Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Ніколі б не падумаў, што гэткая мужнасць, – пакруціў я галавой. – Гэты п’янюга, вечна ад яго гарай нясе.– Ён, кажуць, і піць пачаў з таго часу. А ўвогуле, мужны не мужны, а гадзёнак ён, гэты Тодар Ігнатавіч, – сказаў Шаблыка.Я зразумеў, што ён не можа дараваць бухгалтару, які справакаваў Альшанскага зрабіць замах на замак.Я ўстаў.– Давай праводзім яго, – сказаў Змагіцель Шаблыку. – А то столькі страшнага нагаварылі, што дзіця наша, перш чым бай-бай у люлю, яшчэ дарогаю недзе ўграшыцца.Мы пасмяяліся і трох рушылі з двара. Месяц, які толькі-толькі пачаў скідацца на ветах, заліваў няпэўным святлом пыл вуліцы, утаптаныя пешаходамі “тратуары”, цёмныя садкі. Ішлося і дыхалася лёгка.– Н-на, – сказаў урэшце я, – зямелька ў вас з фокусамі, страшнаватая. І на кожным кроку фардыбачыць, як неаб’езджаная кабыла.– А гэта таму, – сказаў Шаблыка, – што мы на сабе ездзіць нікому не дазвалялі.– Наадварот, самі намагаліся, каб камусьці на спіцу ўзлезці, – усміхнуўся “каўбой”. – Толькі не заўсёды гэта ўдавалася. Звёў мяне аднойчы лёс, адразу пасля вайны, у Літве з адным такім звышпатрыётам. Я сам Беларусі на мазоль наступіць нікому не даў бы, але тут аж нават мяне крыху нудзіць пачало. “Наш Вітаўт мячом у вароты Масквы стукаў” (як быццам я масквіч). Ну я яму спакойна: “Стукаў, ды не дастукаўся”. Бо і праўда ж, не адчынілі. Дый увогуле, малапачцівы гэты занятак: у чужыя дзверы стукаць. У нас дык гэта толькі аднойчы такі выпадак быў з удавой ды п’яным Высоцкім...– Во! – схамянуўся я. – Пра ўдаву пасля. Але вы ж тут увесь час. Можа, ведаеце, за што расстраляны немцамі ў Кладна Уладак Высоцкі, траюраднік нашага вознага?– Дужа цёмная, – сказаў Рыгор Шаблыка, – конча заблытаная справа. Ніхто не ведае. Я ўжо і сам шукаў для школьнага музея. Можа, новы нейкі герой невядомы? Не, цемра, і ўсё. Архіў немцы, відаць, спалілі ці схавалі. Можа, нейкія рэшткі-адпіскі ў сталічным засталіся, то пашукаць...– А што гэта за гісторыя з выкананнем палякамі смяротнага прысуду над Крыштофам Высоцкім? У 1939-м?– А тая гісторыя таксама невядомая. Кажуць, забіў правакатара. Але тады да гэтага мала каму справа была. Вайной нацягвала. Можа, таксама ў Мінску пашукаць? Ці ў Вільні. Бо ў Кладна судовыя архівы дымам пайшлі... Вой!.. А слухай, што мне ў галаву запала. Трэба-такі разблытаць гэтую справу. Людзей сустрэць, сведкаў, калі архівы згарэлі. Мо дапамогуць даведацца і аб нашай альшанскай галаваломцы.– Чаму?– А ты ведаеш, каму было даручана выканаць прысуд над Крыштофам і яшчэ дзесяццю?.. Оберштурмфюрэру Штофхену з падначаленым шарфюрэрам Лінцам.– Ну то што?– А тое, што гэтыя дзве быдляціны ўдзельнічалі і ў акцыі знішчэння нашых у Альшанцы. Штофхен – адзін з тых, хто кіраваў расстрэлам на грэблі, а Лінц кіраваў аховай аперацыі. Гэх, памяць твая кашэчая.Я быў цалкам згодзен з ім і вырашыў сёння ж вечарам усё запісаць па гарачых слядах. Мы якраз праходзілі паўз хату Ганчаронка і ўбачылі ў расчыненым акне між двума вазонамі з алёнчынымі слязьмі ягоную пасечаную дробнымі зморшчынкамі храпу.– Крапіва ў квяціне, – сказаў непапраўны Змагіцель.– Гэй, сябры, – азваўся бухгалтар, – калі ўжо міма йдзеце, то чаму не заглянуць?І, сам не ведаючы чаму, я павараціў да ганка. Астатнія, без вялікай ахвоты, нага за нагу пацягнуліся за мной.Хата была як хата. Вялікі пакой, адначасова “гасціная” і “сталовая”, калі прыйдуць госці. Тахта, над якой дыванок з аленямі і замкамі, буфет, стол і крэслы. У адны такія дзверы Ганчаронак нас і павёў. Выявілася – кухня.