Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Пайшлі. Гонару ў вас зашмат. А на справе “кабы мы не поднялись да не встали, так вы бы поганую землю носом копали”.– А гэта што за дыяменты прыгожага пісьменства?– А гэта калі масквіч выхваляецца і з ніжагародца кпіць, то тыя яму вось так адказваюць. Мініна ўспамінаюць.– Ну добра, добра, – відаць, сумелася яна. – Свяціце вакол... Мінін.Я ўзняў свечку і пачаў вадзіць ёю вакол.Гэта была абсалютна пустая – камера не камера, склеп не склеп, падвал не падвал. Сутарэнне?Памяшканне, каб у ім нешта змяшчалася? Але тут не змяшчалася нічога. Пуста, як у студэнцкай кішэні напярэдадні стыпендыі (я, вядома, маю на ўвазе тыповага, сапраўднага, стопрацэнтнага студэнта).Падлога з вялізных каменных плітаў. Муры і скляпенне нібы слаёныя з тоўстых пластоў дзікага каменю і вузейшых палосаў цэглы.Па форме – падоўжаны эліпсоід вярчэння (усярэдзіне яго мы і знаходзіліся) з усечаным ніжнім канцом. Ну, а прасцей – яйка, якое аблупілі, зрэзалі адзін канец і на гэты канец паставілі. Метраў чатырнаццаць у акружнасці, метры тры з паловаю – у вышыню.Толькі ў адным месцы (метра паўтара над зямлёй) нейкая цёмная пляма памерам са сшытак. Атвор? Проста так не разгледзіш. Падставіць бы нешта. А што? Спіну Сташкі? Яшчэ чаго не хапала, каб трымала на спіне мой “ледзь не цэнтнер”. Падставіць ёй сваю спіну? Яшчэ лепей. “А я ў гэтага доктара на спіне стаяла ды прыскоквала”. Урэшце глупства. Падстаўлю, як трэба.І ўнь, вышэй, амаль пад скляпеннем, яшчэ адна пляма.Ясна, рабіць тут няма чаго.– Ну што ж, – сказаў я, – ставайце мне на спіну, вось вам свечка. Зірніце, што там за такое цямнее, і вэк адсюль. Як бачыце, мы памыляліся. Праўдзівей, я памыляўся.Расчараванне на яе абліччы было такое, што шкада глядзець.– Можа, абстукаць падлогу? Муры.– Дарэмна. Відаць адразу. Будоўля-векаўшчына.Я стараўся не глядзець у яе бок. І вельмі шкада. Мог бы глядзець і не глядзець, бо ўсё ўжо было ўсёроўна.Я пачуў нейкі шолах зверху. Пасля з гары праз люк папоўз, звіваючыся, як пітон, тоўсты, шэры, нейкі абрыдліва жывы струмень друзу, атынкоўкі і пяску.– Плыве! – гаркнуў я і кінуўся да сходаў, цягнучы за сабою Сташку.У гэты момант уверсе нешта тупа і цяжка гакнула, скалануўшы муры і прыкрыўшы амаль усё дзённае святло, што сяк-так тачылася ў люк.Нібы ў адказ на гэта, струменьчык бітай цэглы, пяску, друзу, нейкіх трэсак ператварыўся ў струмяніска таўшчынёю ў стаўбур сярэдняй велічыні дрэва.Я быў ужо ў ім, але сходы ператварыліся ў суцэльны шуметнік, у якім не маглі знайсці апоры ногі. Мне запарушыла аблічча, рукавы былі поўныя пяску.Зноў цяжка гупнула. Застаўся толькі вузкі, як лязо, праменьчык святла, і ў гэтым святле я заўважыў, як слізнула па паверхні пылавой плыні шкло, досыць вялікі кавалак. Добра, што не ў галаву.А пасля ахнула нешта ўбаку і праменьчык знік, і, нібы ў адказ на гэтае старонняе страсенне, ад якога здрыганулася, здаецца, сама зямля, нешта зноў, у трэці раз, ляснула над галавой, подзьмухам паветра згасіўшы язычок агню.– Што там?! – крыкнуў голас унізе.– Абвал! Пліты рухнулі на лаз.Я споўз уніз, па калені ў гэтай восыпі з рознага паскудства.– Дзе вы там?– Тут я.– Ідзіце на голас... Я тут... Бліжэй... Бліжэй... Ага.Мы сутыкнуліся. Пасля нашы рукі знайшлі адна адну.– І нічога нельга зрабіць?– Наўрад. Метр з чвэрцю на метр і на шэсцьдзесят сантыметраў... Гэта... гэта... калі я не памыляюся...кожная пліта ноль цэлых шэсць дзесятых куба. Удзельнай вагі граніту я не памятаю. Але паспрабуем уявіць сабе слуп метр на метр і вышынёю... А, напэўна-такі я памылюся. Але такой вагі мне не ўзяць. Чуеце?