Ну вось, паны рада, – звяртаецца ён да воінаў, – вось паны-райцы. Абыдземся без ражэння, без суддзі і падсудка , без проўста , без падскарбія, каб той вернуты скарб лічыць. Урэшце няхай паляжыць з імі, пакуль тут з праверкай, гэты Груган, крук гэты Станкевіч будзе тырчэць.Ён паказвае воінам на нас:– Саўлачыце з іх рызы .Адзенне падае да нашых ног, у траву.– Што, умёт. Сустрэліся-такі ўсё ж. Нічога, абаронца ваш спіць. Ой, моцна соннае віно. А вас? Вас я такім напаю, што ў свой час давеку заснеце. Зладзеі.– Змоўч ты, крадла, – адказвае Валюжыніч маімі вуснамі. – Здрадзіў твой прашчур Слуцкага, абрабаваў і князёў тых і караля. Дый ты ў яго. Мяне і сяброў маіх прадаў, абабраў караля. Так што не хайлаў бы так. Занадта ты ўшчыплівы . Вось за тую ўшчыплівасць з нас, за зладзеяватасць так цябе шчыкаць будуць шчыпцамі, абцугамі ды клешнямі, што мяса з костак паляціць. Зладзейству твайму сведкаў многа, а галоўны – бог.Ён усміхаецца страшнавата:– Ты не думай так мяне раздражніць, каб цябе хутка ды лёгка на смерць прыправіў, ды яшчэ і столмаха пазваў, каб ён вам хаўтурную калясніцу да труны адразу зрабіў. Таго не будзе. Прыпомніце вы ў мяне яшчэ паталетнюю мякіну.– Пішы строчне, – пасля паўзы звяртаецца ён да конніка з дзіўным цыліндрычным прадметам у руцэ, – у радок.Спачатку жанчыну, а пасля мяне абвязваюць пад пахамі пятлёй з нейкім хітравумным вузлом і спускаюць па нахіленай плоскасці, а пасля з нейкай навісі проста ўніз, у чорны атвор.Камень пад ступакамі. І тут жа нешта шморгае пад пахамі. Ага, бортны вузел. Таргануўшы, здымаеш пятлю з самага высокага сука. На імгненне яшчэ я заўважаю, як дзвюма змеямі мільганулі ўверсе, у пляме, адкуль ледзь-ледзь сочыцца святло, дзве вяроўкі.– Вось так, – далятае зверху голас, – тут вам і ложніца, тут вам і жыць, і скончыцца. Вада там, у куце, капае са столі, там цэбар стаіць. Бачыце, я вас акрутне – жорстка ды люта – не замардаваў. І скарб вы ў ніжняй каморы адзедзічавалі . І хата раскошная, акругле сем сажняў. Ну вось, будзеце вы там вартаўнікамі, і жывым вас не даклікацца.Пачынае звужацца больш светлая пляма над галовамі. Чуваць глухі звон апаленай плінфы аб другую, шорганне кельмы аб камень.І цемра. І нічога болей. Толькі густая і тлустая, як сажа, цемра.– Ты памрэш не даўжэй як праз год, – гукаю я, без надзеі, што той яшчэ мяне пачуе.…Я нічога не бачу. І, адначасова, чамусьці бачу, як чорны коннік на чале коннага аршака выязджае з лясной сцежкі на паляну (трох муляраў цягнуцца ззаду).Чорны раптам пускае каня рыссю, махае рукой.І тут з нетраў адусюль выязджаюць, выломліваюцца з гушчару коннікі. У руках іхніх няма пішчаляў. Дзівіцца няма чаго, унь, наводдаль, відаць верхавіна касцельнай званіцы. У руках іхніх доўгія лукі з белавежскага цісу. Гучна ляскаюць нацягнутыя, а пасля адпушчаныя цецівы аб скураныя пальчаткі на левай руцэ. І роем лятуць доўгія стрэлы, з наканечнікамі, вываранымі ў адвары з ігліцы, кары і драўніны таго ж цісу. Смертаносныя доўгія стрэлы – “паратунку ж ад іх няма”.Муляры падаюць адразу. Воіны яшчэ круцяцца, спрабуюць прарвацца, але паступова спаўзаюць з коней на траву. Так уторканыя стрэламі, што хутчэй падобныя на вожыкаў, чым на трупы.Бачу твар гаспадара. Вусны ягоныя ўшчыпліва варушацца. Ён абводзіць вачыма мёртвых.– Так, праўду ты мовіў. Зладзейству майму сведкаў многа. – Ён узводзіць вочы: – А галоўны – бог.