Чорны замак Альшанскі, ч. 3

нас засыпаць. Яны нічога не ведалі, яны толькі сачылі за намі. А ўсё, што мы... ох... яно пад другой вежай.Я знямог ад смеху, зусім знясіліўся:– А божа мой! Ёлуп! Ёлупень! Асёл раменныя вушы.– Нічога, асёл на чатырох нагах дый то спатыкаецца.– Ну досыць. Я больш не дазволю гэтаму аслу спатыкаца. Мулам мне зрабіцца, калі гэта не так.З гэтага моманту я цвёрда вырашыў, што ніхто, нішто і ніколі ў аслы мяне не запіша. Гісторыя калісьці пакажа, так гэта ўсё здарылася ці не так.Яшчэ толькі адно. Пакуль мы дайшлі да месца, дзе нам трэба было разыходзіцца, я перадаў Хілінскаму ўсе свае меркаванні па гэтай справе. Няхай перадае далей каму захоча. Я не хацеў далей рызыкаваць. Ці мала што магло здарыцца са мною ў гэтым ідыёцкім кутку?Ён слухаў уважліва, а потым, нічога не каменціруючы, сказаў толькі нейкім нібы безуважным голасам:– Падобна на тое, – і дадаў пасля паўзы: – І вось яшчэ што. Гэта табе пажытак для разважанняў. “БТ” ніколі, з самага заснавання ларка, кіяскёру не адпускалі.Што мне было да “БТ” і да гэтага небаракі? Мяне ўразіла іншае.– Дык, значыць, пошукі ідуць? Іх не кінулі?– Ат, – адмахнуўся ён, – нічога я не ведаю. Шчука неяк абмовіўся. Я думаў, гэта табе будзе цікава...Калі не – прабач.Праз дзень ціхі наш прыстанак ператварыўся ў стоўпатварэнне вавілонскае. Сноўдалі паміж Альшанамі і Альшанкай розныя машыны і розныя людзі. Прыязджалі нават з Кладзенскага і са сталічнага музеяў. Завіхаліся вакол руіны, фатаграфавалі, абмервалі.Мяне гэта не датычылася. Я зрабіў сваё і на гэты раз спадзяваўся, што без памылкі.Я проста рабіў тое, што і дагэтуль. Разам з хлопцамі са школы, Шаблыкам і Змагіцелем, разам з археолагамі (дзе прыбыль, там памагатых гібель) выносіў смецце і друз. На гэты раз з другой вежы.Гэта частка яе, частка замураванай некалі брамы, абвалілася ў той дзень, выклікаўшы абвал і над намі.Тыя, прыезджыя, накшталт славутых гогалеўскіх пацукоў, “панюхалі ды і пайшлі прэч”. Прашу ў іх прабачэння. Усе тыя дні я, нібы прадчуваючы нешта нядобрае, прабываў у самым дрэнным настроі. Хацелася раўці і кідацца на людзей. Баюся, што нават вочы ў мяне наліліся крывёю, як у бычка.Прыходзілі і адыходзілі мясцовыя. Часам на ўзгорку людзі збіраліся нават у маленькія паасобныя купкі, дзе ажыўленыя, а дзе і змрочныя. Нібы нейкі дух неспакою і трывогі павіснуў над Альшанкай.– Ну што, наклёўваецца нешта? – спытаў Нічыпар Альшанскі.Стаяў ён наводдаль разам з Вячоркам, Высоцкім і Ганчаронкам.І хаця, адгробшы чарговую порцыю рознай парахні, на глыбіні шасці ступ ад “мацерыка”, мы сапраўды толькі што знайшлі выбіты на камені контур карабля, я адказаў унікліва:– А чорт яго ведае. Тут такая галаваломка, што нельга быць пэўным ні ў чым... Можа, нешта і знойдзецца, а хутчэй за ўсё, не.Я не хацеў рассыпаць амаль завершанага ўзору ў сваім калейдаскопе.Магчыма, я памыляўся, але я не хацеў сапсаваць справы аніводным неабдуманым учынкам, аніводным неасцярожным словам.Да вечара мы расчысцілі амаль усю пляцоўку. Я ўжо нават прыблізна бачыў, дзе пліты на падлозе драбнейшыя. Там можна было дапусціць існаванне замураванага лаза. Таму я спецыяльна не даў рабіць хлопцам раскопку да канца.– Досыць на сягоння. Заўтра з раніцы зоймемся зноў.Яны бурчалі. Азарт ёсць азарт, асабліва калі справа падыходзіць да канца.– Нічога, нічога. Пакіньце крыху прыемнага чакання і на заўтра.