Чорны замак Альшанскі, ч. 3

3) Альшаны і род Альшанскіх. Двайная здрада. Магчыма, прысвоеныя і прыхаваныя скарбы? (Род вымер. Бясследна. Дзе могуць быць скарбы? Невядома, калі не лічыць няясных намёкаў у кнізе. Фактаў гісторыі з перападам ад несамавітага багацця да досыць сярэдняй заможнасці. Ну і маіх “сноў”, якія ніяк не могуць ісці ў разлік. Значыць, нікому не патрэбныя ні дакументы, ні радавыя граматы, дый такія каштоўнасці рэалізаваць у наш час – немагчыма.)4) Зоя. Дзіўныя яе паводзіны. То адыходзіць, то прыходзіць. (Ну, гэта ясна чаму. Вырашыла скончыць, ведаючы, што на “раман” я не пайду. Але шкадавала, але яе цягнула да мяне.)5) Першая смерць. Мар’яна. Аніякіх слядоў гвалту. Слабае сэрца. (Але прадчуванні?) Але спроба невядомага (Хто?) узламаць дзверы. Але ўсыплёныя сабакі (Кім?). Але запавет, завераны ў натарыуса. (Чаму дбаў аб ім?)6) Зашыфраванае паведамленне ў кнізе. Адзіны поспех і той пакуль без аніякіх вынікаў. (Каму быў патрэбны шыфр і расшыфроўка? Зноў жа невядома. Нашчадкам – іх няма. Тым, што хавалі прыблізна там жа архіў, а пасля знішчалі сведкаў гэтага? Пытанне: хто хаваў? Непасрэдныя выканаўцы – хто перабіты, а хто памёр. Даручылі? А каму? Ведаў яшчэ нехта? Не ведаю нават, ці быў нехта яшчэ? Ці валодаў ён гэтымі меднымі прадметамі складанай канфігурацыі, на якія трэба было наматваць істужку, ці гэтыя прадметы былі ў розных руках? Нічога, абышліся без іх.)7) Запіска ад мяне да Мар’яна. Падробленая маім почыркам, але не маёй паперы. (Хто мог здабыць яе? Мар’ян? Хілінскі? Трызненне сівой кабылы.)8) Спроба ўзламаць маю кватэру. Уцёкі ўзломшчыка. (Ясна, шукаць хацелі кнігу і шыфр. Але хто ведаў пра гэта? Нябожчык Мар’ян? Хілінскі, які і кнігу і шыфр той усё адно бачыў? Лухта!)9) Самагубства Зоі. У нечым яна прадала свайго “сапраўднага”. Гэта значыць, мяне. (У чым прадала? Каму прадала? Невядома. Але гэтым, можа, і тлумачацца яе апошнія візіты.)10) Што схавана? Стары скарб? Рэчы, нарабаваныя ведамствам Розенберга? Архіў? Вось тут магла быць разгадка. Магла, але не было. Гэтым маглі цікавіцца тры асобы, або групы асоб, або адна асоба (група) у трох іпастасях. Каштоўнасці? Гэта ясна. Дакументы? Яны цікавыя толькі неіснуючым нашчадкам ці музеям. Нейкія кампраметуючыя матар’ялы з архіва? Магчыма. Але дзеля чаго? Засцерагчыся ад небяспекі? Або, наадварот, шантажыраваць імі кагосьці?11) Чаму такая ненармальная абстаноўка ў Альшанах і Альшанцы? Спроба бурыць кавалак сцяны, сварка? Вар’яцтва (далёка не поўнае і папраўнае) Лаптаухі? Быў ён сведкам знішчэння палякаў і нашых? Ці сам быў у калоне і ўцёк?12) Што такое цені жанчыны і манаха? Нейкі разлад у псіхіцы? Калі гэта так, то чаму не адзін бачыў іх, а многія? Калі нейкая прыродная з’ява, то якая?13) Чаму ўвесь час нейкія дзіўныя сустрэчы? З Ганчаронкам, з Лапатухам? Сочаць? Словы п’янага Вячоркі аб нейкіх страшных каменных яйках. Што азначалі яны?14) Чаму Лапатуха крычаў пра забойцаў? Чаму гукаў з байніцы, што замак – ягоная крэпасць? Чаго ён там вартуе? А можа, гэта сапраўды яго прыбежышча, калі хоча самоты?15) Агеньчык у другой вежы. Шыфраваны надпіс указваў на трэцюю. (Ці ёсць у гэтым нейкая сувязь або проста хаця мікраскапічны сэнс?)16) Мясцовыя, тутэйшыя людзі падчас нямецкай акцыі з архівам і расстрэлам. Хто яны? 17) Банды Боўбеля і Куляша, знішчаныя нашымі. (Ці магло быць, каб нехта са сведкаў акцыі быў з тых, тутэйшых, быў у бандзе і ўсё ж застаўся жывы? Тады ён як быццам адзіны “спадчыннік”. Ды наўрад ці. Сумняваюся. Знішчылі тых бандзюкоў падчыстую.)