Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Я думаў, што мне спатрэбіцца лезці на гарадзішча, каб разбудзіць Сташку, але, падышоўшы да падножжа задзірванелай велічы – на сваё здзіўленне, – убачыў, што яна ўжо там. Сядзіць на нейкім пацурбалку, нязручна выцягнуўшы доўгія ногі. У лёгкай стракатай сукенцы, у тонкай кофтачцы, накінутай на плечы. Чакае.Вочы крыху абрэзаліся, відаць, ад стомы, вусны лёгка ўсміхаюцца. Ніколі яшчэ не была яна мне такая дарагая, як у гэты момант. Ніколі не была такая жаданая.– Раніцы добрай! Як твае?– Дрыхнулі яшчэ ўсе, аж да Генкі. А ў цябе?– У дзесятым сне хроп Мультан. І Вячорка з ім. Не, трэба-такі ўцякаць. І там дабіраюцца.– Усё адно заўтра ж паедзеш.– Гэт-та я яшчэ пагляджу. Як некаторыя людзі будуць сябе весці.– А Вячорка?– Вячорку адшыю. Гэта ж сядзяць учора. Тут жонка Вячоркава прыплялася. “Ну, выпілі. Джгнулі”, –кажа дзед. “Частае тваё джганне, – кажа Вячоркава, – каб не зашкодзіла часам”. Тады Зеляпушчанак толькі рукою махнуў: “Слухай ты рапуху гэтую, мала што яна верашчыць”.– Ну а вы што на гэта?— А я сабе сяджу ды думаю: “Вось гэта сапраўды мужчынскія адносіны да жанчыны. Не хто-небудзь.Пан і валадар”.– Т-так, мужыкі тут сур’ёзныя. Дзіва – волаты.Мы спусціліся на дно майго раскопу ў трэцяй вежы. Шэсць плоскасцей, шэсць кутоў. Столь, падлога другога яруса, часткова абвалілася, як і частка ўнутранай абліцоўкі муроў.Вежы шасцікутовыя,Звонку – шасцікантовыя.Я памурлыкаў гэта сабе пад нос, але яна пачула, пакасілася на мяне.– “Поэзия есть бог в святых мечтах земли”, – працытавала яна кагосьці.– Гэта яшчэ што, – у тон ёй сказаў я. – Тут часам людзі з Алімпа, мэтры з устойлівай рэпутацыяй,неўміручыя такія шэдэўры выдаюць, што пачаткоўцам-паэтам і не снілася. Напрыклад, нехта там узрасціў...Лён рэкордны ля ВаложынаІ за тое ўзнагароджаны.Не верыце? Сам чытаў. А памер верша такі, нібы рэкордны лён узрасціць, усё адно як “Калінку” адбацаць. Даюць браткі.– Ну, дурасць – прывілегія не толькі братак. Ведаеце гэтыя помнікі вайне: стаіць на адным каленегіпсавы салдат, пафарбаваны “срэбнай” фарбай з алюмінію? Адной экспедыцыі іх трэба было апісваць, у якой вёсцы і на якім раздарожжы які. А яны аднолькавыя, дзе тут разнастайных варыянтаў апісання дабіцца. То яны адзін прыдумалі:Солдат обыкновенный,Коленопреклоненный, Проект типовой –Со склоненной головой.– І сапраўды, лепей бы проста камень з надпісам, чым гэтыя “тыпавыя”.Яна агледзела месца нашага “глыбокага бурэння”:– Ну досыць зубаскаліць. Пачнем.Под вежы быў завалены, па ўсім відаць, ужо нятоўстым пластам друзу, абабітай атынкоўкі і смецця, і ў пласце гэтым стаялі “на папа” (адна крыху наўскос) тры гранітныя пліты. Адна, відавочна, з абліцоўкі, дзве – са столі.– Мы іх не зварухнем, – сказала яна.Сапраўды, пліты былі прыблізна паўтара метра на метр з чвэрцю. І шырынёю сантыметраў на шэсцьдзесят.– Не зрушым, – паўтарыла яна. – Збегаць па хлопцаў ці што?– А прыярытэт? – няўдала паспрабаваў я адбіцца жартам. – Не, мы проста іх чапаць не будзем.Выграбем смецце ды нават проста адграбем яго ад сценак. Бо люк у сутарэнне, відаць, недзе пасярэдзіне. Калі пліты на ім – нічога не зробіш, давядзецца паклікаць дапамогу. А не – яны нам не перашкодзяць, тыя пліты.Гадзіны паўтары мы ўпарта працавалі. Яна насыпала жалезняком у дзіравыя вёдры смецце і друз, а яадносіў усё гэта і высыпаў пад сценкі. Пасля мне здалося, што ўсё гэта марудна. Я ўзяў другую рыдлёўку і пачаў проста адкідаць з цэнтра пляцоўкі атынкоўку, уламкі цаглін, пыл і ўсё такое.