Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Хочаце верце, хочаце не, а я быў страшэнна злосны. Можа, за Мар’янаву памяць, можа, за маю няўдачу, можа, за гэту манеру Шчукі вечна не казаць пра галоўнае. Толькі мяне проста душыў гнеў на гэтую палітыку замоўчвання, хаджэнне кругом ды навокала, размовы эківокамі. Гнеў. І, дзіўна, ні на каго іншага, як на Хілінскага. Мабыць, таму, што першы трапіў пад руку.– Чортава, халерная, так яе і разгэтак, хамская манера. Нешта накшталт жарту нявыхаванага і дурнога сябра... Пасылка... Распакоўваеш. Адна папера... другая... Адна каробка... трэцяя... куча каробак. І ў апошняй, раптам, какашка. Або нешта яшчэ горш... Вяршыня іхняга гумару. А можа, і брыльянтавы пярсцёнак... разам з пальцам закатаванай прыгоннай актрысы. З пальцам, бо дабром усё такое рэдка канчаецца.Хілінскі толькі галавою пакруціў. А я кіпеў усё болей: са злосці на няўдаліцу, самога сябе.– І потым... мала ў каго з актрыс зараз ёсць дужа ўжо каштоўныя брыльянтавыя пярсцёнкі. Калі яны, вядома, не за лаўрэатам, дырэктарам буйнога завода або за... адміністратарам па даставанню.– Злуяцеся? Ну-ну, – толькі й сказаў ён.Але мяне пачало ўжо заносіць. Я казаў такое Хілінскаму. Аднаму з тых, каго я на сто працэнтаў паважаў і на сто пяцьдзесят любіў.– У мяне быў прыяцель. Нессельродэ. Нашчадак таго ці не – не ведаю. Але бабуля ягоная была “з быўшых”, – я цадзіў атруту і ад злосці на самога сябе быў гатовы разарваць суседа па пляцоўцы на кавалкі. – Адзін час ён быў прафоргам, і – хочаце верце, хочаце не, а плаціў яму прафсаюзныя ўзносы рабочы Пушкін... Ну, гэта справы не датычыцца. То вось, гэтая бабуля казала пра цяперашніх, што “божа, гэта ж не актрысы, гэта ж грамадзянкі”. І правільна! Якія там утрыманкі, якія оргіі ў “Яра”? Гадавой маёй зарплаты не хопіць, каб пабіць усе вокны і пераламаць мэблю хаця б у “Журавінцы” (не кажучы пра кароткі шлях адтуль у міліцыю), а тым больш не хопіць, каб паднесці, скажам, актрысе НН брыльянтавае калье. Дый яна не возьме.– Бурчыце? Ну-ну.– Дый яна не возьме. У яе муж, дзеці, яна сасіскамі ў буфеце перакусвае. І гэта добра. Свінства, прынамсі, няма. Так што пярсцёнка не будзе. А будзе ў гэтай вашай апошняй каробцы абавязкова нейкая гадасць... Ну, я справа іншая. Але Шчука?! Шчука, якога глупства разгадаць не можа?! Ходзяць вакол ды навокал. А нехта дзейнічае... Пустаслоўе і няробства... Загублены час.– Дарэмна, – сказаў Хілінскі, – я думаю, ён не губляе час. Бяда, што (пакуль) таму або тым удаецца яго апярэдзіць.– Добра, – змрочна сказаў я, – ану, дзе ваша храпка?– Храпку перадае вам Шчука, – нечакана суха сказаў ён, – і няма тут маёй віны, што са мной цэлы дзень цягаліся людзі,што аж да гэтай хвіліны нам з вамі не ўдалося пабыць адным. Што ж, грызі качан зараз. Герард твой загадаў доўга жыць.– Які Герард?– Ну твой. Пахольчык, з папяроснага.– Якім чынам?– Знайшлі ў зачыненым кіёску. Атруціўся.– Трэці? Аднастайная смерць. Чым?– Нейкая дужа моцная раслінная атрута.– Якая?– Пры экспертызе... Словам, некаторыя чыста раслінныя атруты нельга распазнаць. Таксама як і проціяддзя ад іх няма.– Яшчэ што?– Дворнік ваш, Кухарчык, у той самы дзень...– Што?– Чэрап праламаны нейкай тупой прыладай. Зрабілі аперацыю. Да памяці не прыходзіць. Дактары не абяцаюць, што будзе жыць... Ну, што ты будзеш рабіць? – Я табе казаў. А ты?– Пайду з арганістам і Лыганоўскім у рыбу. Ён хоча ехаць заўтра вечарам назад. Засумаваў нешта.