Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Вось і ў мяне такое пачуццё.Мы адышлі і селі на бярвеннях, а тут ішлі міма ды падселі да нас Альшанскі з Шаблыкам ды Змагіцелем, а пасля Высоцкі з нейкім невядомым, а потым падкаціўся, аддзімаючы, узмакрэлы Ганчаронак.Лыганоўскі вылецеў з касцёла нешта дужа хутка і ўстраміўся ў кампанію спрытна і лёгка. А Хілінскі выйшаў толькі хвілін праз дзесяць і падыбаў да нас назнарок павольна. І давялося з гэтай прычыны мясцовым аўтахтонам знаёміцца з новапрыбылымі двойчы.А незнаёмы, як выявілася, быў той самы саматужны гадзіннікавы майстар і арганіст, што на аргане “Лявоніху” лупануў. А прозвішча яму было Згоннік.– Як жа вам гэта так удалося?– А чорт, – прысаромлена апусціў ён вочы, – нюх у мяне з дзяцінства на розную механіку. І сапсутыя яны былі не дужа. Ну і, шчыра кажучы, не на ўсё там хапіла майго нюху. Таму што гадзіннік павінен быў яшчэ паказваць вялікадні, каталіцкі і грэка-уніяцкі. А унь у той нішы, што пад цыферблатам, святы татарскія і яўрэйскія. Нашто ім было гэта ведаць – чорт яго разбярэцца. Але, мабыць, нейкія касцельныя вылічэнні. Ну вось, тут я схібіў, не здолеў.– Ды вам гэта нашто?– А так. Дзеля закончанасці. Хаця й не патрэбна, але прыемна было б ведаць, калі там па-татарску байрам, а па-яўрэйску пост руйнавання храма. Каб ужо спакойным быць. Усё зрабіў і зрабіў як трэба. Не дурнейшыя і мы, чым вы былі.Я быў прыемна ўражаны. Хораша разважаў чалавек.А пасля яны чамусьці разгаварыліся, ён і госці, і дамовіліся назаўтра ісці разам лавіць рыбу і дзеля гэтай мэты ўстаць аж а палове трэцяй, за гадзіну да ўзыходу сонца.– Чорт, нязручна, – сказаў Адам, – можа, у вас са Станіславай на нас нейкія планы ёсць.Я, шчыра кажучы, узрадаваўся, што яны не будуць сведкамі апошняга дня нашых бясплодных патугаў і намаганняў, нашага бясслаўнага паражэння. І таму я схлусіў і за Сташку і за сябе:– Ды аніколькі. У нас заўтра іншыя планы. Тут трэба да аднаго дзядзькі схадзіць ды паглядзець. У яго зберагліся газеты і часопісы часоў акупацыі.– Вельмі цікава, – сказаў Высоцкі.– А пасля... ну, трэба тут курганны могільнік адзін стары агледзець. Не дужа далёка адсюль.– Тым лепей, – суцешыліся наваяўленыя тры мушкецёры ад рыбнай лоўлі.І ў гэты час нашу толькі што народжаную ідылію парушыў чалавек, які ўвесь гэты час толькі і рабіў, што блытаўся ў мяне пад нагамі.Людзвік Лапатуха наблізіўся ад вёскі і сеў на ўзгорачак метрах у дванаццаці ад нас. І адразу пачаў свой канцэрт. Толькі на гэты раз не такі поліфанічны, як заўсёды.– Адыдзіце... Ізыдзіце... Мой дом – мая крэпасць... Звяры... Каты... Ва ўсіх вас... Усе вы тычкамі1 мечаныя. Тычкамі вылюдкаў роду чалавечага. Нічога... Загінеце... Скора, скора і на вас час прыйдзе.“Той?” – позіркам спытаў у мяне Лыганоўскі.Я моўчкі схіліў галаву.І тут псіхіятр упершыню мяне здзівіў. Першы раз у жыцці быў я сведкам таго, як па-сапраўднаму трэба размаўляць, як бясхібна трэба паступаць з разумова пашкоджанымі людзьмі.Лыганоўскі ўстаў, цвёрда, але няспешна падышоў да Лапатухі, увесь час гледзячы яму ў вочы. І сеў крыху ніжэй, так, каб гэтыя вочы бачыць. І загаварыў нешта ціха, спакойна і разважліва. І глядзеў, глядзеў, нібы “навяваючы”, як славутыя гіпнатызёры або старыя бабулі-варажбіткі, якія часам валодалі гэтым гіпнозам мала чым горш за Месінга.Дзіўна, істэрычныя ноткі ў голасе Лапатухі зніклі; ён цяпер гаварыў таксама ціха і амаль спакойна. Іерэміяда саступіла месца спакойнай бяседзе, спакойным рухам рук лекара і хворага. І рукі гэтыя па чарзе клаліся то на калена, то на плячук партнёра.