Чорны замак Альшанскі, ч. 3

18) Мае кашмары. Можа, і сапраўды самае паветра Альшанкі атручана злачынствам, подласцю, шаленствам і ўтрапёнасцю вайны?19) Хто тады ноччу прабіваў у вежы (маёй, трэцяй) мур і вёў са мною дуэль ліхтаром і камянямі? Лапатуха? Наўрад. А можа?20) Хто выдаў падполле, у якім быў цяперашні ксёндз? Ці жывы ён, той? І ці не мачаў ва ўсю гэтую справу пальцы ксёндз з яго ненатуральным, фантастычным спосабам жыцця? З яго катакомбамі? З тым нечаканым штуршком мне ў спіну? Хацеў памагчы пераскочыць? Або, можа, спіхнуць?21) Ці застаўся ў жывых нехта з тых, хто арганізоўваў “санітарную акцыю”? І дзе яны, калі засталіся? За мяжой і маюць тут рукі? Або прысутнічаюць уласнай персонай?22) Ці мог пазнаць кагосьці з бандытаў Ганчаронак, перш чым уцёк з-пад расстрэлу? Не, пытаць не трэба. Можа, і пазнаў бы, баіцца за жыццё? Хаця па ягоных паводзінах у вайну неяк не падобна.23) Сваякі Высоцкага ні пры чым. Адзін загінуў, як падлюга і бестыя. Другі – як герой. Адзін род, і якія розныя людзі. Паездкі ў Цёмны Бор і ў Кладна да пракуратара, такім чынам, толькі канчатковае шальмаванне аднаго і рэабілітацыя памяці другога, а да справы не датычацца.Ну вось, дваццаць тры пытанні. Некаторыя падзяляюцца на два-тры. І ні на адно няма адказу.Поўнае паражэнне, поўны разгром маёй логікі, і майго розуму, і майго ўмення разбіраца ў людзях. Разгром, вынікі якога я толькі што падвёў. Каб не слова, дадзенае Станіславе, можна было б заўтра ж з’язджаць адсюль. Не з тваім, браце, розумам разбірацца ва ўсім гэтым, у чым, можа, і сэнсу няма, а ёсць толькі збег акалічнасцей. З тваім розумам, браце, толькі на печцы сядзець. Што ж, скончым з гэтым, хаця і шкада. Але што зробіш, калі тут немагчыма сабраць у адно нічым не звязаныя ніты, калі з гэтых нітоў аніякай посцілкі не сатчэш. А калі і сатчэш, то па візэрунку і падбору колераў гэта будзе посцілка, сатканая слепаватым вар’ятам.Я выйшаў на ганак, сеў на пыступкі і безнадзейна закурыў. “Крахам скончылася ваша паездачка, сябар Косміч”.На вуліцы спыніўся цень. Відаць, углядаўся ў мой сілуэт на светлым прамакутніку дзвярэй.– Вы, Косміч? – гэта быў голас Альшанскага.– Ну, я.– Лапатухі тут не было?– Не. Што я, вартавы пры ім?– Ды не ў тым справа. Я загадаў яму ехаць з мукой на нашу пякарню. І вось, чорт пабірай, конь да млына сам прыйшоў.– Не ведаю, дзе ён, Нічыпар Сяргеевіч.– Гм... Чорт... каб яго бог любіў. Зноў нейкі заскок, ці што?Махнуў рукою і адышоў.Над Альшанкай кацілася ўжо ноч. Ноч майго паражэння. А вясковае неба не тое што ў горадзе – нібы святкуючы гэта паражэнне, высыпала ўгору тысячы, дзесяткі тысяч зор, то ласкавых, мірглівых, а то і калючых, як ледзяных. Ззяла яно вось так і чатырыста, і трыста год назад, і сёння ззяе, і гэтак жа безуважна будзе ззяць пасля, калі пра мяне і думаць забудуць....Нехта бясшумна сеў побач са мною на прыступку. І не заўважыў зусім, калі падыходзіў. Проста ўжо як быў зусім блізка – нешта майнулася перад вачыма, нібыта сама ноч махнула чорным крылом.Хілінскі сядзеў побач і размінаў цыгарэтку. Н-ну й ну! Цяпер ясна, чаму ты, Адаме, з такімі талентамі дасюль не прапаў і ў будучым, дасць бог, не прападзеш.– Вось... яшчэ парай слоў з табою перакінуцца трэба.– Думаеш, я не заўважаю? З самай раніцы вакол мяне, як кот ля патэльні са скваркамі, ходзіш. Усё хочаш сказаць нешта і не адважваешся. Так, нібы па лісціку з капуснага качана здзіраеш, замест таго каб адразу за храпку ўзяцца.