Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Слухайце, – сказаў я, магчыма, занадта рэзка, бо не мог забыць той усмешкі ў атворы, – ці магчымая гэта рэч, стопрацэнтны хрысціянін першых год хрысціянства? У нашы дні, з нашым мінулым? Не хлусі нават у дробязях, не пралюбадзействуй нават вокам. Не. Вы, здаецца, такі або хочаце быць такім. Растлумачце мне, як гэта?– Ды ну вас.– А я не веру. Не веру, бо ў большасці людзей падвойнае дно.– Не верце яму, – ціха сказала Сташка, – проста ў яго быў стрэс, і ён аніяк не можа ачомацца.– Двайное дно. Магчыма, й тых замуравалі, як у маім сне. Майму калейдаскопу не хапае яшчэ толькі аднаго шкельца.– Якога?– Што азначалі тыя словы з кашмару: “Два вартавыя неадпертыя і адзін няхрышчаны”? Хто гэта такія, тыя тры?– Слухайце, – сказаў ксёндз, – у вас сапраўды добра-такі лезе наверх нервовая нераўнаважнасць.Мы выйшлі на святло. Зелянела трава. Нізкае ўжо сонца клала апельсінавыя адценні на лістоту. За брамаю, на вясковай вуліцы, далятаў з хмары пылу спакойны і мірны харал вячэрняй чарады: мыканне кароў, жаласліва-гнюсаватыя галасы авечак.Я ўзяў Сташку за руку, і тут мяне закалаціла. Так, што я баяўся выціснуць з сябе нават слова, каб яно не прарвалася рыданнямі палёгкі. Не за сябе, можаце мне паверыць.– Ты не шкадуеш аб сённяшнім дні? – шэптам спытала яна.– Не. Хтосьці сказаў: “Я не ведаў, як выглядае мой родны дом, пакуль не выйшаў за ягоныя муры. Я не ведаў, што такое шчасце, пакуль не прайшоў безданяў бяды...” Я не шкадую аб сённяшнім дні.І, аднак, мне давялося пад канец пашкадаваць аб ім.Ад “плябаніі” – нашай, вядома, – кінуўся мне насустрач Мультан:– Дзякуй богу, жывыя. Дзякуй богу, хоць вы жывыя. Бо трох у адзін дзень...Мне нібы жалезам абцягнула сківіцы.– Хто?– Зеляпушчанак сёння выцягваў шнур ля Дубовай чапы (чорт яго, чаго ён заўсёды яго ў гэтых карчах ставіць) і выцягнуў...– Лапатуха?– Ён. Міліцыя павезла ўжо. Відаць, упаў у цемры са стромага ўрвішча. Скроняй аб корч ці аб чорны дуб – унь колькі іх там стырчыць з берага. І гатоў!Я ўспомніў вартага жалю, бяскрыўднага чалавека-пакутніка, ягонае безабароннае “хлопчык, не трэба” і як ён спрабаваў напужаць мяне, каб не швэндаўся ў “яго доме”. І ўспомніў свае падазрэнні, і ўявіў апошняе шкельца з калейдаскопа: цела тапельца.І тут я зразумеў, што я – асёл.

Раздзел VIIПра жыццёвую неабходнасць грунтоўнага вывучэння стараславянскай граматыкі і алфавіта, пра без пяці хвілін дактароў навук, якія таксама бываюць асламі, і адну дапамогу, якая прыйшла непапраўна познаМы сядзелі з Хілінскім на беразе става, там, дзе ўпадала ў яго Альшанка. Вельмі шырокі ў гэтым месцы стаў сям-там парыў, стаялі над ім маленькія і рэдкія слупы туману, ледзь падсвечаныя нованароджаным сонцам.Вудзілі. Праўдзівей, вудзіў адзін ён, хаця не часта, але падсякаючы то плотку, то невялікага галаўня. Ужо дзесяткі з два такіх сноўдалі ў яго вядзерцы, часам без дай прычыны пачынаючы ліхаманкава, як па камандзе, брохаць.– Усё ясна, – сказаў ён, выслухаўшы мяне. – І ясна, што Лапатуха павінен быў загінуць пасля лекарскага заключэння Лыганоўскага. Нехта збаяўся таго, што да чалавека вернецца псіхічная раўнавага.– З тых, што прысутнічалі?– Чаму? Кожны з іх мог расказаць пра гэта камусьці са сваякоў ці знаёмых.– Лыганоўскі такі з’ехаў.– Ну так. Сказаў: “Калі кожнае маё слова на гэтай цудоўнай і высокамаральнай старонцы будзе весці да такіх вынікаў, дык я знікаю, і няхай яны тут жывуць па сваіх норавах і звычаях. Мне да іх цяпер, што Кутузаву да Англіі”.