Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Хілінскі падняўся на ногі.– Так, браце, усё больш складана, чым мы думалі.– Я вось думаў…– Цуд-цудоўны занятак. Пастарайся не кідаць яго да самай смерці.І пайшоў.А я зноў папрамаваў у свой пакойчык, да свайго стала, раскрыў блакнот і дапісаў.24) Смерць Герарда Пахольчыка. (Кму ён перашкаджаў, гэты дзівак кіёскнай філасофіяй? Хіба што быў сведкам чагосьці? Чаго?)25) Магчыма, смяротныя пашкоджанні чэрапа ў Кухарчыка. (Хто? За што?)На гэтым блакнот з вынікамі майго разгрому можна было захлопнуць.Разгрому? Ну не. Занадта тлуста будзе! Занадта гэта подлая штука – беспакаранасць! Занадта тугі клубок сплёўся з усяго гэтага: сівой даўніны і нядаўняй (для мяне) вайны з яе “санітарнымі акцыямі над сотнямі бязвінна забітых, з даўнімі забойствамі і забойствам зусім нядаўнім, са смерцю жанчыны, якая хаця й хлусіла, але ўсё ж па-свойму кахала мяне.І са смерцю майго друга. Лепшага з найлепшых сяброў на зямлі, вялікага і ва ўчынках, і ў пакутах чалавека.Я павінен не толькі зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы разблытаць клубок гнілых, гноем і крывёю, хлуснёю і здрадай залітых учынкаў.Я павінен, калі гэта толькі магчыма, адпомсціць. Так, адпомсціць, хаця ніколі не быў помслівы. Адпомсціць не толькі поўнай мерай, але й стократ.Каб ён ці яны здрыгануліся ад жаху, перш чым сыдзе на іх апошняе Невядомае, апошняе Нішто.Бо гэта тое, што адбылося і адбываецца, – гэта ўжо занадта. Мы яшчэ пазмагаемся. Мы яшчэ павалтузімся.Мы яшчэ паборсаемся, як адна з дзвюх жабак, што трапіоі ў гарлач з малаком. Адна склала лапкі – усё адно канец – і пайшла на дно.Але другая была – смешна сказаць – больш чалавек, чым некаторыя людзі. Бо яна змагалася нават у безнадзейнасці. І збіла лапкамі астравок з масла, маленькі плацдарм жыцця.

Раздзел VIДзе іхнія сляды, дзе твае сляды?Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?Ціхая, крыху заспаная, уся ў шэрым святле ўставала над Альшанкай раніца. Трава была ад расы – як сцюдзёным шротам нехта густа сыпануў. Я ішоў і, як у дзяцінстве, назнарок чоўгаў нагамі, каб за мною заставаўся непарыўны цёмна-зялёны след. Хаця б на хвіліну, пакуль не ўзыдзе сонца. А яно павінна было вось-вось узысці і сваім ласкавым, цёплым, яшчэ не пякучым, як у ліпені, подыхам за некалькі хвілін падабраць расу. Нібы сцерці мінучы мой след на абліччы зямным. А і сапраўды, што ад мяне застанецца праз некалькі там год? Артыкулы, якія мала хто будзе чытаць? Пара кніг, якія пацухмоляць у руках крыху даўжэй? Кругаварот рэчыва ў прыродзе? Ну, хіба так. Але ніхто не пазнае мяне ні ў травіне на згладжаным капцы, ні ў чырвонай далоньцы кляновага ліста, што спадае на схіл гары.Але думаць пра гэта доўга не хацелася. Ночы прыходзілі зноў у маладзіку, які таўсцеў і сталеў і вось-вось павінен быў пераўтварыцца ў поўню, каб шчодра аддаць зямлі ўсё сваё святло. Сонца аддавала гэтай зямлі дабратворную пяшчоту. Раніцай будзіў гэтае сонца жаўрук, вечарам прысыпляў салавей.Вучоныя – тумакі, а заолагі і арнітолагі ўвогуле віславухія. Бо яны (вучоныя) адносяць іх (салаўёў) да атрада вераб’іных (праўда, падатрада спеўчых), такіх самых, як вароны, сарокі, саракапуды і іншыя такія суб’екты. Досыць дзіўна! Я ніколі не садзіў бы ў клетку салаўя, але што датычыцца вароны – і пагатоў.…Вось так я і ішоў пад гэтым небам, што ўсё мацней кідалася ў блакіт, абяцаючы пагодны цёплы дзень.Было яшчэ так рана, што на дарозе ад плябаніі да Белай Гары я не сустрэў душы жывой. Ніхто яшчэ нават не корпаўся ў дварах. Ніхто не адхіліў фіранкі, праводзячы мяне позіркам.