Чорны замак Альшанскі, ч. 3

І тут я пачуў спачатку лёгкае драпанне, нібы недзе скрэблі, пасля скрогат. Пасля той скрогат узмацнеў, пераходзячы часам у пранізлівы віск.З непамерным здзіўленнем, бо дагэтуль я чуў пра такое толькі ў казках, а бачыў толькі ў кіно, я не спускаў вачэй з вертыкальнай лініі ў сцяне. Яна пашыралася пад роўны рокат чагосьці і гэты віск, а я лупіў вочы на тое, як яна стала шчылінай, якая раздавалася ўсё шырэй і шырэй, ператваралася ў спачатку вузкі, на ката, а пасля шырокі, хаця б і на чалавека, цёмны калідор.Ад’язджаў вузкі прамакутны кавалак муру. Адкрываліся вачам, нібы на чвэрць акружнасці па падлозе праведзеныя, паўкруглыя жалабы. Відаць, такі самы жолаб быў у самой сцяне і яна адыходзіла, адкочвалася на каменных шарах (такі механізм я калісьці бачыў у патаемным ходзе ў адным са старадаўніх крыжацкіх замкаў. Як любяць казаць цяпер, узаемазапазычанні. А ўвогуле, ці не падобна ў нечым працуюць нашы падшыпнікі?).А ўвогуле, ці не вярзу я лухту? Так блытаецца ўсё ў галаве пасля гэтых некалькіх гадзін пад зямлёй.Я асцярожна ўзяў Сташку пад пахі і ўстаў.Да нашых ног каціліся ўжо з цёмнай шчыліны дзве невялічкія постаці: Стасік Мультан і Васілька Шубайла.– Дзядзька Антось! Вы тут? Цётка. І вы тут? У мяне перахапіла глотку, у ёй стаяў нейкі цяжкі даўкі камяк. Магчыма, я закрычаў бы. Але стрымаўся.Бо за імі выступіла з цямноцця постаць ксяндза. Чорны цень і дзве пергаментныя плямы. Рука са свечкай, уся аблепленая маленькімі сталактытамі воску. І аблічча, на якім застыла ўсё тая самая дапытліва-абыякавая ўсмешка, якая нібы здзекавалася і выпрабоўвала.– Вы жывыя? – варухнуліся вусны.І ўва мне нібы яшчэ пашырылася падазрэнне.– Дзякуй пану богу, – сказаў ён. – Хадзем.Мы выйшлі “калідорам” у невялічкую камеру. Ксёндз штурхнуў мур, і ён з ранейшымі рокатам і віскам пакаціўся на сваё месца.Мы паварацілі за рог і апынуліся ў доўгім і нізкім калідоры-катакомбе.– Тут недалёка, – сказаў Жыховіч, – і дзякуй богу, што тут ёсць ход.– Дзякуй богу, што яны не ведалі пра яго і другое сутарэнне.– Пра яго не ведаў і я, – сказаў ксёндз. І дадаў, памаўчаўшы: – Дзякуй вось ім. Яны так крычалі пра падзямеллі, што я пайшоў з імі, хай толькі адчэпяцца. Астатнія ўстрывожыліся і пайшлі на пошукі нейкага невядомага “гарадзішча” і “курганнага могільніка” гадзіну назад... Сорамна, ідучы на сустрэчу з магчымай небяспекай, напраўляць людзей на няправільны след. З невялікай хлусні часам нараджаецца непапраўнае. Як з ілжэвучэння – смерць духу, а са свядомага аблуднага фальшу – смерць.Ён мог бы і сам выглядаць на ўвасабленне фальшу, каб не горкі сарказм у тоне слоў.– Досыць ужо смерцяў на гэты няшчасны куток зямлі. Проста Бермудскі трохкутнік нейкі: Кладна –Альшаны – Цёмны Бор. Гінуць надзеі, без следу знікаюць людзі. Іх мары і надзеі.– І хто вінаваты ў гэтым? – Я ўсё яшчэ не мог пазбавіцца ад падазронасці.– Не ведаю. Пэўна, продкі. І нашчадкі, нядаўнія і сучасныя. І я вінаваты. У тым, што жыву, калі ўсе сябры... і сяброўкі даўно загінулі.Ён дыбаў ходам, як жывы прывід. Сапраўды так.– Гэта было б жахліва, каб загінулі яшчэ і вы. На парозе нейкага адкрыцця, – ён пранізліва скасавурыўся на мяне, – або на парозе паражэння, якое толькі і вызначае, мужны чалавек або так сабе.Мне стала крыху сорамна. Бо калі меркаваць па яго мінулым, то ён быў вышэй падазрэнняў.