Чорны замак Альшанскі, ч. 3

– Гэта яшчэ чаму? – уеў Ганчаронак. – Пакуль мы тут гаспадары. І з часам будзем гаспадарамі поўнымі. У нас здаровы сэнс.– Не будзеце, – я быў амаль спакойны. – Думаеце, божыя і чалавечыя законы адмененыя на карысць гэтага кутка ці якога-небудзь іншага на зямлі? Толькі таму, што мы нарадзіліся тут? А нейкі там Гітлер у Германіі? А Уласаў у Расіі? Не, гэтыя законы нідзе не адмяняюцца. Карабель ваш дужа стары і зараз ляціць на рыфы.– То што ж нам, бедным, рабіць? – у фальшывай скрусе спытаў Высоцкі.– А трэба было вучыцца з дзяцінства сумленнасці, якая ў тым моры жыцейскім замест навігацыі.Вывучыць яе, і жыць, і плысці сабе. Або пагарджаць ёю і тады, – будзьце вы праклятыя ў вякі вякоў!– Што ж, пагаварылі. – Высоцкі дастаў пісталет.Я гатовы. Мне амаль не страшна. Так, нібы крыху смокча пад лыжкай. Але тут я ўзнімаю вочы....Далёка-далёка, за цемрай, за месячнай імглою, гарэла іскра вогнішча. Як жа я мог не падумаць пра яе?!“Выхаду! Выхаду кожнай цаной, акрамя прыніжэння!”Ён прымерваўся. Прымерваўся і я. Мне трэба было толькі, каб ён страціў спакой, каб рука ў яго не была цвёрдая.І таму я пусціў у ход апошнюю сваю здагадку, амаль сумежную з упэўненасцю:– Што ж, да хуткага спаткання, Высоцкі... І ты да хуткага спаткання... Боўбель.– Што-о?!– Боўбель. З двайной бухгалтэрыяй. Па даходах і па трупах. Перадрыжалі вы, бедалагі. Што, Боўбель, усе гэтыя гады не піў, толькі рот гарэлкай паласкаў?– Здагадаўся, – хмыкнуў Ганчаронак-Боўбель. – Анягож.– Ясна, уцёк ты тады балотнай сцежкай. Аднаму табе вядомай. Адзін уцёк. А сябры-сведкі накрыліся. Таксама двайную бухгалтэрыю вёў? Са сваёй бандай і з немцамі? А ты, Высоцкі, ці не мачаў ты пальцаў у кроў павешаных у Кладна? Архіў вам быў патрэбны. Грошы – абодвум.– Ну вось, – перапыніў Высоцкі. – Тут табе і канец. Мала мы вас, гадаў, перакоцалі.– Брудныя вы падлы... На што спадзеяцеся?Пісталет рыўцом узняўся ўгору, пасля пачаў апускацца. І тут я адкінуўся назад і ўпаў за валун. Упаў на правы бок (крый божа, каб не на руку!), клубком, як трэба падаць з каня, адкаціўся далей ад каменя.У момант падзення проста нада мною сцёбнуў, як тоўстым бізуном, стрэл. Я падымаўся ўжо, але падвяла, паехала па вільготнай траве правая нага, і я ледзь не торкнуўся ў дзірван носам, адначасова адчуўшы, як нешта апякло левы плячук вышэй ключыцы.Ганчаронак-Боўбель кінуў-такі нож, і, каб я не асклізнуўся, не тыцнуўся, нож гэты зараз стырчэў бы ў мяне з-пад левай лапаткі.Цяпер нож ляжаў на траве, і я падхапіў яго: усё ж нейкая зброя ў руках. Хаця што азначала тая зброя супраць пісталета?...І тут успыхнула вакол з дзесятак кішэнных ліхтароў, і я, аслеплены, убачыў толькі, як з адхону ўскінулася ў паветра доўгае, чорнае ў гэтым святле цела і нібы злілося з постаццю Высоцкага, насела на яго. Адначасова з гэтым ляснуў другі стрэл, які не трапіў у мяне толькі таму, што “фурман”, “возны”, ці як там яго, упаў. І сабака ўжо прыціснуў яго да зямлі і трымаў у пашчы ягонае правае запясце.У наступны момант яны пакаціліся па зямлі, і нічога ўжо не было разабраць. А я скочыў на Боўбеля. З нажом. Той прысеў, каб унікнуць удару, бо я ў гарачцы мог-такі паласнуць яго або ўсадзіць яму некуды нож па самую рукаятку.Ён зручна ўнікнуў нажа і тым самым вельмі зручна падставіў падбароддзе якраз пад маё калена, якім я не замарудзіў і лупянуць яго з усёй сілы, так, што аж ляснулі зубы і ён закінуўся дагары, усёй спінай і патыліцай прыпячатаў матку-зямлю.