Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Ну здароў, – гэта працадзіў урэшце першыя свае словы Высоцкі. – Добрай ночы, Косміч.– Наўрад ці яна будзе добрая.– І тут ты не памыляешся, – з лянотным спакоем сказаў ён.– Дарэмна вы задумалі, хлопцы. Дарэмна распачалі. Маё маўчанне ўжо нічога не каштуе. Я парушыў яго. І калі са мной нешта здарыцца – тыя людзі зробяць свае высновы. І на гэты раз хістацца сабе не дазволяць. Марудзіць не будуць.– А нам і не трэба. Гэта не здабыццё маўчання, – азваўся Ганчаронак. – І нават не зусім помста.Проста падвядзенне ітогаў. Ты зрабіў сваю справу, прывёў нас да табой жа адкрытага сховішча. А ўжо ўскрыць яго – тут нам цалкам хопіць твайго маўчання да раніцы. Гэта для нас яно будзе – да раніцы. Для цябе яно будзе на неакрэслены час. Нават калі разлічваць на трубу архангела.– Для вас яна таксама ўструбіць, – сказаў я. – Хутчэй, чым спадзеяцеся.– Гэта мы, як кажуць, яшчэ паглядзім, – сказаў Ігнась.– Ну дык што, – прапанаваў я, – прысядзем ды пагаворым.– Цягнеш? – гэта Ганчаронак. – Выгандлёўваеш пару хвілін? Не дапаможа.– Не, не цягну. Проста пастараемся наталіць вашу і маю цікаўнасць. Узаемна. Цікава ж, праўда, як працавалі нашы галовы?– Твая скора працаваць не будзе, – сказаў Ганчаронак.– Кінь, – перарваў Высоцкі, – і сапраўды цікава. А часу нам хопіць, нават зашмат будзе. Патрэбнае нам можна і перахаваць лёгка. Астатняе хай гарыць.– А тое, што патрэбна не табе і мне?– Можа, і знойдзецца. А можа і згарэць, хрэн з ім... Сапраўды, давайце сядзем ды ціхамірна пагаворым.І ён паказаў мне на вельмі высокі валун узбоч сцежкі. Самі яны селі на два ніжэйшыя, каб мець большую за мяне свабоду ў рухах. Начная капа нечысці пачалася.– Ну вось і пагаворым, – ляснуў сабе па калене Высоцкі.Сеймік быў, як кажуць, невялічкі, але вельмі пажондны. У двух яго ўдзельнікаў (я быў упэўнены ў гэтым) акрамя перавагі грубай фізічнай сілы – можа, не такой ужо і вялікай перавагі – з поўнай пэўнасцю можна было знайсці у кішэнях нажы, а ў кагосьці, можа, і сімпатычны маленькі кастэт, а ва ўнутраных кішэнях пінжакоў або пад пахай – пісталеты.– Пачынай, – нібы прыспешваючы, сказаў Ганчаронак.– Пачну, – сказаў я. – Пачну з таго, што калі нават і не на сто працэнтаў, але я ведаю вашу гісторыю, ваша мінулае. Як? Лічыце, што спачатку гэта былі проста няясныя здагадкі. Я не ведаю, якім чынам вы даведаліся аб кнізе і таямніцы, схаванай у ёй. Але вы ведалі. Магчыма, яшчэ з часоў вайны, з часоў апошняга Альшанскага. На жаль, вы не здолелі прысутнічаць пры фінале трагедыі і дакладна не ведалі, дзе і што ў дадатак да старога скарбу схаваў апошні князь. Таму што ў справу ўмяшалася гестапа, якое хавала архіў, і айнзацкаманда, якая хавала нарабаванае. І тая і тая арганізацыі размясцілі свае схованкі ў небяспечнай блізкасці да старадаўняга скарбу. Ім здалося, што больш надзейнага месца не знойдзеш. І яны не былі схільныя інфармаваць старонніх, ды яшчэ тутэйшых, адкрываць ім свае таямніцы. Наадварот, прыхаваўшы ад вас вашыя ж справы, яны прымусілі вас застацца тут надзейнымі вартаўнікамі сваіх каштоўнасцей і ў выпадку чаго абаронцамі іх, бо вы заадно баранілі свой спакой і сякую-такую будучыню... На такую неспадзяваную непрыемнасць, калі нехта пачаў бы шукаць і капаць.Яны пераглянуліся.– Але гаспадары не выжылі. Стары Альшанскі хуткім чынам памёр. Кніга знікла невядома дзе. Вы не маглі і падумаць, што яна закінутая на гару ў хаце дзеда Мультана, дзе яе знайшоў Пташынскі. Затое ў вас была надзея, што не ўсё згублена, пакуль кніга невядома дзе, а нават і знойдзеная дасць мала карысці таму, хто знайшоў. Бо яму трэба здагадацца аб існаванні шыфраванага паведамлення, раскрыць яго і... гэтага мала, мець ў руках рэчавы прадмет, без якога, як лічыў старадаўні князь, дый вы таксама, расшыфроўка таямніцы немагчымая. Ні ён, ні вы не падумалі, што, маючы на плячах хаця нейкае падабенства галавы, можна абысціся і без наяўнасці рэчы.