Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Да заўтра.– Што б ні здарылася?– Што б ні здарылася з намі ў жыцці – заўсёды да заўтра.– Баюся, – сказаў я. – А раптам нешта непапраўнае?– Усё адно да заўтра. Нічога такога няма, каб адабраць у нас вечнае “заўтра”.Ногі самі неслі мяне па схіле. Я здатны быў біць нагамі, як жарабя пасля зімовай стайні. Усё нутро нібы захлыналася, да краёў перапоўненае радасцю.Была, аднак, у гэтай радасці адна халодная і разважлівая жылка ўпэўненасці. Упэўненасці і ведання, якія вырасталі б і выраслі, калі б я даў ім волю. Я ім, аднак, гэтай волі не даваў занадта, поўны тым, што толькі вось адбылося, нованароджаным пачуццём лікавання.І я не даваў волі раптоўнаму азарэнню, якое прыйшло і не адпускала мяне, зрабіўшыся ўпэўненасцю і веданнем. І ў гэтым была мая памылка.Але я проста не мог, каб у маім новым адчуванні еднасці з усім гэтым бязмежным, добрым і мудрым светам жылі падазрэнні, нянавісць і зло.Я ўступіў у невялічкую лагчынку, лепей сказаць, нават шырокі раўчук. Злева і справа былі досыць стромыя сценкі адхонаў, сцежка вілася па дне і выходзіла ў нешырокі праём, за якім, не міргаючы, стаяла вялізная нерухомая зорка.Цьмяна і таямніча стаялі ў катлавіне ў нейкім нікому не вядомым парадку вялікія і меншыя валуны. Гэта было месца, у якім старая народная фантазія ахвотна змясціла б пляцоўку для ракавання рознай больш ці менш шкоднай язычаскай нечысці. Яна вымірае, але ўсё адно ў такія вось поўневыя ночы, калі вакол светла і толькі тут пануе паўзмрок, сюды збягаюцца на начную капу, начны суд Вадзяніцы, Балотныя Жанчыны, феі-Мятлушкі, Вогнікі з балатоў, Карчы, Лесавікі, Хахолы і Хохлікі і іншыя напаўзабытыя бажышчы. Успамінаюць, плачуць па былым, твораць свой суд.Сталёвыя воды туманам сплываюць, Ледзь дыхаюць пасмы пажоўклай травы.Ў нізіне, дзе замак спачые сівы,Апошняя фея цяпер памірае.Гэтая лагчына – апошні куток іхняга калісьці бязмежнага каралеўства. Гэтыя ледзь бачныя камяні – іхнія былыя павержаныя троны. Троны ў лагчыне, у якой густа настаялася іхняя трывога, бездамоўе і асуджанасць. Іхняя апошняя безнадзейнасць у мёртвай пустцы бездухоўнасці.І адзіная жывая – ці жывая? – істота ў гэтым свеце закінутасці і пахмурай тугі.Не, я не быў тут адзінаю жывою істотай. Перада мною якраз на тым месцы, дзе сцежка нырала ў вузкую расселіну, каб метраў праз дзесяць вырвацца на прастор, узвышаўся дужа высокі цень чалавека.Гэты цень узняў руку і павольна апусціў яе. Усё гэта чынілася ў поўным маўчанні, у якім было нешта такое, што абяцала нядобрае.Я азірнуўся назад – яшчэ адзін цень цяпер блакіраваў другое выйсце, тое, якім я забрыў у гэтую пастку.А я ж усё ўжо зразумеў, я ведаў і мог спадзявацца на такое. Але я, аслеплены сваім шчасцем, здушыў свае прадчуванні, не даў ім волі.І цяпер плаціўся за гэта.– Вы хто? – удаючы поўную безмяцежнасць, спытаў я.Ён маўчаў. І раптам на цёмнай пляме аблічча цьмяна праявілася белая падкова. Невядомы ўсміхаўся.– Урэшце можаце і маўчаць. Я ведаю і так.Іхнія паставы лепей за ўсе словы казалі аб тым, што гэтаму майму веданню я і абавязаны гэтым начным спатканнем і што яно не можа не скончыцца для мяне кепска. Бо майго маўчання аб гэтых ведах нельга было купіць, але можна было здабыць, перастрэўшы вось так на вузкай сцежцы. Яны і перастрэлі. І гэта была не першая іхняя спроба здабыць маўчанне за кожную цану.– Здароў, Ганчаронак, – кінуў я, пакасіўшыся на таго, што падыходзіў ззаду. – І ты здароў, Высоцкі, – гэта пярэдняму. – Што, спакой абрыднуў аматару “ціхага жыцця”?