Чорны замак Альшанскі, ч. 3

І вось недзе ў канцы другой гадзіны мой жалязняк скрыгануў па нечым суцэльным. Раз, і другі, і трэці....Атвор. Ну не адкрыты атвор. Проста квадратная адтуліна, і на ёй, амаль поўнасцю прыкрываючы яе, тоўстая пліта з гладкага, па выгляду ледзь не адшліфаванага пясчаніку. А на пліце крыж з чатырма закругленымі лопасцямі, а ў лопасцях па незразумелай (бо зямлёю забітай) літары. А на скрыжаванні лопасцей стары шасціканечны ярылаў крыж пад “дашкам”, як на старажытных могілках. На стараверскіх “галубцах”.Тут бы лом, але куды там бегчы па яго. Нецярплівасць забівае нават подых: мы дыхаем коратка і сіпата.Прасоўваем у шчыліну лапаты. Націснулі. Дзяржак Сташчынага жалезняка крыху прагнуўся.Але тут я, налягаючы грудзьмі на дзяржак рыдлёўкі, прасунуў рукі ў гэтую трэшчыну і перакуліў пліту на сябе, назад, пад шырока расстаўленыя ногі.Адкрыўся люк. Цёмная прорва. Я чыркнуў запалкай і “стрэліў” ёю ўніз (так яна даўжэй не згарае, чым калі яе проста ўраніць). Скляпенняў і сцен яна не вырвала з цемры. Затое на момант асвятліла нешырокія і вельмі стромныя сходы з чырвонай цэглы.– Ну вось, – сказаў я. – Цяпер можна і па хлопцаў, і па дзевак.– А прыярытэт? – перадражніла яна мяне.Я плюнуў. Гэта праўду кажуць не толькі пра Польшчу, але і пра нашы заходнія вобласці, што на ўсе тыя землі ўвесь адпушчаны богам розум – камар прынёс. Адзін. Дый той розум мясцовыя бабы расхапалі.З гэтым і не паспрачаешся. Я з уласнай жыццёвай практыкі ведаў гэта.Таму дастаў свечку (дзве іншыя былі ў кішэні), скінуў куртку і ступіў на першую прыступку.– Заставайцеся тут.– Чаму? – здзівілася яна.– А вы пра “эфект сабачай пячоры” ў Італіі чулі?– Якой пячоры?– А ёсць там пячора-яма. Чалавек зойдзе і ходзіць, і нічога. А сабака ці трусік падыхаюць праз некалькі хвілін.– Чаму гэта?– З вулканічнай трэшчыны выдзяляецца вуглякіслы газ. Сочыцца патроху. Ну а паколькі ён цяжэйшы за паветра, то застаецца ўнізе. Чалавечая галава вышэй гэтай зоны. Сабачая – не.– Самі казалі – вышэй. Мы ж на чатырох хадзіць не будзем. І потым, там вулкан...– А тут маглі быць трупы. І ніякай, нават мінімальнай вентыляцыі. І слой газу можа быць вышэйшы.А тады ўжо будуць гаварыць пра “эфект чалавечай пячоры на Беларусі”. Толькі гаварыць будуць іншыя, а не мы. А нам застанеца слава першапраходцаў. Пасмяротная.Але яна ўжо таксама стаяла на прыступках, нагіналася:– Ды не, нармальнае паветра. Затхлым не пахне.– Ад затхлага паветра ніхто яшчэ не паміраў. Ну, можа, некаторыя.– То што?– А тое, што вуглякіслы газ затхласцю не пахне... Калі хочаце, ён адзіным пахне. Смерцю.– Па-мойму, вуглякіслы газ гэта не зусім тое, што вокіс вугляроду. Eн – вугальны ангідрыд.– Божа, да чаго ж вы вучоныя! СО ці СО2 – вам гэта будзе ўсё роўна... Мабыць. Бо хімік з мяне такі, як і...Я спускаўся, і яна спускалася за мною. І я ўжо плюнуў на ўсё. Хай сабе лезе, гадасць такая. Асвятляў толькі прыступкі спачатку сабе, а пасля ў яе пад нагамі, каб часам не капанула носам у цэглу.І ўсё ж на апошніх прыступках яна аступілася, і я, стоячы на роўнай падлозе, ледзь паспеў падхапіць яе.Страшэнна я злаваўся на яе, што лезе туды, дзе не просяць (хаця тут было больш бяспечна, чым у нашых старажытных шахтах па здабычы крэменю. Пад Ваўкавыскам. А яна гэты канец неаліту на ўласным жываце ўвесь выпаўзала).І ўсё ж я не мог устрымацца: