Чорны замак Альшанскі, ч. 3

…І зноў цемра, як сажа. І зноў раптоўнае святло. Замкавы двор, заліты сонцам. Вялізны спачатку абшчынны, пасля фамільны дуб. Кіпіць пад ім і вакол стракаты натоўп. Магнацкая, шляхецкая вопратка, латы воінаў, адзенні вольных сялян. Далей, у браме і за брамай, белая хмара тых, зусім простых. З агульнага гулу вырываюцца паасобныя сказы.– А ўсіх сведкаў з тых латных людзей, – гэта падсудак, – паставіць перад вочы высокага суда нельга. Бо той жа ноччу іх нейкія ліхія, лёзныя, вандроўныя іначай, людзі да смерці выбілі. І тыя ліхія людзі з воінаў, а з простых разбойнікаў былі, бо не мелі гакаўніц, а мелі лукі са стрэламі атручанымі.Зноў вэрхал. Усплывае разумны твар Станкевіча. Рука на Евангелі.– Клянуся, што калі князь уцекінёраў наздагнаў, то і адпусціў адразу па просьбе і парадзе маёй. А што яны грошы тых бунтоўных везлі і грошы яго каралеўскае мосці – таго я не ведаў.

І пасля паўзы:– Толькі грошы тыя дасюль нідзе не ўсплылі. І пошук наш нічога не даў. А ўсплысці павінны былі. Значыць, схаваны яны, пад завалай. А тут трэба яшчэ даведацца б, ці не перастрэлі ўцекачоў іншыя людзі князевы.Зноў шум галасоў. І тут ужо ля падстаўкі з Евангеллем сам князь.– Фартугалем1 продка майго Пятра Альшанскага клянуся, – рука ягоная цягне з грудзей залаты ланцужок.– Продка-здрадніка, – бязгучна варушацца Станкевічавы вусны.– …а спатрэбіцца, то паклянуся й на святым Евангеллі. Не пад катаваннямі, як слугі, а па сумленню, што я тады, адпусціўшы іх, з панам Станкевічам назад да замка прыехаў. А другі раз я іх не лавіў. І, галоўнае, не забіваў. А сведкі Язэп Гарашчук, купнік, ды Пратас Левановіч, пісар, клянуцца, што тыя – жывы. І жыць ім яшчэ, колькі адпусціць ім дзён бог. А я ані зброю, ані плахаю паскараць канец гэты не буду, у чым і слова сваё кладу.І зноў цемра. І далёкі голас:– Князь наш Вітаўт, не дачакаўшыся канца разбору, хуткім чынам памрэ.Зноў змрок. Ужо на вечныя часы. Два вартаўнікі хрышчоныя, а адзін – не хрышчоны.…Уласны скрогат зубоўны будзіць мяне.Стан мой быў у той дзень нікудышны. Нават сустрэча са Сташкай не прынесла палёгкі: увесь час я памятаў водбліскі начнога зорнага святла на яе абліччы, калі “нас” спускалі на арканах у атвор. Апошнія водбліскі святла.Невядома, чаму мы пайшлі ў напрамку да Альшан (хутчэй за ўсё таму, што і замак, і касцёл, і сама Альшанка абрыдлі нам, як манная каша ў часы залатога шчаслівага дзяцінства) і я, сам не ведаючы, з якой прычыны, расказаў ёй пра ўсё, не выключаючы і кашмары.– Гэта бывае, – сказала яна. – Проста чалавек столькі думае пра гэта, што думкі не пакідаюць яго і ў сне.– А чаму ў сне ўсё так, нібы ўсё ведаеш?– Адсутнасць логікі. І прысутнасць нейкай вышэйшай логікі. Наяве гэта перашкаджае, а ў сне – нібы ўсё раскутае. І ўяўленне ў тым ліку. Тэарэма з Эўклідавай геаметрыі пра перасечныя прамыя (ці лініі – от, чорт, непатрэбная была навука, то ўсю тэрміналогію забыла).– Правільна. Нехта са славутых казаў, што ведаў у ягонай кніжнай шафе болей, чым у ім самім. Але ён з гэтай прычыны не плача. Бо ён не шафа, ён – фізік… Я таксама забыў шмат чаго са школьнай праграмы, але калі ўжо звярнулі на забытую геаметрыю, то мае перасякальныя лініі перасякаюцца за межамі ўяўнай плоскасці, за межамі явы, у сне.– Ну і што вы зараз думаеце аб гэтым?– Анічога.Усё яшчэ досыць маладая, сакаўная і зялёная лістота спляталася над дарожкай. І крочыла па гэтай дарожцы тое, што я згубіў назаўсёды не толькі ў кашмарным сне.