Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Урэшце, можа, гэта я проста пачынаю старэць. І Сташка не тая. А нават калі была б тая, я нічога такога не сказаў бы пры ёй. Няма большых двурушнікаў і згоднікаў, чым аслепленыя пачуццём мужчыны.– Добра, – сказаў я, – урэшце два-тры дні нічога не зменяць.Да прыпынку якраз падышоў вялізны “Ікарус” з Кладна, і з яго павалілі “нашчадкі”, што прыехалі ў госці і па каўбасы да “продкаў”, і дачнікі, досыць-такі непераносная ў масе парода людзей. Асабліва ў дзень, які афарбаваны ў цябе іпахондрыяй.Ішлі свежаурбанізаваныя з валізкамі, часам нават дыхтавымі, і даўно урбанізаваныя з рукзакамі і сеткамі. Ішлі на апошнім дыханні, як вярблюд, адолеўшы Каракумы, дачныя мужы. І крочылі дачныя жоны ў невядома на якога чорта зробленых прычосках. Ішоў легкадумны адзінец, закідаючы на іх позіркам, і ішла мнагадзетная сям’я, што знемагала пад цяжарам сваіх клопатаў. Дый не толькі сваіх, але і чужых, бо дзяўчынка год сямі настойліва прасілася па вялікай патрэбе, а хлопчык год чатырох ішоў побач і, што горш за ўсё, ні аб чым ужо не прасіў.– Хрэсны ход у старым мястэчку Кладзенскай губерні, – прагучаў раптам голас Хілінскага. – Процьма разявак. – І тонам клапатлівай квактухі: – Ванечка, перастань пукаць и смотри лучше, какие хоругви несут.Убачыў, што я не адзін, заліўся чырванню і – о дзіва! – удаўся ў тлумачэнні:– Прабачце… Але я шмат год вымушаны быў стрымлівацца і даў сабе слова, што калі будзе можна – дам сабе волю, рэкорд пастаўлю па нястрыманасці на язык.– Нічога, – Сташка, як ні дзіўна, весела пасмейвалася, разглядаючы майго “англічаніна”.Да нас набіжаўся ўсмешлівы Адам з рукзаком і вудамі ў чахле, і – зноў дзіва! – поруч з ім Хасэ-Інэзілья Лыганоўскі, таксама з вудамі і з чамаданчыкам.– А я не верыў, – сказаў я. – Сапраўды, нешта вялікае ў лесе здохла.– Чаму? – сказаў псіхіятр. – Што я, не маю права пабіць лынды дзень-другі? А вось вы чаго тут аціраецеся?– Ацірацца гэта, уласна кажучы, мая прафесія, – сказаў я. – І што я, не магу сустрэць папаўненне з такіх, як я, дзелавых гультаёў?Пасля таго як усе перазнаёміліся, мы пайшлі поўнай хадою назад у сваю гавань. Ішлі ў добрым, зацененым лістотай сонцы пачатку чэрвеня, гаманілі аб розных глупствах.Уладкаваў я Адама Хілінскага на два тыдні ды Лыганоўскага на дзень-другі ў бяздзетных (ці, можа, з’ехалі кудысь дзеці?) суседзяў Рыгора Шаблыкі, і пашыбавалі мы аглядаць вёсачку і яе гістарычныя помнікі, не занесеныя, на жаль, ні ў групу О (“знаходзяцца пад аховай ЮНЕСКА”), ні нават у трэцюю групу (што адпавядае, мабыць, нашым помнікам мясцовай вартасці). А чаму так – не ведаю.Тут мяне здзівіў раптоўнай актыўнасцю пан Вітаўт Лыганоўскі:– Гэта стаў? Добра. А рыба дзе лепей бярэ? Там? Вельмі добра. А гэта, значыць, і ёсць касцёл і вежа з “дзыгарам”? Цудоўна. Бач ты, і цыферблат двайны. Унутраны, дзе гадзіны, нерухомы, а вонкавае кальцо, месячнае, рухаецца. І унь паказвае фазы або змены непарушная стрэлка. Вой-ёй! Стары які механізм. Гэта ж, ведаеце, самы стары гадзіннік на Спаскай вежы, у Крамлі, таксама быў з рухомым цыферблатам… А тут унь твая “плябанія”? Шыкоўна… А то замак? І унь па той галерэі твае цені ходзяць?І вочы гуляюць ад замка да касцёла, ад вежаў да гарадзішча.Калі ён заскочыў у касцёл, паглядзець, як там, і Хілінскага за сабой пацягнуў, Сташка раптам мне сказала:– Ну жывы які. Проста ртуць. І нешта мне здаецца, што я ўжо знаёмая з ім. Сустракаліся мы недзе… Не-не, у клініцы я ў яго не ляжала. І са знаёмых ніхто не ляжаў… Ну проста як быццам калісьці па тэлевізары бачыла або ў другараднай ролі ў нейкім больш чым другарадным фільме.