Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– А ведаеце, – раптам узгарэлася яна, – яно б і адпавядала ўсім дадзеным, ваша соннае “вырашэнне”. Сапраўды, не дакрануўся Альшанскі да зноў адбітых скарбаў, сапраўды, сам пальцам не крануў спайманых. І ён іх не забіваў, проста даў ім самім памерці. І кляцьба на Евангеллі была праўдай, хаця і казуістычнай. З вадою чалавек можа пражыць без ежы, ну…– Два тыдні, не болей.– Чаму? Унь адна мая знаёмая на лекавальным галаданні трыццаць дзён вытрымала.– На лекавальным. Пад наглядам лекараў, а не ў цямніцы. Бо патрэбная не толькі вада, але і свежае паветра, і рух, і, прабачце, рэгулярныя прамыванні. Іначай арганізм атручваецца прадуктамі свайго ж распаду.– Ну, прынамсі, маглі яшчэ жыць.– Такая клятва ды яшчэ на Евангеллі не толькі для сярэдневяковага чалавека, яна і для сучаснага… гэта ўжо зусім без сумлення трэба быць. Нават не зверам, а нейкай выкапнёвай бязмозглай рэптыліяй. Ды пра такіх летапісы беларускія казалі, хай сабе і непрыстойна, “зусім бяссовісны, за шэлег у божым храме трахне”.– Ого, распусцілі язык. Усё ж жанчына перад вамі.– Прабачце. Але я зараз менш за ўсё думаў пра гэта. Я і жыву ўвесь апошні час у нейкім іншым вымярэнні.– Ну і што вы збіраецеся рабіць? – спытала яна.– Не ведаю. Мабыць, адмоўлюся. Бо гэта страшна, гэтыя подступы да чагосьці невыказальнага, нібы тагасветнага… Не хачу. Псіхіка даражэйшая. Яна ў мяне адна. Занюханая, ды мая.– Не, – задумліва сказала яна, – я на парозе разгадкі не кінула б. Хай бы мяне хоць клешчамі рвалі. Пара, можа, нейкіх кубаметраў грунту аддзяляе, а ён кіне. І, галоўнае, – я ж ведаю, – нават не паспрабавалі сістэматызаваць усё, што вам вядома. Баязлівы вы чалавек і непаслядоўны. Ды гары яна ясным гарам, псіхіка! Нашто яна дадзена чалавеку, як не на тое, каб яе паліць у выпадку патрэбы?Мы ўжо дайшлі да шашы, амаль да прыпынку аўтобуса. Яна ішла надзьмутая і страшэнна незадаволеная. І раптам сказала:– Слухайце, ну яшчэ пару дзён. Вось вы сёння паспрабуйце падсумаваць, падагульніць, падвесці вынікі, сістэматызаваць усё, што ведаеце вы і людзі. Або толькі здагадваецеся. А заўтра… ну і яшчэ паслязаўтра, апошні дзень, мы з вамі двох будзем капаць (так ужо і быць, дам сваім адгулы). Не будзе нічога – што ж… Ды не, павінна быць. Шукаеш – знойдзеш. “Талцыце, і адверзнецца”. Урэшце вы не павінны забываць пра Мар’яна.Гэтага яна магла і не казаць. Устрымацца. Не люблю юдзей, якія б’юць пад дыхала. Але жанчыны… жанчыны, калі яны не проста балбатухі або “коцікі” з дурнымі глядзелкамі і млявай, і пусценькай, няспелай і проста абрыдлівай крыклівай прыгажосцю. Па такіх прападаюць мужыкі з дурных і абіраюць іх, скажам, “міс Іспанія”, “міс Амерыка” ці нават “Міс Свет”, а яны раптам сярод самай сур’ёзнай размовы з людзьмі, аніяк не схільнымі да какецтва, раптам возьмуць ды ляпнуць: “Ваня, а мы пойдзем з табой на “Анжэліку, маркізу анёлаў”?” – “Не”. – “А на “Яе апошняе танга”?” Або цяпне ў разгары вясны, ды яшчэ агрэсіўна: “А я хурмы хачу”. Або “капусты, квашанай качанамі”. З узростам гэта, праўда, часам праходзіць. А як не, то застанецца толькі здзіўляцца, як учарашняя “міс Захлюпонія”, згубіўшы апошняе апраўданне для сваёй дурасці, прыгажосць, раптам ляпне ў кампаніі эрудытаў, паказваючы ім “Пакуты Хрыстовы” ў Кладзенскім касцёле: “Вось тут, бачыце, Ісус стаіць перад Понціем, а тут перад Пілатам”.