Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– І я шчаслівы, што дапамагло гора, што я пачуў гэта. Бо я ніколі б не наважыўся сказаць табе... Хаця я жадаў бы, каб ты жыла доўга-доўга, пакуль існуе гэты кляты, гэты блаславёны свет. А больш за ўсё на свеце хацеў бы, каб ты жыла. Я дужа, дужа кахаю цябе. І мне лёгка зараз прызнацца ў гэтым.Яна прысунулася да мяне і паклала галаву мне на калені.– Я дужа... я ўсё б аддала за цябе. Праўда. Праўда, бо лёс паставіў нас перад немагчымасцю хлусіць. Ані ў адным слове.– Я і так ніколі не хлусіў бы табе. Гэтым цяжкім валасам, марскім вачам, гэтым веям немагчыма было б хлусіць. Дзякуй табе за ўсё. Будзь блаславёная.І так мы сядзелі ў палоне неразрыўных, злітых у адно апошніх абдоймаў, чакаючы апошняга выйсця.А іншага нам дадзена не было.Прайшлі хвіліны, можа, гадзіны, а можа, і стагоддзі. Мы баяліся паварухнуцца. Мы жылі перапоўненым, вышэйшым жыццём. Таму што проста ўжо не жылі.Я ўскінуў галаву. Мне здалося, што пачуў крык. Дзіцячы? Або крык дарослага, прыглушаны каменнай тоўшчай?Крык гэты нібыта блукаў, гучаў то бліжэй, то далей, то зусім знікаў, то біўся ў нейкіх блытаных лабірынтах. Дуднеў, як з-пад зямлі, і раптам далятаў так ясна, нібы з некалькіх метраў пад адкрытым небам.– Сташка, чуеш?Мабыць, яна не чула. Мабыць, яна спала ці проста знаходзілася ў прастрацыі.– Дзядзька! – як камарыны спеў, гучаў аднекуль голас.І тут жа нібы выбухаў у павуцінні катакомбаў:– Я зараз!І зноў, як праз вату:– Зараз.Што гэта было? Галюцынацыі? Так хутка? А ўрэшце, чаго і чакаць ад гэтага кавалка зямлі, спрадвеку атручанага нянавісцю, вераломствам, подласцю, смяротным жахам і самой смерцю.Апошняя свечка ўжо напалову згарэла. Паблекнула пляма святла ў атворы. Нічога. Цяпер ужо скора. Шэры, чорны камень вакол, камень здрады і забойства вып’е нас.Мне здалося, што мы тут не адны, што нечы невядомы позірк спынены на нас. Я прыўзняў галаву, стараючыся не паварухнуцца, не патрывожыць дзявочай галавы на маіх каленях......З атвора, перасечанага крыж-накрыж кратамі, глядзеў на мяне чалавечы твар. Глядзеў з уважлівай і, можа, мне здалося, нядобрай пільнасцю. Блішчалі вочы, вялікія-вялікія ў цёмных правалах вачніцаў. Колер скуры ад святла свечкі там, за мурам, быў пергаментна-жоўты, мёртвы. І на тонкіх, заўсёды такіх прыемна-з’едлівых, лісіных вуснах была халодная, зларадна-здзеклівая, абыякава-вывучаючая ўсмешка.Ксёндз Леанард.Глядзеў і толькі што не зламоўна, але затое злавесна, як крумкач патопу , калі гэты патоп пачаў спадаць, адкрываючы вачам Ноевым і яго, крумкачыным, трупы дапатопных людзей і звяроў.Гукнуць яго? Я не наважыўся. Горш за ўсё была б гэтая апошняя мая памылка: убачыць, як усміхнецца, і адыдзе, і знікне апошняя пляма святла, апошняя надзея на нешта.А ён і сапраўды ўсміхнуўся, гэты твар, павярнуўся, знік. Прымеркнула святло.І нечакана ўскінулася Сташка.– Тут быў хтось? – спытала дзікім, нібы з бяспамятнага сну, голасам. – Быў тут хтось ці не?– Не, – сказаў я безжыццёвым голасам. – Нікога тут не было. Сядзі ціха. Уздрымні далей. Вільгаццю цягне ад камянёў... Не, я не чакаў аж такога. Мой калейдаскоп рассыпаўся. У яго трапіла лішняе шкельца... Не лішне было б пацікавіцца, адкуль яно з’явілася і якім чынам сапсула візэрунак?– Ты што? Загаворваешся? Цёмнае кажаш, – у гэтым голасе цяпер трымцелі нервовасць і напружанасць.– Ціха. Ціха ты.