Чорны замак Альшанскі, ч. 3

Праз некалькі хвілін мы развіталіся і пайшлі, адмовіўшыся ад другой чаркі “мёду”....Але хай мяне пярун лясне на божае нараджэнне, калі нашы прыгоды на гэтым скончыліся. Мы падыходзілі да замкавай брамы, і тут мне цюкнула ў галаву:– Хлопцы, давайце зазірнем. Можа, яны, гэтыя “пані з манахам”, і сёння з’явяцца.Крыху падагрэтыя “мёдам”, яны згадзіліся. І вось мы досыць шумліва ўваліліся ў запаскуджаны двор. Месяц асвятляў ягоную палову, ляжаў на вежах касцёла за мурамі. І нічога.І раптам я, зірнуўшы на галерэю крыху правей, чым у той раз, заўважыў:– Хлопцы, унь яны.– Ды дзе? Нічога не бачу, – сказаў Шаблыка. – Ой, не, унь “яны”.Па галерэі, відаць, ужо канчаючы сваё начное шэсце, рухаўся цёмны доўгі цень і цень светлы.Секунда... трэцяя... зніклі.– Ну, самі бачылі, што б гэта магло быць? – спытаў я.– А д’ябал мяне варожы забяры, калі я ведаю, што гэта, – буркнуў Змагіцель. – Містыка нейкая, так яно і так, чэк тваю дрэк.– Ну, – уздыхнуў Шаблыка, – за лёс маладога пакалення можна не непакоіцца. Настаўнік беларускага прыгожага пісьменства хворы на містыцызм і лаецца, як басяк.Пакінуўшы замак, мы паціснулі адзін аднаму рукі і разышліся. Я папрамаваў уздоўж замкавага мура да плябаніі. Тут было цёмна, месячнае святло падала толькі на Альшанку і парк за ёй, і перасякалі гэта аліўкавае святло толькі чорныя цені ад вежаў.І тут, нібы мала мне было на сённяшні дзень, я пачуў справа, нібы з самога нутра мура, спачатку нейкае невыразнае “бу-бу-бу”, а пасля не менш невыразныя словы.Я ўзняў галаву – у бойніцы ніжняга бою цьмяна вымалёўвалася пляскатая белая пляма. Аблічча. І на гэтай невыразнай пляме варушылася нешта цёмнае. Рот. Я мог бы чыркнуць запалкай, але словы раптам сталі больш выразныя, хаця і ўрыўчатыя, і ў гэтым ужо не стала патрэбы.– Адыдзі. Адыдзі... Мой дом, мой замак, мая крэпасць. І што над ёй – маё... І пад ёй... Я вам дам, душагубцам, я вам дам цыклон... Людажэры... Фашысцюгі клятыя... Жыць хачу!.. Жыць!.. Дзеткі глядзець, просяцца... Вартую, вартую іх... І патаемнасць вартую... Ізыдзі!Я міжволі паскорыў крок, абы не чуць гэтага вар’яцкага блекатання, і аж пакуль не выйшаў на азораны месяцам краёчак става, наўздагон мне далятала:– Бу-бу-бу-бу.Падыходзячы ўжо да плябаніі, я падумаў, што так, магчыма, і вар’яцтва, але нейкае дужа ўжо асэнсаванае. Зручнае для чалавека вар’яцтва. Лапатуху таксама нельга было пакуль выкрасліць са спіска. На яго, пакуль тое, таксама яшчэ падала падазрэнне.

РАЗДЗЕЛ ІІУ якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы,шкадую правакатараЛедзь я паспеў на пару дзён вярнуцца ў родныя пенаты, ледзь скінуў рукзак, як забрынчаў у нежылой кватэры званок і я ўбачыў у дзвярах твар “містэра Сміта з Бобкін-стрыт”.– Я на хвіліну да цябе... На вось, тут копіі з тваіх істужак і з тых літар, што не расшыфраваў. Думай. Прыхавай толькі добра. А кніга няхай пакуль застаецца ў Шчукавым ведамстве. Так больш надзейна... Э, брат, ды ты нешта зблажэў на вясковых харчах... Дык вось, прыходзь у восем чай піць. Шчука прыйдзе.– Дзякуй. – Я ледзь паспеў сказаць гэта, а ён ужо выпарыўся.Адну копію я занунуў у патаемнік (палову), другую палову засунуў у дзесяты том трэцяга выдання твораў Леніна, стар. 492, дзе “Беларуская сацыялістычная грамада”. Тое ж зрабіў і з іншымі паловамі. У “Матэрыялы па археалогіі”, выданне АН за 1960 г. Ва ўспаміны А. фон Цірпіца, у “Анталогію беларускага апавядання”, т. ІІ, стар. 289.