Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Ганчаронак палез рукою ў кішэнь.– Кінь, – сказаў Высоцкі, – нож ты добра кідаеш, але яго праз кішэнь, як кулю, скажам, не кінеш.Сядзі і слухай.– Часта трапляўся ты мне, Тодар, на дарозе. Часам ноччу. І скакаў цераз канаву, поўную вады, каб малую патрэбу справіць. А нашто?– А на тое... Сустрэліся тут з адным...– А да гэтага, на другой дарозе, пра “страшныя яйкі” размаўлялі? – Я спадзяваўся толькі, што хлусня і дапушчэнні, збудаваныя на пяску, не занясуць мяне ўбок.– Ч-чорт.– Полем вы адтуль ішлі, каб вярнуцца іншай дарогай, чым той.Хто “той” было для мяне цёмнай ноччу, як многае і многае ў гэтай справе. Многае, аб чым я ўжо ніколі не даведаюся. Але я павінен быў удаваць, што мне вядома куда болей, чым на самай справе (толькі б не перагнуць!), і таму нават брахаць з большай ці меншай доляй верагоднасці.– Вы спяшаліся. Тым болей што тады, падчас дарогі на станцыю, у грузавіку, я прабалбатаўся, што звязваю ўсё, што адбываецца, не толькі з тым скарбам, але і з падзеямі перад уцёкамі немцаў. Тут ужо трэба было і справу з Лапатухам неяк давесці да ладу (дуэль ліхтароў), а заадно і са мной, калі ўжо ноччу палез у вежу, трапіўся пад руку. І ўцякаць нават не было як. Прывязаныя да архіваў... То ж бо ты тады на станцыі, Высоцкі, так на дзядзьку ў піжаме псіхануў. Сапраўды, едзе сабе куды хочаш, а ты, “тубылец”, вымушаны на месцы сядзець, дрыжаць і чакаць на вынікі. Дый дзіўна, што чалавек не ведае, дзе ягонага брата расстралялі, у Кладна ці ў Беластоку. Больш усё ж на Кладна чуткі кажуць. І прозвішча на помніку чорным па белым.– Якую справу з Лапатухам? – нібы нічога пасля ўпамінавення аб ім не слухаў, спытаў Высоцкі.– А вы думалі, што калі ён замак за сваю крэпасць лічыць, вас штодня бачыць і падсвядома пабойваецца, і напускае на сябе большую дурыну, чым на самай справе, то ён можа нейкі там патаемнічак уладкаваць. Для вернасці вы тады ноччу ў вежы і мур ламалі. У падазроным для вас месцы.– Разумны ты чалавек, Косміч, – з млявай пагрозай сказаў Высоцкі. – Разумны. Толькі ты, як поляк, мондры по шкодзе. Спахапіўся позна.– Так, я ведаю. Але не думаю, каб вы дужа выйгралі ў часе. Не толькі вас тут нешта трымае. Трымае тут сёе-тое і яшчэ аднаго чалавека.– Загадкамі гаворыш, – сказаў Ганчаронак.– Але.– Ну, далей, – сказаў Высоцкі.– Пра спробу ўзлому маёй кватэры, пра “маю” запіску да Мар’яна я казаць вам нічога не буду. І без таго доўгі сказ. Не ведаю таксама, што вас вяло да другой вежы? Пэўна, лагічны працяг, праекцыя на будучае, маіх учынкаў. Але трэцяй вежай я вас на хвіліну збіў з панталыку.– Ненадоўга, – сказаў Высоцкі.– Правільна. Іначай вы б мне там магілу не ладзілі. Тады б апошняй ахвярай быў бы не я, а Лапатуха.Надта вам словы лекара не спадабаліся, што той Людзвік можа ачомацца, апрытомнець... Так, многае адбывалася. Шмат аб чым я не ведаю, шмат аб чым не ведаеце і вы.“Цягнуць болей няма чаго. Ды я і стаміўся. Дужа стаміўся духам. Хутчэй бы, сапраўды, канец.Доўжыць гэтую камедыю няма ані сілы, ні жадання”.– Вас так ці іначай спаймаюць. Рана ці позна. І тады ўсе будуць адпомшчаныя. І я таксама.– Ды не, – сказаў Высоцкі, – пакуль тое, дык гэта перад намі адкрыты шлях. І калі мы возьмем усё ў свае рукі – малойчыкі накшталт вас не спатрэбяцца.– Некаторыя і раней казалі тое самае. Дзе яны? Але як гэта, на агульнае няшчасце, і здарыцца – вось толькі тады мы па-сапраўднаму і спатрэбімся. Нават тыя, каго зараз не дужа бяруць усур’ёз (з розных бакоў), аматары і знаўцы “справы”.