Чорны замак Альшанскі, ч. 3

— Прыемнага, – досыць здзекліва сказала Сташка. – Нічога там прыемнага не будзе. Проста хочацца хутчэй дакапацца.Я пазмрачнеў:— Калі нават я маю рацыю, то адзін дзень нічога ўжо не дасць і нічога ўжо не зменіць. Калі нават здагадкі правільныя. Таму што людзі, мы, у гэтым выпадку спазніліся з дапамогай. На добрыя тры з паловай стагоддзі.

Раздзел VIII

...Мы ўмыліся ў рукаве рэчкі, развіталіся, і я пайшоў праводзіць Сташку і яе каманду да лагера. Там ужо весела скакала вогнішча і шыпеў на ім кацёл з нейкім супам, мяркуючы па паху, курыным, а ля яго чарадзейнічала худзенькая Валя Волат. Усе расселіся навокал.– Што гэта вы так позна? – спытала сённяшняя кухарка.– Свіння палудня не знае, – адказаў Сядун. – Дый не толькі мы вінаватыя. Певень жа яшчэ не зварыўся.Я адчуваў, што Генка зноў нешта рыхтуе.– А ўсё яна, – сказаў вісус, ківаючы на дзяўчыну. – Не трэба было ёй глядзець, як пеўня рэзалі. У яе вока жывіць.Уздыхнуў з фальшываю скрухай:– Так доўга мучыўся певень.Тут Валя мяне здзівіла. Відаць, Генкавы блазноцтвы ўжо нават ёй ў глотцы сядзелі.– Гэ-эх, – сказала яна, – не чалавек, а засуш. Ды яшчэ такая засуш, што й пустазелле ў полі сохне.– Сам ён пустазелле, – сказала раптам Тарэса.– А мая ж ты даражэнькая, а мая ж ты таечка. А я ж з табою жаніцца хацеў.– З якою па чарзе? – спытала Тарэса. – Жаніся, толькі не са мною.– Жаніся, каб дурні не перавяліся, – дадала Валя.Генка прыціхнуў, разумеючы, што тут ужо ўсе хочуць прыціснуць яму хвост. Нават пасля ежы гжэчна сказаў “дзякуй”, але Волат і тут была няўмольная:– Дзякуй за абед, што паеў дармаед.– Літасці! – узмаліўся Сядун.Але дзяўчатам і самім ужо не хацелася дабіваць “дармаеда”. Зляцеў ціхі анёл.Я не ведаю нічога лепшага за вогнішча. Яно прываблівае заўсёды. Але асабліва ў такім вось свеце, залітым аліўкава-залацістым святлом поўні. Паўсюль мяккая аднатоннасць, паўсюль нешта такое, што вабіць невядома куды. І ў гэтай трохі нават серабрыстай месячнай імгле – цёплы і рухомы чырвоны мазок.Мастакі разумеюць гэта. Добрыя мастакі.– Мне час, – сказаў я, уздыхнуўшы, і ўстаў.– Бадай што, я вас праводжу да краю гарадзішча.Прахалода начнога паветра на абліччы. Асабліва ласкавага пасля цеплыні вогнішча. Мы ішлі ў гэтай імгле. Вогнішча аддалялася і ператваралася ўжо ў плямку, у жывую іскру. Ледзь прагнутаю чашай, аліўкава-серабрыстай пад поўняй, ляжала перад намі паверхня гарадзішча, адакрэмленая ад астатняга свету ценем ад валоў.– Месячны кратэр, – сказала яна.– Станіслава, ты не перадумала?– Аб чым?– Не раскайваешся?– У чым?– У тым, што сказала ўчора.– Не, – ціха сказала яна. – І думаю, што не буду каяцца. Да самага канца.– І я. Да самага канца. Усё адно блізка ён будзе ці далёка. Толькі я не ведаю, чым я заслужыў ад Бога такое.– А гэтага нічым не заслугоўваюць.– Ні абліччам, ні маладосцю, ні ўчынкамі, ні нават вялікімі справамі.– Часам. Калі такое ўжо і без таго з’явілася. А яно прыходзіць проста так.Я узяў яе далоні ў свае. Потым у маіх пальцах апынуліся яе локцікі, потым плечы.Я прыцягнуў яе сабе да грудзі, і так мы сталі, злёгку пагойдваючыся, нібы плылі ў нерэальным месячным зарыве.Пасля, праз незлічоныя гады, я адпусціў яе, хаця гэты свет поўні быў сведкам таго, як мне не хацелася гэтага рабіць.– Бывай, – сказаў я. – Да заўтра.